Вторник, 19 марта 2024

Бывший комендант «Вискулей»: «Обсудили втроем, а голова и до этого времени болит у миллионов»

1 041

“Абмеркавалі ўтрох, а галава да гэтага часу баліць у мільёнаў?” — са скупой усмешкай сустрэў мяне 83-гадовы былы камендант “Віскулёў” Сцяпан Іосіфавіч Мартысюк. І дае зразумець, што пра тыя сур’ёзныя падзеі, калі была пастаўлена кропка ў існаванні Савецкага Саюза, нават сёння, праз амаль тры дзясяткі гадоў, ён гатовы ўспамінаць, толькі заправіўшыся невялікай порцыяй гумару.

— Сёння шмат гавораць пра той час: адны даказваюць, што СССР “памёр” яшчэ да белавежскіх падзей, а ў “Віскулях” толькі зафіксавалі факт яго “смерці”, і такім чынам нібыта быў папярэджаны магчымы крывавы сцэнарый распаду “Чырвонай імперыі”. Іншыя тое, што здарылася, называюць страшнай авантурай, якая прывяла да геапалітычнай катастрофы сусветнага маштабу. Ніхто, і я ў тым ліку, да канца не ведае праўды: у кожнага яна свая, і навязваць яе каму б там ні было не варта.

— Сцяпан Іосіфавіч, давайце з самага пачатку. Як Вы думаеце: чаму для такога важнага мерапрыемства была абраная практычна нікому не вядомая ў той час паляўнічая рэзідэнцыя?

— Па-мойму, усё лагічна і ў чымсьці нават сімвалічна: Белавежская пушча — асаблівае месца, месца свабоды, не звязанае з канкрэтнай дзяржавай. Акрамя таго, у сусветнай гісторыі часта здараліся такія падзеі, пасля якіх забытыя мястэчкі або малыя гарады траплялі ў энцыклапедыі і летапісы. Так “пашанцавала” і нашым “Віскулям”, хрушчоўскай дачы, як называюць яе мясцовыя старыя. У свой час Мікіта Сяргеевіч, заўзяты паляўнічы, добра пагасціўшы ў 1957 годзе ў югаслаўскага лідара Іосіфа Ціта ў яго паляўнічай рэзідэнцыі, загадаў пабудаваць падобную ў Белавежскай пушчы і праз паўгода ўжо прыехаў сюды паляваць.

— Вы добра памятаеце прыезд яшчэ таго кіраўніка?

— Не, што Вы! Я працаваў камендантам “Віскулёў” толькі апошнія восем гадоў свайго працоўнага шляху — з 1988 па 1996 год, але, у цэлым, уся мая біяграфія звязана з пушчай. Пасля вучобы ў Мінскім тэхналагічным інстытуце па спецыяльнасці “лясная гаспадарка” я некалькі гадоў працаваў у Перароўскім лясніцтве майстрам, пазней — памочнікам ляснічага, а ў 1963 годзе стаў ляснічым. Памятаю толькі, як у 1964 годзе прыязджаў Генеральны сакратар Брэжнеў.

Калі лясніцтва закрылі, у сакавіку 1988 — роўна 30 гадоў таму! — мяне перавялі ў “Віскулі”. І скончылася спакойнае жыццё. Даводзілася ў літаральным сэнсе слова начаваць на працоўным месцы: візіты вышэйшых службовых асоб БССР і гасцей з сацлагера былі даволі частымі.

— Але той снежаньскі візіт 1991 года, напэўна, запомнілі больш за астатнія? Кажуць, што ён быў спантанным і нечаканым для ўсіх.

— Нічога падобнага! Нам патэлефанавалі загадзя, і ўвечары 6 снежня мы ўжо сустракалі прадстаўнікоў Саўміна і ахоўнікаў Ельцына і Краўчука. Стаяў 20-градусны мароз, снегу намяло па калена! Усе дарожкі расчышчалі ўручную. Мая функцыя заключалася ў тым, каб рассяліць людзей, а колькі іх будзе, да апошняга не ведалі. Адно скажу: такога наплыву гасцей на маёй памяці “Віскулі” не ведалі ні да, ні пасля.

Расійскаму і ўкраінскаму кіраўніцтву выдзелілі лепшыя спальныя нумары галоўнага корпуса, беларускую дэлегацыю і больш дробных прадстаўнікоў дэлегацыі РСФСР пасялілі ў адзін з катэджаў, а журналістаў адправілі ў Камянюкі. А 7 снежня прыехалі кіраўнікі: першымі — Шушкевіч з Кебічам, потым — Краўчук з Фокіным (асабіста мяне з імі ніхто не знаёміў). У той жа дзень украінцы рызыкнулі адправіцца на паляванне, і Фокіну пашанцавала: застрэліў дзіка.

Ельцын прыехаў ужо бліжэй да вечара. Мабыць, у Мінску добра паабедаў: з машыны яго выводзілі пад рукі. Я сустракаў яго ў дзвярах. Барыс Мікалаевіч кіўнуў мне галавою — і адразу ў нумар. Толькі праз некалькі гадзін ён з‘явіўся зноў.

— Выходзіць, маюць рацыю тыя, хто сцвярджае, што Белавежскія пагадненні фармуляваліся не на цвярозую галаву?

— Не зусім так. Увечары 7 снежня госці ўчынілі за наш, беларускі, кошт шыкоўны банкет — з гарэлкай, каньяком, ікрой і балыком, але п’яным быў адзін Ельцын! На наступны дзень, 8 снежня, пачалася новая гісторыя. Усе былі пры здаровым розуме і з раніцы стварылі сапраўды рабочую атмасферу. Паснедаўшы, ганаровыя госці прайшлі ў більярдную залу, дзе былі падрыхтаваны сталы для пасяджэння. Абмеркаванне праходзіла ў закрытым фармаце, і ўсё пісалася ад рукі. Пісалі, выпраўлялі, мянялі і ўдакладнялі фармулёўкі. Потым выйшлі, зрабілі прэс-канферэнцыю для журналістаў хвілін на дзесяць і сышлі на абед. Паабедалі і зноў засядалі. Калі быў гатовы першы рукапісны варыянт пагаднення, аператыўна з Камянюк даставілі сакратара-машыністку разам з друкарскім агрэгатам з прыёмнай дырэктара “Белавежскай пушчы”. Недзе каля 16.00 зрабілі адпаведную заяву і па факсе ўсяму свету перадалі канчатковы варыянт пагаднення. На гэтым уся працэдура развалу Саюза скончылася.

— Раз яны не ўзялі з сабой ні сакратара, ні машынку, магчыма, да апошняга сумняваліся, ці змогуць літаральна адным росчыркам пяра вырашыць лёс велізарнай краіны?

— Падрабязнасцей не ведаю, але “цуд” адбыўся: Савецкі Саюз быў скасаваны, і стварылася новая арганізацыя — Садружнасць Незалежных Дзяржаў.

Краўчук хутка сабраўся і, не чакаючы вячэры, з Фокіным паляцеў у Кіеў. Ельцын з Бурбулісам і наш Шушкевіч з Кебічам ціха павячэралі і моўчкі разышліся па нумарах.

— Сёння некаторыя сцвярджаюць, што першым пра развал СССР даведаўся зусім не Гарбачоў, а прэзідэнт ЗША…

— Я чуў толькі, як Ельцын увечары гаварыў Бушу, што Саюз распаўся. Іх тэлефонная размова доўжылася каля гадзіны. І дзесьці пасля 23.00 Барыс Мікалаевіч паляцеў у Маскву.

— Размова з Бушам: ці не насцярожвала яна?

— Не ведаю. У цэлым, ні Ельцын, ні Шушкевіч, ні Краўчук не выклікалі ў мяне даверу. Ельцына я ўбачыў тады ўпершыню. Шушкевіч прыязджаў і раней. Я назіраў за ім у більярднай, калі ён гуляў з набліжанымі. Пагардлівы, як сапраўдны польскі ганарысты пан. Краўчук быў больш стрыманым, праўда, вельмі карэктным з усімі. Таксама ён запомніўся сваёй асаблівай ахайнасцю. Самым чалавечным і добразычлівым сярод іх быў Вячаслаў Кебіч. Запрашаў усіх пасядзець з ім за сталом, цікавіўся нашымі буднямі, жыццём простых людзей.

— Але нават і ў яго не завагалася рука, падпісваючы апошняе пагадненне ў гісторыі Савецкага Саюза! Скажыце, як Вам здаецца з вышыні пражытых гадоў: ці правільным было развальваць Саюз, каб жыць у незалежнай краіне?

— Не ведаю, што тады было ў кіраўнікоў на душы, але для нас развал краіны стаў вялікай нечаканасцю. Мы да канца не ўсведамлялі, што адбылося, але адчувалі нейкі негатыў ад тых падзей. Ніхто не ведаў, што нас чакае, якая расстаноўка сіл на сусветнай арэне будзе пасля гэтага падпісання. Што нам гэта дало? Разваліць развалілі, але не прадумалі, як утрымаць эканоміку. У Саюзе дрэнна жыў толькі той, хто не хацеў працаваць і вельмі шмат піў. Адны законы былі для ўсіх. Усе жылі ў сяброўстве і згодзе, не галадалі і ведалі, што заўтрашні дзень будзе лепшы за папярэдні. Бясплатна вучылі, бясплатна лячылі. Гадоў дзесяць пасля развалу прайшло, пакуль нешта стала стабілізавацца, а спачатку — жах! Людзі засталіся без справы, без працы, без грошай. Увялі картачную сістэму, крамы былі пустыя, банкаўскія ўклады ўсе прапалі. У мяне быў уклад у сем тысяч, а вярнулі столькі, што за гэтыя грошы змог купіць толькі палку каўбасы ды бутэльку гарэлкі…

— У такім выпадку, Вас, напэўна, парадаваў той факт, што па выніках рэферэндуму 1995 года ў Беларусі, адзінай з рэспублік СССР, была практычна цалкам адноўлена савецкая сімволіка — сцяг і герб?

— Але тую краіну гэта ўжо не верне. Гісторыю не перапішаш некалькі разоў. Гэта вам не маленькае, у некалькі радкоў, пагадненне. Можа, і добра, што чарніла ў тых самых ручках наваспечаных кіраўнікоў ужо даўно высахла ды тую друкарскую машынку практычна за бясцэнак купіў нейкі расіянін. Нават здымак з прэс-канферэнцыі 8 снежня 1991 года, дзе я трапіў у кадр, у мяне не захаваўся. Нішто не хоча нагадваць пра тыя сумныя падзеі.

Гутарыла Алена Зялевіч.

Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА і з архіва С.І. Мартысюка.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *