Среда, 19 сентября 2018

Финал «Золотой шайбы» завершился в Пружанах. Победа снова у лельчицкого «Альянса»

637

На працягу трох дзён у Лядовым палацы ў Пружанах працягваліся рэспубліканскія фінальныя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у дывізіёне «Б» у старэйшай узроставай групе. За перамогу змагаліся каманды гарадоў і раёнаў, якія не маюць збудаванняў са штучным лёдам.

Падчас урачыстага адкрыцця турніру да юных хакеістаў звярнуўся намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь М.П.Партной. Ён зачытаў удзельнікам спаборніцтваў зварот ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі. Перад прысутнымі таксама выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец і сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 1980 года ў Маскве, трохразовы чэмпіён Еўропы Б.В.Ісачэнка.

Хакеісты і балельшчыкі, якія амаль цалкам запоўнілі трыбуны, мінутай маўчання ўшанавалі памяць загінулых у расійскім горадзе Кемерава, у гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня».

Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах паднеслі капітанам каманд караваі ад пружанскай зямлі.

На першым этапе турніру каманды выяўлялі мацнейшых у дзвюх групах. У групе «А» гулялі «Арляняты» (Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць), «Унікум» (Барысаўскі раён, Мінская вобласць), «Прыбужжа» (Брэсцкі раён, Брэсцкая вобласць), а ў групе «Б» — «Прамень» (Гарадоцкі раён, Віцебская вобласць), «Альянс» (Лельчыцкі раён, Гомельская вобласць), «Кадзіна» (Магілёўскі раён, Магілёўская вобласць).

Па выніках групавога турніру па дзве перамогі ў дзвюх сустрэчах атрымалі каманды «Арляняты» і «Альянс», па адной — «Унікум» і «Кадзіна». А вось «Прыбужжа» і «Прамень» на першым этапе не набралі ніводнага ачка. Прычым «Прыбужжа» двойчы саступіла сваім сапернікам з непрыстойным лікам 0:20 і 0:27. А ў барацьбе за 5-6 месца прадстаўнікі брэстчыны былі разгромлены «Промнем» — 1:10. Пасля такога паўстаюць лагічныя пытанні: ці патрэбны нам такі хакей? І навошта траўміраваць псіхіку юных хакеістаў?

Па выніках спаборніцтваў трэцяе месца дасталося хакеістам дружыны «Унікум», якія перагулялі «Кадзіна» з лікам 10:4.

У вырашальным матчы на лядовай пляцоўцы сышліся «Арляняты» і «Альянс». Па ходзе сустрэчы «Альянс» вёў з лікам 3:0, але хакеісты «Арлянятаў» пры гарачай падтрымцы сваіх балельшчыкаў, якія прыехалі ў Пружаны з вёскі Орля Шчучынскага раёна, здолелі аднавіць раўнавагу — 3:3. У авертайме гледачы не ўбачылі закінутых шайбаў. Пераможцу турніру давялося выяўляць у серыі пасляматчавых булітаў. Больш удала іх выканалі хлопцы з каманды «Альянс», якія і сталі ўладальнікамі галоўнага прыза. Дарэчы, гэта каманда стала лепшай другі год запар.

Па выніках спаборніцтваў падчас урачыстага закрыцця спецыяльнымі прызамі былі адзначаны лепшы варатар, абаронца і нападаючы. Прыз атрымаў і Дзмітрый Касцюк з каманды «Арляняты», які стаў лепшым бамбардзірам.    

Каманда-пераможца і прызёры былі ўзнагароджаны кубкамі, медалямі, граматамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, асабістымі падарункамі.

Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *