Суббота, 31 октября 2020

18 юных жителей района получили паспорта в День Конституции

888

Традыцыйная цырымонія ўшанавання маладых грамадзян краіны ў Дзень Канстытуцыі прайшла ў вялікай зале райвыканкама. На працягу многіх гадоў менавіта да 15 сакавіка, гэтага аднаго з галоўных дзяржаўных святаў, прымеркавана ўсебеларуская патрыятычная акцыя БРСМ «Мы — грамадзяне Беларусі».

Сёлета ў яе рамках васямнаццаць юных жыхароў раёна — лепшыя прадстаўнікі моладзі, якія з лепшага боку праявілі сябе ў вучобе, спорце, на творчых конкурсах ці ў грамадскім жыцці, — атрымалі ў гэты дзень пашпарты з рук старшыні райвыканкама Міхаіла Мікалаевіча Крэйдзіча.

Павіншаваць падлеткаў з уручэннем галоўнага ў іх жыцці дакумента прыйшлі прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, настаўнікі, аднакласнікі і родныя. Старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан у сваёй прамове падкрэсліла, што ў зале сабраліся лепшыя з лепшых, хто аказаўся ўдастоены гонару атрымаць пашпарт у рамках акцыі. «А гэта ўжо абавязвае. Абавязвае да абгрунтаваных, годных учынкаў у дарослым жыцці: кожны ваш правільны крок складае агульны поспех краіны. Ваша будучыня — гэта і наша будучыня», — зазначыла Таццяна Канстанцінаўна, звяртаючыся да галоўных герояў урачыстасці.

 

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук таксама выказала думку, што дабрабыт краіны ў многім залежыць ад моладзі, якая сваім уменнем вучыцца і працаваць удала знаходзіць новыя рашэнні штодзённых задач.

Сімвалічнасць атрымання пашпартоў у год, аб’яўлены Годам малой Радзімы, заўважыў намеснік ваеннага камісара Валерый Катовіч. Ён нагадаў падлеткам і пра абавязкі, якія цяпер ускладзены на іх у сувязі з пачаткам новага этапу жыцця. Сярод галоўных — шанаванне гісторыі і захаванне патрыятызму.

Гімназістка Анастасія Піўчык ад імя юнакоў і дзяўчат падзякавала за тое, што атрыманне пашпартоў для яе аднагодкаў прайшло ва ўрачыстай абстаноўцы. Па словах дзяўчыны, гэта, безумоўна, надало такой падзеі асаблівую значнасць.

Патрыятычны настрой у зале стварылі салісткі ўзорнай эстраднай студыі «Меладзін» Ірына і Святлана Курусь, Паліна Жукоўская і Валерыя Пудоўкіна.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *