Воскресенье, 22 апреля 2018

В турнире «Беловежская пуща» победило минское «Динамо». Приз зрительских симпатий достался нашей Любаше!

576

У мінулыя выхадныя ў Лядовым палацы ў Пружанах праходзіў Міжнародны дзіцячы турнір па хакеі «Белавежская пушча-2018». Гэтыя спаборніцтвы ў нашым горадзе — ужо дванаццатыя па ліку. Удзел у іх бралі юныя хакеісты 2009-2010 гг. нараджэння.

Сёлетні турнір істотна адрозніваўся ад мінулагодняга. Так, калі летась за перамогу змагалася толькі пяць каманд, то цяпер — восем. У бягучым годзе ўсе калектывы мелі беларускую «прапіску» (летась выступала каманда з Луцка). Сёлета значна пашырылася геаграфія каманд-удзельніц: на лёд выйшлі дружыны з Мінска, Салігорска, Ліды, Маладзечна, Брэста, Кобрына, Баранавіч, Пружан.

Падчас урачыстага адкрыцця турніру да хакеістаў і балельшчыкаў звярнуўся з прамовай галоўны спецыяліст сектара па вучэбна-выхаваўчай рабоце аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А.Л.Лапыка. Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах уручылі капітанам каманд ад пружанскай зямлі хлебныя караваі.

Турнір праводзіўся па кругавой сістэме. Кожная каманда правяла па сем гульняў. Большасць з іх насіла бескампрамісны характар. Паказальнай у гэтым сэнсе стала апошняя гульня турніру паміж ХК «Баранавічы» і «АДЮСШ» (Брэст), якая ўжо не ўплывала на размеркаванне месцаў у тройцы прызёраў. Па ходзе сустрэчы каманда з Брэста вяла з лікам 5:1, але юныя хакеісты з Баранавіч здолелі не толькі адыграцца, але і перамагчы — 7:6.

Па выніках спаборніцтваў першае месца заслужана дасталася сталічным хакеістам з каманды «Дынама-2», якія не пацярпелі ніводнага паражэння і толькі адну сустрэчу з камандай ДЮСШ «Ліда» завяршылі ўнічыю — 3:3.

Адразу два калектывы набралі па 9 ачкоў. Па дадатковых паказчыках другое месца занялі хакеісты ДЮСШ «Ліда», а трэцяе — «Вікінгі» з Маладзечна.

Што датычыцца выступлення каманды ДЮСШ (Пружаны), то нашы юныя хакеісты здолелі набраць толькі адно ачко, згуляўшы ўнічыю з ХК «Баранавічы» — 2:2. У астатніх шасці матчах наша каманда саступіла сапернікам. Самае адчувальнае паражэнне з лікам 1:7 было зафіксавана ў гульні з «Вікінгамі» з Маладзечна. У выніку юныя пружанскія хакеісты занялі на турніры апошняе восьмае месца.

Падчас закрыцця турніру сваё майстэрства хакеістам і балельшчыкам прадэманстравалі выхаванкі пружанскай школы фігурнага катання Ульяна Хадаровіч і Анастасія Белавус.

Дырэктар ДЮСШ №2 А.В. Шаманаў і А.Л.Лапыка лепшым камандам уручылі кубкі і медалі. Спецыяльныя прызы атрымалі лепшыя хакеісты ў кожнай з каманд, а таксама ў кожным з гульнявых амплуа. Прыз глядацкіх сімпатый атрымала Любоў Лагада, дзяўчынка, якая гуляла за пружанскую каманду. Яраслаў Халько з каманды ХК «Баранавічы» быў узнагароджаны падарункам як лепшы бамбардзір турніру.

Мікола АРХУЦІК,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *