Среда, 19 сентября 2018

Дмитрий Шульман: «Возвращайтесь к родным корням!»

1 372

З’яўляючыся паспяховым маскоўскім бізнэсмэнам і вядомым  мецэнатам, Дзмітрый Міхайлавіч Шульман адчувае вельмі цёплыя пачуцці літаральна да кожнага кутка нашага горада, дзе прайшло яго дзяцінства. У Пружанах пад кіраўніцтвам чулых бацькоў былі зроблены першыя свядомыя крокі ў дарослае жыццё. Пра тое, што для яго малая радзіма і як ён беражэ памяць пра яе, наш зямляк расказаў нашай газеце.

— Малая радзіма, Вялікая радзіма… У гэтых выразах адчуваецца нейкая супярэчлівасць: не можа ў чалавека быць дзве Радзімы. Яна, як маці, адна. І як бы ні складваліся жыццёвыя абставіны, якія прымушаюць нас мяняць месца жыхарства, Радзіма застаецца з намі назаўжды. Я большую частку жыцця пражыў за межамі Беларусі: 20 гадоў — на Сахаліне, а апошнюю чвэрць стагоддзя — у Маскве, але да гэтага часу не лічу і не хачу лічыць сябе масквічом. Я — чалавек, які нарадзіўся і вырас у маленькім беларускім мястэчку, і дзеля нейкіх “маскоўскіх” прэферэнцый адмаўляцца ад гэтага факта не буду. У цэлым, як вольны касмапаліт, я не дзялю людзей па месцы пражывання, нацыянальнай і рэлігійнай прыкметах, але не гатовы зразумець тых, хто саромеецца свайго паходжання. Нельга губляць сваю індывідуальнасць, трэба мець у сабе ўнутраны стрыжань, каб з гонарам сказаць: я нарадзіўся ў маленькім горадзе ці ў вёсцы — гэта і ёсць Радзіма, якую я люблю.

— Дзмітрый Міхайлавіч, а якія пачуцці адчуваеце Вы, калі прыязджаеце ў Пружаны?

— Мае адчуванні блізкасці роднай зямлі пачынаюцца ўжо пры перасячэнні расійска-беларускай мяжы. Тут, у Беларусі, зусім іншыя лясы — старажытныя і запаведныя, зусім іншыя палі — чыстыя і дагледжаныя, тут, здаецца, нават неба іншае — больш высокае і блакітнае. Перасякаю ў Слоніме раку Шчару і кожны раз пачынаю хвалявацца: хутка Ясельда, на якой у дзяцінстве рыбачыў з бацькам. Пад’язджаю да Ружан — і ў думках схіляюся перад развалінамі старога палаца… Удыхаю праз адкрытую фортку аўтамабіля гаючае паветра Ружанскай пушчы і ўспамінаю, як сорак гадоў таму тут, у саўгасе “Светлы шлях”, праходзіў пераддыпломную практыку і раз на тыдзень прабягаў “марафонскую” дыстанцыю ў 45 км: Пружаны–Ружаны. Сігналю драўлянаму буслу і выходжу на фінішную прамую…

— … І заязджаеце ў Пружаны, з якіх з’ехалі ў далёкім 1974 годзе.

— Я перыядычна прыязджаў сюды, каб наведаць магілы сваіх дарагіх бацькоў… Родны горад. Што тут яшчэ скажаш?! Усё тыя ж будынкі, якія яшчэ памятаюць былых жыхароў, тыя ж мнагалетнікі ў кветніках… Праўда, няма дрэў, якія калісьці раслі ўздоўж галоўных вуліц, ствараючы прыемны цень на тратуарах. Практычна цалкам абнавіўся парк, на некаторых сядзібах пастарэлі сады. На многіх вуліцах і завулках з’явіўся асфальт. Але, на жаль, ён, нібы лава вулкана, апанаваў нават тыя месцы, дзе яго, на мой погляд, не павінна быць: вельмі шкада, што прыбралі брук па вуліцы Свабоды. Я да гэтага часу памятаю, як з акна дома назіраў за яго рамонтам: дарожнікі ў фартухах, апусціўшыся на калені, драўлянымі малаткамі пастуквалі па камянях… Шкадаванне выклікае і тое, што вельмі мала засталося тых людзей, з якімі рос, жыў па суседстве, якія мяне выхоўвалі і навучылі жыць. Сёння магу прайсціся з аднаго канца горада ў другі — і нікога са знаёмых не сустрэнеш.

— Можа, не варта пра сумнае?

— А нікуды не дзенешся, настальгія з сумам “за руку ідуць”. Заязджаў неяк у вёску Млынок, дзе жыў калісьці на кватэры ў гаспадыні, якая кожную раніцу будзіла мяне і частавала сырадоем. Цішыня. Пустата. Практычна нікога не засталося. Час мінуў, як вада ў рацэ, і яго не вярнуць. Апусцелі хаты, але амаль над кожнай з іх — гняздо бусла. Выходзіць, птушкі — больш удзячныя істоты: вяртаюцца да сваіх гнёздаў, а людзі выпырхнулі з сям’і — і шукай ветру ў полі. Сумна…

— Але навучыць раптам палюбіць Радзіму нельга, трэба яе спачатку спазнаць. Таму, напэўна, Ваш бацька Міхаіл Аркадзьевіч Шульман — паважаны ў горадзе чалавек, педагог з вялікай літары і проста годны чалавек — і займаўся краязнаўствам?

— Так, усё жыццё бацька збіраў памятныя экспанаты для этнаграфічнай і патрыятычнай экспазіцыі музея ў тагачасным пружанскім тэхнікуме, выдатна разумеючы, што толькі праз захаванне гістарычнай памяці і традыцый можна выхаваць свядомых грамадзян. У гэтым, дзякуючы бацьку, перакананы і я. Таму неяк у мяне і ўзнікла ідэя – на пружанскай зямлі ўзвесці помнік усім воінам, якія жыццё сваё аддалі за родную зямлю. Колькі людзей тут палягло!.. Помнік гэты ўсталяваны на цэнтральнай плошчы горада, каля Палаца культуры.

— Таму ў 2015 годзе Вы падтрымалі і наш пружанскі музей, калі выкупілі на аўкцыёне і перадалі ў яго фонды ўнікальны медаль, выпушчаны ў XIX ст. да 50-годдзя творчай дзейнасці нашага земляка Юзэфа Крашэўскага? А колькі яшчэ дараванняў гадуе наша зямля! Магчыма, таму Вы падтрымалі, а дакладней, сталі галоўным ідэйным натхняльнікам і арганізатарам мастацкага конкурсу “Шчасце ў маіх вачах”, які ладзіць “Пружанскі палацык”?

— Паверце, мне ёсць, дзе рэалізаваць сябе ў Маскве, але хочацца нешта карыснае зрабіць і для роднага горада. Апошнім часам на зямлі развялося шмат зла. Як з ім змагацца? Толькі назапашваючы дабро. Шляхоў назапашвання мноства, адзін з самых надзейных — мастацтва. Бо мастакі, як дакументалісты, могуць усё адлюстраваць на паперы, палатне і праз гады данесці да наступных пакаленняў, як жылося раней, перадаць сваё бачанне навакольнага свету. Дзякуючы гэтаму конкурсу, мы зможам адкрыць — я на гэта вельмі спадзяюся! — новыя таленты. Самае галоўнае, каб дзеці змаглі ўхіліцца ад масавага ўспрымання свету, вобразна кажучы, ад натоўпу і праявілі сваю індывідуальнасць, не заганяючы сябе ў нейкія рамкі. Адважвайцеся, пружанскія дзяўчынкі і хлопчыкі! Малюйце, пішыце ўсё, што дарагім з’яўляецца вашаму сэрцу: дом, лес, прыроду, сям’ю, сяброў. Адным словам, праслаўляйце радзіму!

Гутарыла Алена Зялевіч. Фота за асабістых архіваў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *