Пятница, 20 июля 2018

В Пружанском районе началась заготовка березового сока

442

Вясна сёлета не спяшаецца. Тым не менш нарыхтоўку бярозавага соку ніхто не адмяняў. Хоць надвор’е на мінулым тыдні і не радавала цяплом, лясгас ужо прыступіў да падсочкі дрэў…. Указальнік «Бярозавы сок», часова ўстаноўлены па трасе на Ружаны, вядзе ў супрацьлеглы ад Белавусаўшчыны бок. Кіламетры два — і ты на месцы. Урочышча Смуга — так мясцовыя жыхары называюць адзін з выдзелаў 20-га квартала, які ўваходзіць у абход лесніка Пружанскага лясніцтва Пятра Чарвяка, — знаходзіцца непадалёку ад Кулікоў.
— Увогуле нарыхтоўка бярозавіку пачалася з 26 сакавіка, — расказвае Пётр Паўлавіч, — але па зразумелай прычыне бярозы «заплакалі» толькі ў сярэдзіне гэтага тыдня.
Нягледзячы на гэта, ляснік разам з сезонным работнікам Сяргеем Канановічам кантралююць справу і днём, і ноччу.
Яшчэ ў сераду мужчыны сумавалі, а ўжо ў чацвер чакалі пакупнікоў: як толькі пацяплела, пачаліся тэлефанаванні ад жыхароў Пружан, Бярозы — людзей, якія рэгулярна перапрацоўваюць сок для ўласных патрэб. Да слова, на гэтай дзялянцы сок збіраюць выключна для патрэб насельніцтва.
— Дарога пасля дажджоў, вядома, не ў самым лепшым стане, але спадзяёмся, што ўжо да заўтра яна падсохне і людзі пачнуць актыўней прыязджаць па сок.
Пётр Паўлавіч зазначае, што летась гэтая дзялянка была падсочана ўпершыню. Тады тут было рэалізавана крыху больш за шэсць тон напою. У той час, калі ў лесе непадалёку ад Шаней насельніцтва забірала па 10-12 тон. Немалаважным станоўчым фактарам, хутчэй за ўсё, была мінімальная блізкасць да трасы.
— Безумоўна, для зручнасці людзей узамен можна было знайсці больш блізкую да дарогі дзялянку. Мы нават разглядалі ў якасці такіх варыянтаў участкі лесу каля Купліно і Алішавічаў, адкуль да дарогі рукой падаць. Але нарматывы дазваляюць нарыхтоўваць сок толькі на тых дзялянках, на якіх не менш чым праз пяць гадоў запланавана высечка.
Ва ўрочышчы Смуга для атрымання як мінімум 13,5 тон спажыўнага напою (такая задача пастаўлена перад лесніком і яго памочнікам) было падсочана каля 400 бяроз.
Сёлета ў ДЛГУ «Пружанскі лясгас» працуе дзевяць пунктаў па нарыхтоўцы бярозавага соку. Як удакладніў інжынер па пабочным карыстанні Васіль Пуцыковіч, за сезон запланавана сабраць каля 380 тон соку, большая частка якога адправіцца на перапрацоўку на ААТ «Савушкін прадукт», вядомую гродзенскую фірму «АВС» і Пружанскі кансервавы завод. Наколькі рэальным для выканання акажацца гэтая задача, залежыць ужо толькі ад нябеснай канцылярыі: як вядома, калі рэзка ўстановіцца цяпло, на дрэвах пачнуць распускацца пупышкі — на гэтым нарыхтоўка спыніцца.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.

Один комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *