Суббота, 15 декабря 2018

Разобрались, что можно сделать для облегчения работы водителей автобусов

707

Як прызнаўся адзін з гасцей нашага горада, такога экстрыму яму не давялося бачыць ні ў адным месцы, дзе пабываў. А меў ён на ўвазе гарадскія аўтобусы, паслугамі якіх скарыстаўся, дабіраючыся ў вёску Новыя Засімавічы.
— Вадзіцелі грамадскага транспарту — сапраўдныя віртуозы за рулём: настолькі «ювелірна» ім даводзіцца «ўпісвацца» ў вузкія павароты, што дух займае, калі глядзіш на падобныя манеўры,— падзяліўся сваімі ўражаннямі мужчына.— Мне аднойчы давялося на свае вочы пабачыць танкавы біятлон, дык вось вадзіцелям-механікам далёка да майстэрства пружанскіх кіроўцаў.
Сапраўды, такое меркаванне мае месца быць, бо і самому даводзілася неаднойчы назіраць непасрэдна праз акно гарадскога аўтобуса, як літаральна за сантыметры ад бардзюраў або іншых транспартных сродкаў вымушаны «МАЗы» вырульваць на паваротах і скрыжаваннях. Падтрымлівае думку госця і дырэктар аўтапарка №11 А.П.Вакульчык, які пералічыў найбольш «вузкія» месцы на маршрутах грамадскага транспарту.
— Калі праводзілася маштабная рэканструкцыя гарадскіх вуліц у 2003 годзе, то да ўвагі не былі прыняты сучасныя габарыты гарадскіх аўтобусаў,— расказвае Анатоль Пятровіч.— Тады аўтапарк меў толькі адзін такі «МАЗ», хаця старэнькія «ЛіАЗы» былі ненамнога меншыя. Менш было і гарадскіх маршрутаў.
На працягу ўсяго маршруту вадзіцелям даводзіцца захоўваць павышаную ўвагу, бо «спакойныя» ўчасткі тут жа змяняюцца на складаныя. Гэта тычыцца вуліцы Урбановіча, уезд на якую з Савецкай і выезд на Свабоды вельмі вузкія. Пераадолець іх 13-метровы «МАЗ» можа, толькі дзякуючы майстэрству вадзіцеляў. Тое ж самае тычыцца і скрыжавання вуліц Савецкай і Леніна на святлафорах: з-за небяспечных паваротаў гарадскі аўтобус ідзе па вуліцы Тармасава з выездам на Леніна.
Увогуле пераважная большасць «вузкіх» месцаў на гарадскіх маршрутах, што паказаў А.П.Вакульчык, падчас руху з паваротам направа. І такіх участкаў нямала:
— паварот з вул.Кастрычніцкай на вул.Інтэрнацыянальную;
— паварот з вул.Кастрычніцкай на вул.Чырвонаармейскую;
— паварот з вул.Савецкай на вул.Чырвонаармейскую;
— паварот з вул.Кобрынскай на вул.Шырмы;
— паварот з вул.Кобрынскай на вул.Е.Полацкай.
Самай праблемнай сярод вадзіцеляў гарадскіх аўтобусаў лічыцца вуліца Чырвонаармейская, дакладней, яе адрэзак ад святлафораў на скрыжаванні з вул.Кастрычніцкай і да вул.Савецкай. Праезная частка тут вельмі вузкая, у асобныя перыяды аўтобус можа затрымацца і на пяць мінут, бо вымушаны прапускаць сустрэчныя аўтамабілі, асабліва ў раёне ГД «Дэкор», стаматпаліклінікі і пошты. Нярэдка прычынай затрымак становяцца і «няветлівыя» вадзіцелі легкавікоў. Напрыклад, прытармазілі такія кіроўцы непасрэдна на стоп-лініі каля святлафора — і аўтобусу проста няма месца для манеўра. Або прыпаркаваліся ўздоўж праезнай часткі, заняўшы значную частку дарожнай паласы. А аб’ехаць гэтыя машыны няма магчымасці: па «сустрэчцы» едуць іншыя аўтамабілі.
Як расказвае дырэктар аўтапарка, у яго былі планы набыць аўтобус-«гармошку», які быў бы вельмі запатрабаваны на гарадскіх маршрутах, асабліва ў гадзіны «пік». Але ж дзе знайсці такога віртуоза, які б здолеў «упісаць» такую «махіну» ў нашы вузкія вуліцы?
Між тым, паводле слоў Анатоля Пятровіча, праблемы гэтыя ўсё-такі часткова вырашаемыя. Па-першае, можна было б крыху глыбей у вуліцы аднесці стоп-лініі на пад’ездах да скрыжаванняў. Гэта адразу б паменшыла колькасць канфліктных сітуацый, калі вадзіцелі аўтобусаў просяць аўтааматараў крыху здаць назад, каб прапусціць «МАЗ». Такія меры можна рэалізаваць у раёне святлафораў на скрыжаваннях каля Белых лавак, а таксама Чырвонаармейская-Кастрычніцкая, Савецкая-Чырвонаармейская, Кастрычніцкая-Інтэрнацыянальная.
Па-другое, на павароце Кобрынская-Е.Полацкай варта проста пашырыць праезную частку, тым больш што там не перашкаджаюць ні газоны, ні бардзюрны камень, ні збудаванні.
Па-трэцяе, вельмі не хапае для разгрузкі затораў на вузкім адрэзку вуліцы Чырвонаармейскай яшчэ аднаго аўтобуснага прыпынку. А.П.Вакульчык прадэманстраваў нам гатовую для заезду аўтобусаў «кішэнь» каля стаматалогіі. Гэты ўчастак зараз адведзены пад стаянку, на якой паркуюцца два-тры аўтамабілі. У той жа час зусім непадалёк вельмі многа месца ў двары за ГД «Дэкор». А гэта значыць, што зрабіць яшчэ адзін прыпынак ля стаматалогіі можна па ўсіх нарматывах. І разам з тым атрымаць шчырыя падзякі з боку шматлікіх пасажыраў, просьбы ад якіх пастаянна даводзіцца прымаць кіраўніцтву аўтапрадпрыемства.
Алег Стдарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *