Воскресенье, 20 мая 2018

«Мядовую прэмію» атрымаў пісьменнік Валерый Гапееў

315

Невыпадкова на мінулым тыдні ў Пружанскім палацыку сабраліся мясцовыя аматары сапраўднай літаратуры, пружанскія, івацэвіцкія і брэсцкія паэты. Тут адбылася важная літаратурная падзея – уручэнне самай каларытнай, самай салодкай, “Мядовай” прэміі. Шаснаццаць кілаграмаў – ажно цэлы пуд! – духмянага мёду “за значныя літаратурныя дасягненні” атрымаў журналіст і пісьменнік з Івацэвіч Валерый Гапееў.
Вельмі сімвалічна, што сёлетняя ўрачыстасць пачалася з дэкламацыі верша “Музейная балада” першага “мядовага” лаўрэата Алеся Каско (з Ганцавіцкага раёна), які, на жаль, пайшоў з жыцця летась. Аддаўшы даніну памяці выдатнаму паэту, празаіку і перакладчыку, вядучы мерапрыемства – вядомы брэсцкі летапісец Мікола Пракаповіч – перадаў слова заснавальніку прэміі Міколу Папеку, у якога “нюх на годную літаратуру не горшы, чым на мёд”. Нагадаем, што “Мядовая прэмія” была заснавана ў 2001 годзе гэтым пружанскім паэтам-пчаляром супольна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў, і яе ўладальнікамі могуць стаць толькі звязаныя з Брэстчынай літаратары.
Выступоўца распавёў, якімі крытэрыямі ён карыстаўся ўсе гэтыя гады пры вызначэнні лаўрэатаў. Па словах паэта, прэмія даецца за прыхільнасць да роднай мовы і літаратурную годнасць твораў. Дарэчы, на сённяшні дзень лаўрэатамі сталі ўжо шаснаццаць аўтараў (двойчы прэмія давалася адразу двум літаратарам).
Пра галоўнага віноўніка ўрачыстасці – Валерыя Гапеева – гледачам быў паказаны 20-хвілінны фільм, зняты Міколам Пракаповічам для абласной тэлепраграмы “Край” у 2014 годзе. Найбольш запомніўся фрагмент з сустрэчы Гапеева са сваімі чытачамі, вучнямі Івацэвіцкага каледжа, дзе сам літаратар расказвае пра тое, як стаў пісьменнікам і пра што піша.
Нарадзіўся “мядовы” аўтар на Гомельшчыне ў 1963 годзе ў вясковай сям’і. Пасля заканчэння школы вучыўся ў Мінскім электратэхнікуме сувязі. Працаваў майстрам у вучылішчы ў Казахстане і на мінскім “Інтэграле”. У Івацэвічы пераехаў у 1992 годзе і з таго часу пачаў пісаць прозу і супрацоўнічаць з раённай газетай. Сёння працуе ў рэдакцыі “Івацэвіцкага весніка” адказным сакратаром.
Валерый Гапееў піша аповесці, апавяданні, адрасаваныя, перш за ўсё, моладзі. Піша пра вечныя каштоўнасці, якія перадаюцца ад пакалення да пакалення. Пра першае сутыкненне маладой цнатлівай душы са здрадай і з гвалтам. Пра здольнасць зрабіць той крок у дарослы свет, за які не будзе сорамна ў будучыні, бо самае балючае, на яго думку, у жыцці — гэта няправільны крок.
— У мяне часта пытаюцца, чаму пішу ў асноўным для падлеткаў.
Можа, таму, што сёння іншыя літаратары не надта хочуць для іх пісаць. Крыўдна бачыць праз чвэрць стагоддзя ў бібліятэках усё тыя ж творы беларускай літаратуры. Як быццам час спыніўся, ці літаратура спынілася, – зазначае Гапееў. — А ў нашых дзяцей шмат праблем, і перажываюць яны іх настолькі ж балюча, наколькі і мы перажываем свае.
Выступаючы перад пружанскай публікай, Валерый Гапееў шчыра прызнаўся, што яго раманы любая маці змагла б прапанаваць сваёй дачцэ. Гэта тычыцца, у прыватнасці, і рамана “Праклён”, у якім аўтар задаецца досыць цікавым пытаннем: чаму Купалле, у адрозненне ад тых жа Калядаў, “не лягло” на хрысціянскі каляндар. Адказ Гапеева і яго пасыл чытачу ўражваюць сваёй арыгінальнасцю. На яго думку, Купалле — гэта свята “несвятых” ініцыяцый: дзяўчат — у жанчын, а хлопцаў — у мужчын, гэта свята адухоўленай эротыкі, таму яно і не прыжылося ў хрысціянскім асяродку. Цікава і тое, што літаратар быццам пераварочвае міф пра папараць-кветку з ног на галаву і заклінае беларусаў не шукаць гэтую расліну, а наадварот, берагчы ад тых, хто яе хоча сарваць.
Увогуле містыка для Гапеева —гэта тое, што існуе і што складана патлумачыць. Таму пісьменнік і імкнецца рассакрэціць механізмы некаторых містычных з’яў у адным з апошніх сваіх раманаў “Ноч цмока”. Сёння “меданосны” аўтар працуе над новым раманам пад назвай “Пазл”, дзе адна дэталь цягне за сабой другую, адна падзея – іншую…
Напрыканцы выступлення Валерый Гапееў адзначыў:
— У мяне настаў той час, калі пішу не дзеля ўзнагарод. Аднак “Мядовая прэмія” – гэта асаблівая адзнака літаратурнай працы, якая нясе вялікую радасць і задавальненне, бо мёдам можна падзяліцца з сябрамі. У “мядовай” няма журы, не існуе папярэдняга адбору і закуліснай барацьбы. Гэта не проста прыгожая і смачная ўзнагарода – гэта прызнанне першакласнага сяброўства. Разгортваеш дыплом, а там напісана “табе”, а не “Вам” – і адразу адчуваеш шчырасць падзеі.
Сапраўды шчыра віншавалі спадара Гапеева сябры і прыхільнікі роднага беларускага слова. Мікола Аляхновіч, вядомы літаратурны крытык, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, уручыў Ганаровую грамату “мядоваму” лаўрэату яшчэ з адной нагоды – 55-годдзя з дня нара-джэння і пажадаў яму ўзяць і “Нобеля”. А вядомы івацэвіцкі краязнаўца і настаўнік Алесь Зайка (дарэчы, адзін з лаўрэатаў “Мядовай прэміі”, 2011) падарыў Гапееву старую, але незвычайную манету, “замоўленую” на фінансавы поспех, на шанцаванне, і, параўнаўшы літаратара з Іванам Шамякіным, параіў пісаць кінасцэнарыі.
— Валерый, ты апраўдваеш свой дар майстра слова: пішаш займальна, сур’ёзна і з напружаннем аб самых простых рэчах і з’явах. Так і трэба пісаць. І не забываць, што Пружаншчына, дзе табе так пашанцавала, – радзіма Крашэўскага, самага плённага пісьменніка XIX ст. Таму ляці, Валера! Пішы столькі, сколькі пісаў Крашэўскі, – на такой узнёслай ноце закончыў сваё выступленне Алесь Фаміч Зайка.
Спадзяёмся, будзе спрыяць літаратурнаму палёту і музычны падарунак ад салісткі вядомага беларускага гурта “KRIWI” Настассі Хмель. Пад рытмічныя гукі афрыканскага барабана “джамбея” спявачка выканала народныя песні, якія яна пераняла ў састарэлай жыхаркі вёскі Залессе Марыі Лук’янаўны Сіплівай. Асаблівае гучанне экзатычнага інструмента ў спалучэнні з мілагучнай беларускай мовай стварылі на радасць юбіляру досыць містычную атмасферу.

Кульмінацыяй імпрэзы стала ўручэнне пад гучныя апладысменты Валерыю Гапееву таго самага “пуда мёду”, а таксама Ганаровага дыплома “За значныя літаратурныя дасягненні” і ордэна “Мядовы пегас”, які з лёгкай рукі Міколы Папекі сеў на левы лацкан пінжака Гапеева, нібыта пчала, гатовая сабраць яшчэ шмат берасцейскага літаратурнага нектару.
Алена Зялевіч,
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *