Суббота, 15 декабря 2018

Женщина, мама, капитан

979

Капітан унутранай службы, жонка і маці, а яшчэ — адзіная жанчына-выратавальнік у Пружанскім раёне… Яшчэ з дзяцінства Вольга Ліпко марыла стаць ваеннаслужачай: вельмі ўжо падабаліся жанчыны ў форме.

— Калі вучылася ў Лыскаўскай школе, то пабывала з экскурсіяй на Навазасімавіцкай верталётнай базе,— успамінае Вольга Васільеўна.— І мне настолькі спадабаўся той парадак, што панаваў у вайсковай часці, настолькі там чыста і прыгожа было! А як сустрэла жанчын у ваеннай форме, то думкі пра прафесію абаронцы Айчыны наогул сталі апантанымі.

Свае мары наконт будучага выбару дзяўчына песціла не адзін год. І нават калі абставіны склаліся супраць надзей Вольгі (у год, калі заканчвала школу, у ваенную акадэмію набор дзяўчат не быў прадугледжаны), яна ўсё роўна вырашыла здзяйсніць задуманае. І паступіла ў інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Лёс такой упартасці не вытрымаў, і з тых выпускнікоў школ нашага раёна, якія жадалі стаць курсантамі, толькі адна Вольга Ліпко паспяхова прайшла медыцынскую камісію і здала адпаведныя нарматывы. А пасля ўступных іспытаў хутка надзела і жаданую форму.

Ужо даўно няма таго строгага падзелу паміж «жаночымі» і «мужчынскімі» прафесіямі, аднак усё роўна Вользе цяжэй было асвойваць азы выратавальніцкай службы. Яе спецыфіка ў тым, што ў асноўным сутыкаюцца пажарныя толькі з чалавечай бядой і трагічнымі выпадкамі.

— Мужчыны ўспрымаюць такое больш «механічна», а мне, калі выступаю перад людзьмі і расказваю пра здарэнні і асабліва пра гібель людзей на пажарах, вельмі цяжка стрымліваць слёзы. Вось толькі аб сваім выбары я не пашкадавала ніводнага разу. Больш за тое, лічу, што неабходна, каб жанчын у форме выратавальніка было больш, бо нам лягчэй знаходзіць агульную мову з людзьмі, уздзейнічаць на іх, пераконваць у неабходнасці выканання правілаў пажарнай бяспекі. У гэтым плане, лічу, калегам-мужчынам мы можам «даць фору».

Так склалася, што В.В.Ліпко служыць разам з мужам у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях. Але ў гэтай пары заведзена такое правіла: ніякіх працоўных пытанняў не абмяркоўваць дома. Яшчэ па дарозе дадому яны могуць пагаварыць пра службу, але сямейны адпачынак — гэта святое. Ды і іншых тэм для сумеснай размовы заўсёды хапае. Напрыклад, любяць у сям’і ўспомніць рэакцыю сына, калі ён упершыню ўбачыў матулю ў форме.

— Наш трохгадовы сын Ігнат з нараджэння бачыў у форме пажарнага толькі тату. І на мяне, калі пасля працяглага перапынку на адпачынак па доглядзе за дзіцем я зноў апранула кіцель, глядзеў такімі здзіўленымі вачыма, — са смехам расказвае Вольга. — А цяпер, калі ўвечары пасля службы забіраю яго з дзіцячага садка, ён з гонарам гаворыць сябрам: «Мой мама прыйшла». Напэўна, таму, што ваеннымі і пажарнымі, па яго меркаванні, могуць быць выключна мужчыны.

Толькі ж Вольга Ліпко не ўвесь час носіць форму і выконвае даволі складаныя абавязкі. Вечарам яна пераапранаецца ў хатняе адзенне і зноў становіцца проста жанчынай, жонкай і маці. Хаця абавязкаў з гэтым не меншае: трэба ж згатаваць вячэру, выканаць іншую хатнюю работу, знайсці час, каб пазаймацца з сынам. Калі ж выдаецца вольная хвіліна, то яе Вольга з задавальненнем аддае сваім любімым кнігам.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *