Пятница, 30 октября 2020

В колледже прошел областной форум молодежных лидеров

2 023

Песні, танцы, карагоды — не ўтрымалі госці ногі! З шыкоўнай тэатральнай пастаноўкі “Беларускі кірмаш” у выкананні драматычнага гуртка Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа пад кіраўніцтвам Л.М. Рэпіхі распачаўся абласны форум маладзёжных лідараў устаноў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці.

Форум сабраў дзясяткі самых актыўных і вопытных маладых людзей і педагогаў з усёй Брэстчыны, гатовых падзяліцца сваімі ідэямі і сакрэтамі поспеху ў служэнні свайму пакаленню, а таксама азнаёміцца з маладзёжнай палітыкай, якая праводзіцца ў нашым каледжы.

З прывітальным словам да моладзі і ганаровых гасцей — прадстаўнікоў упраўленняў адукацыі і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, абласной арганізацыі ГА «БРСМ» і шматпрофільнага цэнтра дзяцей і моладзі г. Брэста — звярнуўся дырэктар каледжа С.М. Козел:

— Наш каледж — гэта вялікі дом, у якім створаны ўсе ўмовы для ўсебаковага развіцця маладых людзей, — адзначыў ён. — Сярод нашых выпускнікоў — акадэмікі і дактары навук, генералы і афіцэры, кіраўнікі і педагогі, а галоўнае — спецыялісты, якія працуюць у сельскай гаспадарцы нашай краіны і за яе межамі. Гэта той «залаты фонд», які і стварае станоўчы імідж нашай установы, дэвізам якой мы абралі словы: «Будучыню будаваць маладым».

Пасля выступленняў ганаровых гасцей пачалася вучэбна-практычная частка форуму. З гэтай нагоды ў розных навучальных карпусах каледжа былі арганізаваны чатыры інтэрактыўныя пляцоўкі. Найбольшую ўвагу прыцягнуў дабрачынны праект «Добрае сэрца», рэалізаваны атрадам валанцёраў каледжа «Дабрыня». За актыўную дзейнасць на ніве дабра і міласэрнасці, у прыватнасці за аказанне бязвыплатнай дапамогі ў навучанні пажылых людзей рабоце на камп’ютары, за дапамогу інвалідам і дзецям-сіротам, валанцёры і іх камандзір Яўген Грэнь былі ўзнагароджаны дыпломамі і ганаровымі граматамі Беларускай арганізацыі Чырвонага Крыжа.

Пасля знаёмства з дзейнасцю клуба аховы грамадскага парадку «Легіён», пярвічкі прафсаюзнай арганізацыі каледжа, аб’яднання па інтарэсах «Патрыёт» і іншых маладзёжных структур каледжа госці зноў сабраліся ў актавай зале для заслухоўвання дакладаў спецыялістаў па вучэбна-выхаваўчай рабоце вядучых устаноў прафадукацыі вобласці. Аб розных формах калектыўнай самаарганізацыі навучэнцаў пружанскага каледжа, у прыватнасці аб рабоце аб’яднання па інтарэсах «Школа «Лідар» распавяла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.Г. Апарына.

— Мы арганізоўваем работу так, каб нашы навучэнцы аб’ектыўна ацэньвалі свае сілы і здольнасці і маглі сябе рэалізаваць. Іх меркаванне ўплывае на кіраўніцкія пастановы адмі-ністрацыі, на рашэнні педагогаў на пасяджэннях савета па прафілактыцы правапарушэнняў і жыллёва-бытавой камісіі, — адзначыла Алена Рыгораўна.

Напрыканцы праграмы сваім уражаннем аб рабоце форуму падзяліўся студэнт III курса Кобрынскага полі-тэхнічнага каледжа Валянцін Глушко:

— Хочацца адзначыць высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства. Мы атрымалі рэальныя веды. Найбольш уразіла тое, як у Пружанах наладжана работа пярвічкі БРСМ у цесным супрацоўніцтве з прафсаюзам, як арганізоўваецца праца-ўладкаванне навучэнцаў у студэнцкіх атрадах. Не пакінула абыякавым і патрыятычная экспазіцыя «Залы Перамогі», захопленасць і кампетэнтнасць кіраўніка клуба «Патрыёт» Валерыя Пропера. І, вядома ж, уразіла цудоўная беларуская мова гурткоўцаў, якія паказалі нам каларытную пастаноўку кірмашу. У цэлым, у вас выдатны каледж!

Застаецца сказаць, што форум «Маладзёжны лідар–2018», які стаў эфектыўнай пляцоўкай для знаёмстваў і абмену вопытам, дасць новы штуршок да плённага і крэатыўнага развіцця нашай моладзі.

Алена ЗЯЛЕВІЧ,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *