Понедельник, 10 декабря 2018

Главный инженер ОАО «Великосельское Агро» в свободное время смотрит биатлон и читает Пикуля

612

ААТ «Велікасельскае Агра» — адна з найбольш эканамічна моцных гаспадарак у раёне. У мінулым годзе тут атрыманы выдатныя ўраджаі збожжавых, рапсу і цукровых буракоў. Прадукцыйнасць дойнага статка склала 7 тысяч кілаграмаў малака, а рэнтабельнасць вытворчасці — 38,5%. У гэтым, безумоўна, вялікая заслуга інжынернай службы, якую ўзначальвае Сяргей Іосіфавіч Мардань.
Сам Сяргей Іосіфавіч мясцовы, з простай сялянскай сям’і. Бацька працаваў у будаўнічай брыгадзе, а маці — даяркай на мясцовай ферме. Акрамя яго, у сям’і яшчэ выхоўвалася старэйшая сястра.
Падчас вучобы ў школе хлопцу больш за ўсё падабаліся гісторыя, фізіка і літаратура. Да гэтага часу памятае Сяргей Іосіфавіч урокі гісторыі, якую выкладаў класны кіраўнік, удзельнік Сталінградскай бітвы Аляксандр Іванавіч Дзенісенка.
Пасля заканчэння сярэдняй школы перад юнаком паўстала пытанне выбару будучай прафесіі. Сяргей вырашыў паступаць на юрыдычны факультэт БДУ. Але мара стаць юрыстам не здзейснілася: не прайшоў па конкурсе. Малады чалавек вярнуўся ў родную вёску і ўладкаваўся на працу ў гаспадарку. Пачынаў слесарам, а потым атрымаў трактар «Беларус-50». Дарэчы аказалася пасведчанне механізатара, якое атрымаў у школьныя гады падчас вучобы ў Шарашоўскім навучальна-вытворчым камбінаце.
Сапраўднай школай мужнасці стала для Сяргея служба на Балтыйскім флоце, якой прысвяціў тры гады. Спачатку была вучэбка ў Кранштаце — горадзе, дзе пачыналіся вядомыя сусветныя экспедыцыі расійскіх маракоў. Далейшая служба працягвалася ў горадзе Балтыйску.
Пасля дэмабілізацыі малады чалавек стаў студэнтам Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. У 1992 годзе, атрымаўшы дыплом інжынера-механіка, вярнуўся ў родны калгас. Спачатку займаў пасаду інжынера па сельгасмашынах, а потым — начальніка механізаванага атрада. Апошнія пятнаццаць гадоў С.І. Мардань — галоўны інжынер ААТ «Велікасельскае Агра».
— Калі ўзялі шлюб з Ганнай Мікалаеўнай, то спачатку жылі ў інтэрнаце, — успамінае Сяргей Іосіфавіч. — Праз некалькі гадоў атрымалі дом прысядзібнага тыпу.
Сяргей Іосіфавіч і Ганна Мікалаеўна, якая працуе настаўніцай у мясцовай школе, выгадавалі сына і дачку. Дарэчы, сын Яўген пайшоў па шляху бацькі: ён працуе ў таварыстве інжынерам па сельгасмашынах. Дачка Дар’я — студэнтка II курса Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Радуе бабулю з дзядулем унучка Сонька.
Вядома, што ў галоўнага інжынера клопатаў хапае. Штогод абнаўляецца машынна-трактарны. Вось і летась тут набылі тры трактары «Беларус-1221», пагрузчык «Маніту», машыну французскай вытворчасці для ўнясення мінеральных угнаенняў «Сулку». Было праведзена асфальтаванне пляцоўкі для стаянкі трактароў. Сёлета асфальтаванне тэрыторыі машыннага двара будзе працягвацца.
За сваю працоўную дзейнасць Сяргей Іосіфавіч Мардань неаднойчы ўзнагароджваўся падзячнымі пісьмамі і граматамі райвыканкама і аблвыканкама. У 2012 годзе ён стаў пераможцам абласнога спаборніцтва сярод інжынераў на ўборцы збожжавых і зернебабовых, а ў мінулым годзе быў лепшым у нашым раёне. І верыцца, што гэта не апошнія яго дасягненні.
Бліц-апытанне
— Пра што марыў у дзяцінстве?
— Хацеў стаць юрыстам.
— Самыя яркія ўспаміны дзяцінства?
— Урокі гісторыі, якія выкладаў А.І.Дзенісенка — удзельнік Сталінградскай бітвы.
— Самае галоўнае, чаму ў дзяцінстве навучылі бацькі?
— Працаваць на зямлі, паважаць дарослых.
— Любімая мясціна на зямлі?
— Гэта мая малая радзіма — Вялікае Сяло.
— Самы памятны дзень у жыцці?
— Нараджэнне сына і дачкі.
— На што не шкада патраціць грошы?
— На навучанне дзяцей.
— Як праводзіце выхадныя дні?
— Разам з жонкай ездзім у горад, а ў сезон ходзім у грыбы і ягады.
— А што для Вас жніво?
— Гэта падвядзенне вынікаў нашай працы за ўвесь год.
— Што больш падабаецца: зіма або лета?
— Найбольш падабаецца вясна.
— Дом або кватэра?
— Вядома ж, дом, дзе я і жыву.
— «БМВ» або «Мерседэс»?
— Я езджу на «Фольксвагене».
— Кніга ці кіно?
— Раней была кніга, а цяпер кіно.
— Задавальненне ад працы або памер зарплаты?
— 50 на 50.
— Любімы пісьменнік або паэт?
— Валянцін Пікуль.
— Любімы від спорту?
— Біятлон.
— Чорны ці белы?
— Белы.
— Дарыць ці атрымліваць падарункі?
— Дарыць.
— Калі б усё давялося пачаць спачатку?
— Паўтарыў бы свой жыццёвы шлях.
Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *