Понедельник, 18 июня 2018

«Сюрприз» по почте. В Беларуси набирает обороты новый вид развода доверчивых граждан

1 353

Гісторыя гэта пачалася са званка на мабільны:
— Добры дзень! Запрашаем Вас прыняць удзел у цікавай латарэі. Для гэтага Вам трэба аплаціць падарунак, які даслала наша кампанія, і атрымаць шанец выйграць яшчэ адзін.
Неўзабаве ў паштовай скрыні з’явілася паведамленне аб паступленні накладзеным плацяжом пасылкі. У аддзяленні пошты папрасіў падказаць, хто адпраўшчык, маўляў, калі больш падрабязна даведаюся пра яго, то і вырашу, забіраць ці не пасылку. Мне адразу прапанавалі адмовіцца ад такога «платнага падарунка». Мяркуючы па ўсім, падобныя гісторыі работнікі аддзялення чулі ўжо неаднаразова.
Але гэта быў толькі першы «трывожны званочак». Дома вырашыў звярнуцца па дапамогу да сусветнай павуціны. І недарма. Як толькі ўвёў у пошукавік прозвішча і ініцыялы прадпрымальніцы з г.Барысава, ад якой і была пасылка, на маніторы адразу з’явілася некалькі гнеўных водгукаў пра сапраўдны падман. Схема, распрацаваная дзелавой жанчынай, з аднаго боку была даволі складанай, але калі хаця б крыху ведаць прынцыпы работы пошты і, зразумела, чалавечую псіхалогію, то ўсё вельмі проста.
Справа ў тым, што па сваіх правілах пошта ні ў якім разе не дазваляе ўскрываць пасылкі накладзеным плацяжом, калі атрымальнік не выплаціў яе кошт і выдаткі за дастаўку. І толькі пасля гэтага можна даведацца, што ж вам даслалі. Аднак цікаўнасць, з-за якой хочацца хутчэй аплаціць, каб даведацца, што знаходзіцца ў бандэролі, можа зрабіць злы жарт: як сведчаць водгукі, тых, хто зрабіў менавіта так, а значыць, і стаў ахвярай падманшчыкаў, даволі многа. У выніку за 20 рублёў людзі атрымлівалі танны «кітайскі» бязмен або губку для мыцця посуду. Нехта стаў уладальнікам звычайных стальных завушніц, кошт якіх не больш за пяць рублёў… Па форме бандэролі мне, хутчэй за ўсё, даслалі нейкую пластмасавую драбязу.
Нехта можа сказаць, што ёсць заканадаўчыя інструменты для высвятлення адносін з такімі прадпрымальнікамі. Гэта так, але хто ж будзе імі карыстацца? Для таго, каб пачаць цяганіну, неабходна ўпакаваць «падарунак» і выслаць па ўказаным адрасе, словам, панесці дадатковыя выдаткі. Разам з гэтым трэба выставіць патрабаванні аб вяртанні грошай. Мяркую, што аўтар латарэі прапануе прыехаць у Барысаў за грашыма. Калі ж усё-такі прадпрымальні-ца не верне грошай, то можна звяртацца ў суд. Але хто пачне за 20 рублёў гэтым займацца? Хутчэй за ўсё, чалавек проста зробіць для сябе выснову, што заплаціў за чарговы ўрок ад махляроў.
Як паказваюць водгукі ў інтэрнэце, падобная латарэя пачалася ў маі мінулага года, і мяркую, што нямала людзей трапіла на кручок разваротлівай прадпрымальніцы. Абараніцца ад падману ў гэтым выпадку можна толькі адным спосабам: не аплачваць адразу невядомую бандэроль, а даведацца, хто яе адпраўшчык і пацікавіцца метадамі вядзення бізнесу. Потым жа можна вярнуцца на пошту і адмовіцца ад атрымання пасылкі.
Ад рэдакцыі. Цяпер у многія галіны эканомікі стала паступова ўкараняцца прыватная ініцыятыва. Але ж сярод тых, хто сумленна развівае свой бізнес, прапануючы адкрытыя здзелкі, з’явіліся і такія прадпрымальнікі, хто вырашае пажывіцца на даверлівасці, а часам і неадукаванасці патэнцыяльных кліентаў. Вось чаму цяпер нярэдка выкарыстоўваюцца такія паняцці, як «развод», «лахатрон» і таму падобнае. Журналісты неаднаразова праводзілі свае расследаванні такіх гісторый і падказвалі сваім чытачам, якім чынам пазбегнуць махлярства.
У новай рубрыцы «Выкрыццё падману» мы будзем збіраць падобныя выпадкі з папярэджаннем тых, хто яшчэ не трапіў у спіс ахвяр «лахатроншчыкаў». Заклікаем чытачоў таксама дзяліцца з намі сваімі гісторыямі. Пры неабходнасці мы дамо слушныя парады ад спецыялістаў раённай юрыдычнай кансультацыі. Ананімнасць тых, хто не хоча агалоскі, гарантуем.
Свае гісторыі вы можаце расказаць нам па тэлефонах 9-15-02, 8-029-529-17-30 або даслаць на e-mail: sidorne@tut.by.
Алег СІДАРЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *