Понедельник, 10 декабря 2018

На областном отборочном конкурсе «WorldSkills Belarus 2018» в обеих номинациях победили учащиеся колледжа

792

На базе Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа нядаўна прайшоў адборачны абласны конкурс прафесійнага майстэрства. Праводзіцца ён у рамках III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Нацыянальны чэмпіянат WorldSkills Belarus 2018».
Спаборнічалі канкурсанты ў дзвюх намінацыях: «Аграномія» і «Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын». Удзельнікі на практыцы павінны былі паказаць свае веды, якія атрымалі падчас тэарэтычных і практычных заняткаў. Пры гэтым ад канкурсантаў патрабавалася і выкананне правілаў тэхнікі бяспекі.
У намінацыі «Аграномія» на перамогу разлічвалі два прэтэндэнты: Дзмітрый Дакучыц, навучэнец Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, і Антон Рыжук, навучэнец Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Ацэньвала канкурсантаў кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі кандыдаты сельскагаспадарчых навук: А.М.Чырко, вучоны сакратар абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі, А.В.Поух, старшы навуковы супрацоўнік абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі, І.І.Гаманчук, начальнік раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, а таксама Н.І.Шумская, загадчыца кабінета абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі.
Конкурс у аграномаў доўжыўся каля пяці гадзін. За гэты час удзельнікі павінны былі справіцца з шасцю заданнямі: вызначыць мінеральныя ўгнаенні, даць ацэнку фітасанітарнаму стану пасеваў, вызначыць па марфалагічных адзнаках травы, скласці травасумесі, вызначыць пасяўную якасць насення, зрабіць прышчэпку пладовых раслін.
У намінацыі «Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын» спаборнічалі студэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрый Белавус і навучэнец нашага каледжа Іван Якута. Веды і здольнасці юнакоў ацэньвала журы ў складзе Д.М.Жогала, намесніка дырэктара ААТ «Пружанскі льнозавод», А.І.Найбіча, галоўнага механіка ААТ «Пружанскі льнозавод», А.М.Ката, начальніка аддзела продажаў ТАА «Снабдеталь», Н.І.Шумскай, загадчыцы кабінета абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі.
Тут канкурсантам было прапанавана тры заданні: правесці рэгуліроўку плуга на зададзеную глыбіню ворыва, правесці рэгуліроўку паліўнай апаратуры, а таксама газаразмеркавальнага механізма рухавіка Д-260.
Падчас падвядзення вынікаў конкурсу былі названы імёны пераможцаў. Імі сталі навучэнцы нашага каледжа Антон Рыжук і Іван Якута. Усе ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі і памятныя падарункі.Дарэчы, падобны конкурс на базе Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа ладзіўся ўпершыню, але, па меркаванні ўсіх тых, хто быў задзейнічаны ў яго падрыхтоўцы і правядзенні, прайшоў ён на належным узроўні.
Цяпер Антон Рыжук і Іван Якута  будуць абараняць гонар Брэсцкай вобласці на аналагічным рэспубліканскім конкурсе, які пройдзе ў маі ў горадзе Мінску.
Мікола АРХУЦІК, фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *