Вторник, 18 сентября 2018

С Днем защитников Отечества! Репортаж из воинской части, в которой служат пружанцы

891

У 2015 годзе, калі была расфарміравана 181 баявая верталётная база ў Новых Засімавічах, воінскія часці, якія знаходзіліся на тэрыторыі Пружанскага раёна, увайшлі ў склад Бярозаўскага гарнізона.
— Наша вайсковая часць сфарміравана крыху больш за пяць гадоў таму, — расказвае камандзір воінскай часці 97063, начальнік Бярозаўскага гарнізона Юлій Гвоздзь. — Па сваім прызначэнні яна з’яўляецца фарміраваннем па радыёэлектроннай барацьбе з самалётнымі сродкамі праціўніка. Як паказвае вопыт лакальных баявых дзеянняў, якія вядзе Расія па аказанні дапамогі законнаму ўраду Сірыі, радыёэлектронная барацьба па значнасці стаіць на наступным месцы пасля авіяцыі.
У красавіку 2015 года ваенна-служачыя гэтай часці пачалі несці баявыя дзяжурствы па супрацьпаветранай абароне. Юлій Міхайлавіч звяртае ўвагу:
— Узбраенне палка не мае сваёй мэтай нанесці смяротны ўрон: мы здольны падавіць дзеянні высокадакладнай зброі праціўніка, яго сістэм кіравання і авіяцыі. Інакш кажучы, робім немагчымым выкананне задач сродкамі паветранага нападзення.
За пяць гадоў да 30% быў абноўлены тэхнічны складнік часці: пастаўлены на ўзбраенне лепшыя сучасныя сродкі радыёэлектроннай барацьбы, вырабленыя на прадпрыемствах ваенна-прамысловага комплексу краіны. Гэта і станцыі разведкі, і станцыі перашкод, і сродкі кіравання.

Гаворачы пра ўдасканаленне сістэмы баявой падрыхтоўкі, паляпшэнне ўмоў для ўтрымання тэхнікі, Юлій Міхайлавіч ставіць акцэнт на кадрах.
— Каля 20% асабістага пастаяннага саставу часці, у якой сёння налічваецца амаль 300 чалавек, прыйшлі да нас на службу з вайсковых частак Пружанскага раёна. Варта аддаць належнае, што ўсе яны не сталі назіральнікамі, а актыўна ўключыліся ў працэс жыццядзейнасці палка і зрабілі асноўны ўклад у дасягненне высокіх вынікаў.
У прыватнасці, апошнія тры гады полк займаў лідзіруючыя пазіцыі на спаборніцтвах па палявой вывучцы ў Тамбове, з лепшага боку паказваў сябе на шматлікіх вучэннях. Два гады запар па выніках вучэбнага года сярод часцей баявога забеспячэння Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны полк станавіўся лепшым.
«Няма дрэнных салдатаў, проста неабходна да кожнага знайсці падыход», — лічыць камандзір часці. Таму многае тут робіцца для ўдасканалення быту: рамантуюцца казармы, сталоўка, рэканструявана лазня, адпаведныя работы праведзены ў вучэбным корпусе, абсталёўваюцца камп’ютарныя класы.
Асобна камандзір палка Юлій Гвоздзь расказвае пра духоўны складнік у функцыянаванні часці.
— На тэрыторыі часці дзейнічае капліца Святога Сергія Фларынскага. Яна нездарма была названа ў гонар гэтага пакутніка — рэальнай гістарычнай асобы. З 1900 па 1914 год ён быў святаром 151 Пяцігорскага палка, які базіраваўся ў Чырвоных казармах у Бярозе. У 2000 годзе Сергія Фларынскага далучылі да ліку свяшчэннамучанікаў: у гады рэвалюцыі ён быў расстраляны за сваю веру.
На адкрыцці палкавой капліцы, якое адбылося ў кастрычніку 2014 года, прысутнічаў унук Сергія Фларынскага — Міхаіл Фёдаравіч Фларынскі, намеснік загадчыка кафедры гісторыі Расіі гістарычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта.

Асаблівую ўвагу ў часці надаюць ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. У прыватнасці, тут заўсёды гатовы правесці экскурсію для школьнікаў, прыняць удзел у арганізацыі вольнага часу падлеткаў. Напрыклад, для дзесяцікласнікаў з Бярозаўскага і Кобрынскага раёнаў ладзіліся палявыя зборы, а праводзіць раённую «Зарніцу» на базе воінскай часці ўвогуле стала традыцыяй.

— Хочацца адзначыць, што ў нас носяць пагоны не толькі мужчыны. Не горш спраўляюцца з пастаўленымі задачамі і нашы жанчыны: Наталля Саўчук, Вольга Іскра, Алеся Валкагон…
Карыстаючыся магчымасцю, хочацца павіншаваць ветэранаў Узброеных Сіл, што жывуць у Пружанскім раёне, якія прысвяцілі сябе службе Айчыне, з Днём абаронцаў, са стагоддзем Узброеных Сіл. Хочацца падзякаваць і тым, хто з’яўляўся прыкладам мужнасці і гераізму, і тым, хто сёння працягвае ваенныя традыцыі, а таксама пажадаць шчасця, міру і дабрабыту іх сем’ям.
*
Больш за год тэрміновай службы за плячыма ва Уладзіслава Каляды з Новых Засімавіч. Работу памочніка машыніста, якой выпускнік Брэсцкага чыгуначнага каледжа паспеў прысвяціць паўтара года, ён часова памяняў на абавязкі камандзіра аддзялення роты радыёперашкод.
«Ва ўсім трэба знаходзіць плюсы. Яны ёсць і ў службе ў арміі — школе, якую павінен прайсці кожны мужчына», — лічыць Улад. У вольны ад вайсковых спраў час маладога чалавека, які, дарэчы, неаднаразова адзначаўся на палявых выхадах, можна застаць у трэнажорнай зале. Як прызнаўся сам юнак, толькі тут ён змог знайсці час для заняткаў спортам і, дзякуючы фізічным нагрузкам, пазбавіцца лішняй вагі, зрабіць сваё цела падцягнутым.
*
Дзмітрый Пекун у радах Узброеных Сіл з 2008 года. Службу пачынаў у 181 баявой верталётнай базе: быў тэхнікам радыёэлектроннага абсталявання ў складзе трэцяй верталётнай эскадрыллі МІ-8. Пасля расфарміравання базы ў Новых Засімавічах службу працягвае ў ваеннай часці ў Бярозе.

На здымку: намеснік камандзіра батальёна па ўзбраенні капітан Д.Д. Пекун праводзіць інструктаж асабістага саставу.
*


І тэхнік аддзялення аўтаматызацыі на камандным пункце Руслан Газізаў (справа), і вадзіцель-планшэтыст Аляксандр Лукашэвіч аддалі перавагу вайсковай справе адразу пасля праходжання тэрміновай службы. Абодва пачыналі свой шлях у Новых Засімавічах: адзін — у 40 асобным батальёне радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, другі — у 181 баявой верталётнай базе. Сёння ваенныя паспяхова спраўляюцца з задачамі, якія перад імі ставіць камандаванне в/ч 97063, у тым ліку і падчас баявых дзяжурстваў.
*
Леанід Падкаура стаў прадаўжальнікам ваеннай дынастыі. Вайскоўцам быў яго бацька Васіль, па слядах якога пайшлі сыны Аляксандр, які сёння служыць у генштабе Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, і Леанід, ваеннаслужачы в/ч 97063.
— У 1989 годзе нёс тэрміновую службу ў групе савецкіх войскаў у Германіі, — расказвае Леанід Васільевіч. — Пасля тэрміновай службы атрымаў «корачку» ў школе прапаршчыкаў.
Перш чым апынуцца на службе ў Бярозе, Леанід Падкаура назапашваў вопыт у 86 брыгадзе сувязі ў Мінску, 127 батальёне сувязі ў Слабудцы, у 1199 змешаным артылерыйскім палку.
Прапаршчык Л.В.Падкаура зарэкамендаваў сябе як граматны спецыяліст, у сувязі з чым не так даўно і быў удастоены дзяржаўнай узнагароды за бездакорную службу трэцяй ступені. Акрамя таго, экіпаж станцыі перашкод, у падрыхтоўцы якога да конкурсу на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ўдзельнічаў Леанід Васільевіч, неаднаразова паказваў лепшыя вынікі па палявой вывучцы, а летась заняў першае месца сярод адпаведных падраздзяленняў. Сам Леанід Падкаура падкрэслівае, што ў яго ёсць не менш годная змена.

На здымку: камандзір узвода Леанід Васільевіч Падкаура (злева) і начальнік станцыі перашкод Міхаіл Сяргеевіч Ляўчук.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

3 комментариев

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *