Вторник, 18 сентября 2018

«Завтрак», «Обед» и «Ужин» от пружанского хлебозавода

510

Калектыў Пружанскага хлебазавода заўсёды імкнецца, каб прадукцыя прадпрыемства адпавядала патрабаванням часу. А значыць, улічвае пажаданні спажыўцоў, пашырае асартымент, паляпшае смак і якасць булачак і хлеба.
Каб падтрымліваць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, ФПР «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» абнаўляе і абсталяванне: нядаўна старую печ Г4-ХПФ-12 тут замянілі на новую MIWE-ROLL IN E+. Разам з тым палегчылася праца людзей: у новую печ лісты з выпечкай можна не перакладваць, а адпраўляць разам з каляскай, на якой яны ляжаць. Зразумела, новая печ выгадна адрозніваецца высокай якасцю, якая дазваляе даўжэй захоўваць цяпло. Але галоўная яе перавага, як зазначае галоўны інжынер філіяла райспажыўтаварыства «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» Ларыса Кемеж, у энергаэфектыўнасці: з увядзеннем у эксплуатацыю новага абсталявання адчувальна паменшыўся аб’ём спажываемай электраэнергіі, скараціўся расход газу.
Чакаецца, што пашырыцца асартымент дробнаштучных булачных вырабаў. Пружанскія хлебапёкі, варта адзначыць, і дагэтуль радавалі спажыўцоў. Каля двух месяцаў таму, напрыклад, на прылаўках з’явіліся булачкі «Сняданак», «Абед», «Вячэра». Пакуль гэта тры розныя віды прадукцыі, прызначаныя для адпаведных прыёмаў ежы, але ў хуткім часе гэтыя вырабы плануюць сабраць у набор.
Як расказвае тэхнік-тэхнолаг прадпрыемства Валянціна Касцюкевіч, каб гараджане ведалі, што сабой уяўляюць навінкі хлебазавода і якімі смакавымі якасцямі яны вылучаюцца, у магазінах «Палявы» і «Універсам» з пачатку гэтага года сталі перыядычна праводзіцца дэгустацыі прадукцыі, на якіх пакупнікам прапануюць пакаштаваць новыя вырабы. Так, у студзені асартымент папоўніла лустачка жытнёва-пшанічная «Садок», у склад якой уваходзяць семачкі сланечніка, чарнасліў, сушаныя абрыкос і разынкі. Як мяркуецца, хлябец «Лёгкі» павінен палюбіцца спажыўцам, дзякуючы карысным якасцям пшанічнага вотруб’я, якое ёсць у яго складзе. А ў склад булачак «Добрай раніцы» ўвялі сумесь з насення сланечніка, кукурузнай, ячменнай, здробненых аўсянай і пшанічнай крупаў, насення льну.
Варта зазначыць, пружанскім хлебапёкам не сорамна за сваю выпечку: яе ўжо не раз ацэньвалі высокімі ўзнагародамі падчас выстаў, конкурсаў-дэгустацый. Напрыканцы мінулага года, напрыклад, прывезлі тры медалі з агляду якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Смаката-2017». Золата былі ўдастоены багет «Амарант» і хлеб пшанічны «Мінскі», бронзы — хлеб жытнёва-пшанічны заварны «Смаката».

На здымку: пекар Пружанскага хлебазавода Алена Сенькіна.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *