Воскресенье, 20 мая 2018

Минский музей науки «Элементо» приглашает на эксперименты в «Пружанский палацык»

330

Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі, юныя фізікі і хімікі! Спяшайцеся, не прапусціце! Да 1 красавіка ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” дзейнічае незвычайная навуковая выстава, дзе вас чакаюць розныя доследы і эксперыменты ад мінскага музея навукі “Элементо”. Пры жаданні разам з бацькамі вы можаце правесці нават свой уласны эксперымент.
Ёсць тут самы сапраўдны плазменны шар — вельмі цікавая лямпа, схему якой распрацаваў у 1894 годзе адзін з найвялікшых вынаходнікаў XIX стагоддзя Мікола Тэсла. Яе можна запаліць нават на адлегласці.
Гатова здзівіць і выдатнае крэсла з самымі сапраўднымі вострымі цвікамі. На такім крэсле можна і пасядзець. І, паверце, гэта зусім не балюча. Справа ў тым, што цвікоў шмат і яны размешчаны блізка адзін ля аднаго, а гэта значыць, што ваша вага размяркуецца па ўсіх кончыках цвікоў раўнамерна.
Магчыма, кагосьці з вас больш зацікавіць рычаг Архімеда. Так, так, таго самага, які жыў у 287 годзе да нашай эры ў г. Сіракузы (на востраве Сіцылія) і заяўляў: “Дайце мне кропку апоры — і я падыму Зямлю!” На распрацаванай ім устаноўцы вы зможаце падняць гіру ў 16 кг з дапамогай аднаго пальца: дастаткова будзе націснуць пальцам кропку апоры — і груз на вышыні!
Ёсць на выставе і той самы легендарны Perpetuum Mobile — вечны рухавік (праўда, у версіі італьянскага вучонага Марыяна дзі Жакопа) з тоўстых прамавугольных пласцінак, замацаваных так, што, рухаючыся толькі ў адзін бок, яны выклікаюць “бесперапыннае” кручэнне кола.
Маятнікі Максвела і Ньютана, металічныя пласцінкі, ізаляваныя ад разетак, якія назапашваюць электрычнасць, чароўная лаўка Жукоўскага, раскручваючыся на якой, вы зможаце адчуць сябе фігурыстам, і многія іншыя цуды ад спадарыні Навукі добра ўпісаліся ў залу палацыка і здольны здзівіць кожнага. Спяшайцеся пабачыць іх на свае вочы!
На здымку: вучань 4 класа СШ №1 Ілья Тарасевіч разам з татам ладзіць свой уласны
эксперымент над маятнікам Максвела.
Алена Зялевіч, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *