Понедельник, 10 декабря 2018

Встреча с птицами «при галстуках». Корреспондент делится впечатлениями от занятий в «Школе бёрдвотчера»

844

Першага красавіка, пакуль шчырыя веселуны вострымі жартамі і ўсмешкамі адзначалі вядомы шырокай публіцы Дзень смеху, у пружанскім парку сапраўдныя птушказнаўцы арыгінальным чынам святкавалі Міжнародны дзень птушак. Разам з вучнямі “Школы бёрдвотчара”, якая вось ужо месяц па серадах працуе на базе музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, сустракаў вясну і замілавана слухаў спевы “крылатых братоў” і журналіст “раёнкі”.
Амаль дзве гадзіны мы шпацыравалі па парку і за гэты параўнальна кароткі час з дапамогай прадстаўніка арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, вядомага ў вобласці арнітолага, выкладчыка “птушынай” школы Аляксандра Сербуна зрабілі шмат цікавых адкрыццяў. Але аб усім па парадку.
Перш чым пачаць знаёмства з таямнічым светам птушак, для такіх навічкоў, як я, быў праведзены своеасаблівы інструктаж. Так, так! Справа ў тым, што некаторыя з “вучняў” апрануліся ў досыць стракатае ружовае і ярка-чырвонае адзенне, а гэта значыць, што здалёк маглі налякаць птушак. Вось як! Аказваецца, спатканне з імі — гэта вам не бразільскі карнавал, а вельмі адказная справа, вырашаць якую трэба толькі ў шэра-чорных ці цёмна-зялёных касцюмах, амаль “пры гальштуках”.
Такім чынам, калі запомнілі ўсе парады кіраўніка і ўзброіліся “трафейнымі” біноклямі магутнасцю 10х40 (10 – кратнасць павелічэння, 40 — вугал агляду), якія Аляксандр для нас прадбачліва падрыхтаваў, мы ступілі на паркавую сцежку…
І тут пачалося. Практычна над галавой у нас з усіх бакоў рытмічна застукалі сярэдні і сірыйскі дзятлы, перад вачыма заміргацелі сінічкі, зяблікі і іншыя маленькія птушкі. “Ф’ю-ф’ю-ф’ю! Чык-чырык! Тррррр…Ціф-ціф-ціф”, — быццам віталі нас насельнікі парку, і нам адразу падалося, што мы хутка знойдзем з імі агульную мову.
— Не спакушайцеся, — умомант расчараваў нас Аляксандр. — Птушкі ведаюць сабе кошт. Такой “паліфаніяй” яны даюць нам зразумець, хто тут, у парку, сапраўдны гаспадар, і паведамляюць нязваным гасцям пра сваю прысутнасць!
— І што? Можа так атрымацца, што птушкі не дазволяць сябе зблізку разгледзець і нават сфатаграфаваць? — занепакоілася мая сяброўка, загадчыца экалагічнага аддзела цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ала Бралко.
— Супакойцеся, усё будзе добра. Мы абавязкова расчулім добрыя птушыныя сэрцайкі, — сказаў настаўнік. І ён меў рацыю.
Першымі нас уважылі пярэстыя зяблікі, па-іншаму берасцянкі. Якія ж яны вытанчаныя прыгажуні! Галоўкі сінявата-шэрыя, спінкі карычняватыя з зялёным адценнем, грудзі буравата-чырвоныя, а на крылах вялікія белыя плямы! А якія трэлі выводзяць гэтыя спявачкі! “Чуеце рэзкі росчырк на канцы “ф’юць-ф’юць…”? “Цюп-цюп” азначае, што яна ўзлятае, а “рум-рум” — непакоіцца, — з веданнем справы тлумачаць мне пружанскія бёрд-вотчары. Веру ім на слова.
Ідзём далей. На лістоўніцы заўважаем зелянушку з жоўтымi люстэркамi на крылах, якая спявае працяглай раскацістай трэллю: джуі-джык-джык… У гэты ж час перад вачыма пачынае скакаць з галінкі на галінку прыгожая сінічка-блакітніца. Прызнацца, яна ўразіла нас сваёй… картавасцю: цыцэртэ-тэ-тэ…
Падыходзім да іншага дрэва, а там — о, цуд! — “выступае” сапраўдны эквілібрыст па мянушцы попаўзень! Ой, далібог, спрытна перамяшчаўся ён па ствале ўніз галавой. Нават у мяне “закружылася” галава, і я вырашыла паглядзець на вяршыню дрэва: дык вось хто там стаіўся — дрозд-рабіннік!
— О, гэты ваяр-каланізатар быццам рыхтуецца да абстрэлу! Адыдзіце ўбок, — папярэджваюць мяне птушказнаўцы. — Ён можа кінуцца каменем уніз ці забрудзіць аддзенне!
А мы не ганарлівыя, зразумела, адышлі і ўсю ўвагу пераключылі на суседняе дрэва. Можа, і здарма: там, між галінак, на вяроўцы хістаўся мёртвы грак. Небарака, напэўна, заблытаўся, калі хацеў зрабіць сабе новае гняздо. Нібы аддаючы дань павагі свайму чорнаму сябру, у вышыні над ім лятаў яшчэ больш чорны крумкач. Дарэчы, давялося нам разгледзець і яго гняздо. Калі хто пажадае яго ўбачыць, падкажу: рухайцеся па парку ў накірунку да вёскі Малыя Якавічы і там, сярод самых высокіх дрэў, абавязкова знойдзеце самую вялізную ў парку “люльку” для птушанят. А калі пашанцуе, то ўбачыце і саміх чорнагаловых гарэз…
У той дзень нам, сапраўды, пашанцавала: раскінуўшы крылы, луналі над намі і беласнежны лебедзь-шыпун, і шэры журавель, і нават балотны лунь з вышыні глядзеў на нас “ястрабам”. А калі ўжо вярталіся па яловай алеі, між ялінак хтосьці чхнуў. Квяк! Напэўна, вушастая сава. Яна чамусьці схавалася ад нас, але пакінутыя гэтаю начною птушкаю сляды жыццядзейнасці падказвалі нам, што яна тут…
Алена Зялевіч, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *