Воскресенье, 22 апреля 2018

Когда огонь научит? Подразделения МЧС уже 11 раз выезжали на тушение травы

241

З надыходам цяпла населеныя пункты нашага раёна пераўтварыліся ў сапраўдныя «франты», зацягнутыя дымам з чорнымі плямамі спаленай зямлі. Так вяскоўцы, а таксама гараджане, якія жывуць у прыватным сектары, праводзяць добраўпарадкаванне навакольных тэрыторый. На жаль, не ўсюды такія работы заканчваюцца паспяхова: ужо зафіксаваны пажары, якія знішчылі дамы і хлявы. Да слова, у мінулыя гады не абыходзілася і без гібелі людзей.

Разам з супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях інжынерам інспекцыі нагляду і прафілактыкі Сяргеем Клімовічам і старшым інспектарам групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Вольгай Ліпко мы правялі рэйд па вёсках нашага раёна, каб паглядзець, як людзі выконваюць правілы супрацьпажарнай бяспекі. Нагадаем, што спальваць смецце на сваім падворку заканадаўча ніхто не забараняе. Аднак рабіць гэта трэба, выконваючы наступныя правілы супрацьпажарнай бяспекі:

— ніколі не распальваць вогнішча, калі ад ветру калышуцца галіны дрэў, а значыць, яго хуткасць перавышае 5 метраў у секунду;

— раскладваць кастры можна толькі на адпаведнай адлегласці ад аб’ектаў — ад 5 да 15 метраў;

— увесь час, пакуль гарыць агонь, знаходзіцца каля яго і кантраляваць працэс;

— у якасці першасных сродкаў пажаратушэння пры сабе мець рыдлёўку і вядро з вадой.

Дык вось гэтыя патрабаванні з усіх, хто спальваў сухую траву і лісце ў г.п.Шарашэва, у вёсках Вялікае Сяло, Пацынічы, Мурава, Навасёлкі, Бакуны-1, у якіх мы пабывалі падчас рэйда, ведалі і выконвалі толькі тыя, хто раней быў аштрафаваны за іх парушэнне або ўжо «навучаны агнём».

З веданнем справы займаўся добраўпарадкаваннем свайго двара жыхар г.п.Шарашэва Аляксей Іванавіч, які развёў вогнішча каля невялікага вадаёма, а «пад рукой» трымаў і рыдлёўку, і вядро. Высветлілася, што пажылы чалавек — ветэран пажарнай службы, які сам дзевяць гадоў змагаўся з падобнымі пажарамі ў пасёлку і наваколлі.

— На свае вочы бачыў, як, здавалася б, бясшкодны касцёр пераўтвараўся ў страшэннага вогненнага звера, які за кароткі час літаральна «з’ядаў» дамы, хлявы і гектары лесу. Лепш выконваць устаноўленыя правілы, якія, як кажуць, напісаны сапраўднай бядой, — кажа ён.

Але ж такіх людзей, як Аляксей Іванавіч, мы ўбачылі нямнога: пераважная большасць усё роўна наводзіць парадак з дапамогай агню па сваіх «правілах». Часта даводзілася чуць: «мой касцёр невялікі», «дык ветру ж няма» і таму падобнае.

Напрыклад, жыхар вёскі Вялікае Сяло сапраўды знаходзіўся каля кастра, у якім спальваў сухую траву і галіны. Аднак побач не меў ні рыдлёўкі, ні вядра з вадой.

— Усё ёсць: вада вось у хаце, а за рыдлёўкай я магу хутка ў хлеў збегаць, — апраўдваецца домаўладальнік. Праводзім эксперымент — і ён за пяць хвілін усё гэта прыносіць. Вось толькі ў надзвычайнай сітуацыі нават адна хвіліна становіцца вельмі каштоўнай.

Пра гэта дакладна ведаюць жыхары в.Пацынічы, на ўскрайку якой невядомы падпаліў вывезенае смецце, а потым з’ехаў. Агонь разгарэўся так, што стаў пагражаць крайнім хатам. Вяскоўцы выклікалі пажарных і самі кінуліся тушыць пажар, з якім справіліся да прыезду падраздзяленняў МНС. Вось толькі не заўсёды ўсё заканчваецца так паспяхова. Можна з упэўненасцю сказаць, што падчас рэйда супрацоўнікі папярэдзілі некалькі пажараў. У вёсцы Бакуны-1, напрыклад, дзве гаспадыні наводзілі парадак каля сваіх дамоў і развялі ажно шэсць кастроў, за якімі, як сцвярджалі жанчыны, яны вядуць пільны кантроль. Некаторыя вогнішчы расклалі літаральна пад дрэвамі, яшчэ пару — каля слупоў электраперадач. Словам, руплівыя гаспадыні парушылі ўсе магчымыя правілы і праігнаравалі папярэджанні. Прычым рабілі гэта не ў першы раз, бо з другога боку іх сядзіб каля трох сотак зямлі ўжо былі пакрытыя чорным попелам.

А як можна патлумачыць тое, што зрабіў жыхар в.Навасёлкі, які непасрэдна каля свайго гаража сабраў вялікую кучу сухога смецця і падпаліў яго? «Дык у мяне гараж цагляны»,— тлумачыць мужчына, забыўшыся, што дах у збудавання драўляны. А яму хопіць і адной іскры, каб разгулялася полымя. А побач — драўляны суседскі дом, дровы і хлеў. А за чатыры метры ад кастра — дзіцячая каляска…

*

За першы цёплы тыдзень сакавіка падраздзяленні МНС 11 разоў выязджалі на тушэнне сухога смецця і травы, а гэта прыкладна двойчы на дзень. Да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў развядзення кастроў прыцягнуты шэсць чалавек, якія атрымалі штрафы да 30 базавых велічынь.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *