Воскресенье, 22 апреля 2018

Сама себе хозяйка. Еще одна история о том, как субсидия от центра занятости помогла открыть свое дело

762

Наша дзяржава практычна ўсім гарантуе магчымасць вучыцца з будучым працаўладкаваннем. Але не варта блытаць гарантыю падтрымкі з абавязкам: маўляў, калі навучылі, то цяпер дайце работу. Калі выбар будучай прафесіі быў зроблены свядома, з улікам запатрабаванасці на сучасным рынку працы, калі падчас вучобы ва ўніверсітэце ў поўным аб’ёме засвоены неабходныя веды і навыкі, то працаўладкавацца будзе нескладана. Пацвярджэннем гэтаму можна лічыць і прыклад Іны Касьян, якая яшчэ падчас вучобы ў школе марыла аб уласным швейным атэлье. Таму свядома выбірала будучую прафесію: калі закончыла дзевяць класаў, паступіла ў каледж на мадэльера-канструктара і тэхніка-тэхнолага швейнай вытворчасці, а пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі адразу пайшла вучыцца на інжынера такой жа спецыялізацыі.

— Адразу ажыццявіць задуманае не ўдалося па жыццёвых абставінах: быў працяглы перапынак на адпачынак па доглядзе за дзіцём,— расказвае Іна.— Але як толькі надышоў момант вырашацца, то пачала здзяйсняць сваю мару.

Як успамінае цяпер ужо індывідуальная прадпрымальніца, пачынаць было вельмі складана і, безумоўна, страшна. У многім значны штуршок да рэалізацыі планаў даў прыклад сяброўкі Ганны Шпарла, пра адкрыццё ўласнага бізнесу якой ужо пісала «раёнка». Менавіта па пратаптанай іншымі сцяжынцы і пайшла дзяўчына — звярнулася па дапамогу ў раённую службу занятасці.

— Карыстаючыся момантам, хачу выказаць праз газету спецыялістам аддзела вялікую ўдзячнасць за аказаную падтрымку і словам, і справай,— гаворыць пачынаючая прадпрымальніца.— Падказалі, з чаго неабходна пачынаць, як рабіць першыя крокі. Накіравалі на курсы па навучанні асновам вядзення бізнесу. Словам, багаж ведаў далі значны.

Варта сказаць і пра матэрыяльную падтрымку пачынання. З улікам таго, што І.І.Касьян афіцыйна зарэгістравана беспрацоўнай у гарадской мясцовасці, то субсідыя была выдзелена ў памеры 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. З аднаго боку, такую суму наўрад ці можна назваць істотнай, але для «старту» пры правільнай ацэнцы сваіх магчымасцей хопіць на многае.

— Я не проста марыла адкрыць уласнае атэлье, а паступова ішла да рэалізацыі задуманага. Напрыклад, пакрыху набывала неабходнае абсталяванне, а на атрыманую субсідыю істотна павысі-ла ўзровень аснашчанасці сваёй майстэрні.

Выдзеленых сродкаў прадпрымальніцы хапіла на набыццё прафесійнай (прамысловай) швейнай машынкі, часткова мэблі і расходных матэрыялаў. Гэта дало магчымасць на сённяшні дзень аказваць даволі шырокі спектр паслуг. Напрыклад, цяпер маладая швачка можа брацца не толькі за рамонт адзення, але і за праектаванне, і пашыў новых убораў з усіх відаў швейных матэрыялаў, а таксама можа займацца ўстаноўкай фурнітуры: розных відаў кнопак, люверсаў і іншага. Па сілах ёй нават шыць верхняе адзенне — курткі і па-літо.

Выраб сукенак і касцюмаў І.І.Касьян падабаецца больш, бо ў такой рабоце неабходна падключаць фантазію. І хаця адна мадэль на этапе «малюнка» можа адняць шмат часу, дзяўчыну гэта не палохае. Тым больш што падрыхтавалася яна на належным узроўні. Да прыкладу, заключыла дамовы з буйнымі пастаўшчыкамі тканіны і фурнітуры, зрабіла аптовыя закупкі розных іх варыянтаў, падрыхтавала каталогі. Асабліва дзяўчыну зацягвае праектаванне дзіцячага адзення, прычым для яго пашыву выкарыстоўвае толькі якасную сыравіну.

Разам з тым Іна прызнаецца, што ўласны бізнес — не «сінекура»: тут грошы проста так не даюцца, на кожным кроку даводзіцца пераадольваць розныя перашкоды і праходзіць выпрабаванні. Апошніх, на думку майстрыхі, магло б быць і менш. Напрыклад, складана ў такіх невялікіх гарадах, як Пружаны, вырашаць пытанне з арэндай падыходзячага памяшкання, якое прадпрымальніца адшукала ў сіці-цэнтры «Наш дом». На думку І.І.Касьян, варта было б зрабіць для пачынаючых прадпрымальнікаў і падатковую палёгку.

Але паступова складанасці становяцца больш звыклымі, пераадольваць іх з цягам часу ўжо лягчэй. Таму дзяўчына ўпэўнена ў правільным выбары свайго лёсу, бо гэта для яе — усвядомленая праца па душы.

Субсідыі на адкрыццё ўласнай справы раённай службай занятасці выдзяляюцца толькі на такія віды дзейнасці, якія з’яўляюцца важнымі для Пружаншчыны.

У 2017 годзе такую дапамогу атрымалі тыя, хто вырашыў заняцца аказаннем паслуг па пашыве і рамонце адзення, тэхнічным абслугоў-ваннем і рамонтам аўтамабіляў, касметалагічнымі паслугамі, сталярнымі і цяслярнымі работамі і іншымі відамі дзейнасці.

Алег СІДАРЭНКА,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *