Понедельник, 10 декабря 2018

В Пружанах открылась гончарная мастерская. Спешите записаться на мастер-класс!

698

Прыемны пах сырой гліны і дзіўнае ціхае парыпванне з парога далі зразумець, што там, у глыбіні маленькага, на першы погляд, нічым не прыкметнага, паркавага флігеля, адбываецца нейкае чараўніцтва. Стаўшы на дыбачкі, з-за спін шматлікіх людзей, якія сабраліся ў фае, я здалёк сачыла за тым, як над глінай ужо пачаў шчыраваць сапраўдны ганчар:  без жалю ціснуў шэрыя камячкі, прышлёпваў і мяў… Лічаныя мінуты аддзялялі нас ад урачыстага адкрыцця ў флігелі ганчарнай майстэрні.

Як адзначыла ва  ўступным слове Алена Міхайлаўна Ляўчук, кіраўнік раённага экалагічнага грамадскага аб’яднання “Агратур”, якое і рэалізоўвала праект, такім чынам у Пружанах будзе адроджана забытае аўтэнтычнае рамяство нашага славутага пружанскага ганчара Антона Такарэўскага. Нядзіўна, што права перарэзаць чырвоную стужку Алена Міхайлаўна перадала нявестцы майстра Яўгеніі Мікалаеўне Такарэўскай і яшчэ аднаму ганароваму госцю імпрэзы — кіраўніку ініцыятыўнай групы па тэрытарыяльна-арыентаваным развіцці, галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.І. Пура.

— Пружаншчыне пашанцавала: у 2016 годзе мы сталі пілотным раёнам па рэалізацыі праекта ЕС ПРААН, у рамках якога за мінулы год ужо было рэалізавана пяць мясцовых ініцыятыў, — у сваёй прамове адзначыла Таццяна Іванаўна. — У парку з’явіліся трыбуны амфітэатра, у раённай бальніцы адкрыўся кабінет рэабілітацыі і прафілактыкі з сучасным абсталяваннем для аздараўлення, таксама пружанскія пенсіянеры атрымалі магчымасць вывучаць італьянскую мову і спасцігаць асновы камп‘ютарнай граматнасці, а ў Ружанскага музея з’явіўся свой сайт і арыгінальныя касцюмы для правядзення тэатралізаваных экскурсій. А вось сённяшняя, ужо шостая, ініцыятыва, магчыма, самая важная з усіх: дзякуючы ёй, спадзяёмся, мы зможам аднавіць унікальнае забытае рамяство, якім Пружаны славіліся калісьці на ўсю Еўропу.

Пра тое, як праходзіла гэтае развіццё і распаўсюджванне пружанскай чорназадымленай керамікі па ўсім свеце, а таксама аб самым вядомым пружанскім ганчару Антоне Такарэўскім прысутным расказаў адзін з ініцыятараў адраджэння ганчарства дырэктар музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Юрый Зялевіч. Аказваецца, на Пружаншчыне гэты старадаўні промысел вядомы ўжо больш за 600 гадоў, аб чым сведчаць археалагічныя раскопкі. Наш чарнаглянцавы задымлены посуд меў як простыя, так і вельмі вытанчаныя формы – пастаўляўся ў двары шляхцічаў, магнатаў і нават каралёў.

Адметна, што цікавасць наша кераміка выклікае і ў навуковым плане: як вызначылі падчас Першай сусветнай вайны нямецкія навукоўцы, яна паўтарае архаічныя формы старадаўняга посуду. Таксама немцы здзіўляліся і таму, што керамічная вытворчасць была пастаўлена ў Пружанах на прамысловую аснову. Нашы гарлякі, макотры, мялачкі, спарышы пастаўляліся нават  у Варшаву і далей у Еўропу, а разам з беларусамі, якія з’язджалі назаўжды з радзімы і бралі з сабой мясцовую кераміку як сімвал роднай зямлі, чорныя збанкі дасягалі нават Амерыкі.

Расказаў выступоўца і пра няўдалую спробу пружанскіх майстроў стварыць пасля Вялікай Айчыннай вайны арцель керамістаў: на жаль, савецкая ўлада была супраць прыватнай уласнасці, таму штучная кераміка паступова і была выціснута маштабнай прамысловай вытворчасцю. Усе ганчары, а іх у Пружанах у першай палове ХХ стагоддзя было каля 200, пакінулі сваё рамяство. Нязломленым застаўся толькі Антон Такарэўскі…. Ён быў з роду ганчароў, і ўсё, што перадавалася яму ад дзеда і бацькі, майстар занатаваў у сваіх работах, вялікая колькасць якіх, дарэчы, сёння захоўваецца ў фондах пружанскага музея. Адметна, што падчас адкрыцця майстэрні  нявестка ганчара Яўгенія Мікалаеўна перадала новыя экспанаты –ганаровыя граматы  і дыпломы Антона Такарэўскага.

Да афіцыйных і гістарычных прадмоў лірычных нотак дадала і малады майстар-кераміст Наталля Грыцко, ідэі і думкі якой увасобіліся ў гэтым праекце.

— Мне з дзяцінства падабаліся чорныя збанкі ў бабулі, магчыма, гэта і паўплывала на выбар маёй будучай прафесіі, – прызналася вядомая выпускніца Акадэміі мастацтваў, а сёння яшчэ і гаспадыня аграсядзі-бы ў вёсцы Залессе. — Так крыўдна, што да вайны ў Пружанах было некалькі сотняў ганчароў, а сёння нікога. Будзем спадзявацца, што, дзякуючы майстар-класам, якія мы будзем праводзіць ужо з красавіка ў флігелі, іх колькасць вернем, а то і прымножым. Не багі ж гаршкі абпальваюць! — на такой аптымістычнай ноце скончыла сваё выступленне Наталля і ў канцы прэзентавала прысутным макет дэкаратыўнай лаўкі, прысвечанай майстру. У хуткім часе яе плануецца ўсталяваць каля флігеля. Формай лаўка нагадвае птушку, тулава якой сімвалізуе горн (печ для абпалу), а дэкор крылаў цалкам перадае тыя ўзоры (“хвалі”, “сетачку”, “палосачкі”), якімі Такарэўскі ўпрыгожваў з любоўю свае глянцаваныя гаршкі. А маленькая птушка, якая нібы “прысела” на лаўку, – гэта вобраз яго душы, якая быццам прыляцела на свята і радуецца разам з усімі.

Услед за Грыцко сваімі  ўспамінамі з дзяцінства падзялілася і мясцовая паэтка Ніна Васільеўна Дыдышка, якая завітала на свята не з пустымі рукамі.

— Калі я прыехала ў Пружаны, а гэта быў 1978 год, то першае, што кінулася ў вочы — ганчарны рынак: вакол разаслана саломка і стаяць збанкі. З таго часу я і захавала гаршчэчак Такарэўскага, які сёння  хачу падараваць майстэрні, якая, спадзяюся, стане маленькай, але важнай часткай паўсядзённага жыцця пружанцаў, — выказала надзею паэтка і напрыканцы прачытала некалькі вершаў філасофскага характару пра людзей, якія ўсё жыццё імкнуцца да лепшай долі і радуюцца зменам, як дзеці.

Менавіта так радаваліся гледачы майстар-класу, які правёў для іх вядомы ў краіне кераміст, старшыня Брэсцкага аддзялення Саюза мастакоў Павел Рабаў. Ён прадэманстраваў публіцы магчымасці сучаснага ганчарнага электрычнага круга, які прыводзіцца ў дзеянне адным націскам нагі на педаль, і азнаёміў з усімі этапамі апрацоўкі гліны: “цэнтроўкай” (калі гліна прымінаецца і размяркоўваецца па крузе), праколваннем (фарміраваннем донца таўшчынёй 5-8 мм у залежнасці ад вышыні меркаванай пасудзіны) і фарміраваннем цыліндра.

— Нам сёння працаваць значна прасцей, чым старым майстрам: яны самастойна нарыхтоўвалі гліну, уручную пераціралі яе і ачышчалі ад розных прымесяў, а мы закупляем сыравіну ў краме. Акрамя таго, шчыра кажучы, мы ж — не вучні, а толькі рэканструктары, якія аднаўляюць гэты цяжкі промысел “усляпую”, па падручніках. У Такарэўскага былі іншыя рукі, свой почырк. Нават пальцы, колькі іх ні трэніруй, не дадуць нам паўтарыць за ім. А яго ўзоры — дык і ўвогуле прастор для даследавання мастацтвазнаўцаў: усе гэтыя зорачкі і хвалі — сапраўдныя руны, у якіх майстар зашыфраваў свае веды. Прашу не судзіць мяне строга, — сціпла папрасіў берасцейскі майстар, расцёр чарговы кавалачак гліны і працягнуў, але ўжо моўчкі, тварыць чараўніцтва. У выкананні выдатнага дуэта — скрыпачкі Юліі Сядовай і кларнетыста Сяргея Більшэвіча – меладычна загучала “Купалінка”, і паслухмяная гліна, “тупнуўшы” гучна ножкай па ганчарным крузе, пусцілася ў пляс ва ўмелых руках ганчара.

Даведка

Адкрыццё ганчарнай  майстэрні стала магчымым, дзякуючы мясцовай ініцыятыве «Адраджэнне аўтэнтычнага рамяства керамікі як каталізатара развіцця камернага турызму на Пружаншчыне» ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.

P.S. Калі вы жадаеце запісацца на майстар-клас, тэлефануйце па нумары
8(044)746-08-57 (Наталля).

Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *