Суббота, 15 декабря 2018

Царская кавалькада ў Лыскаве

693

Праездам з губернскага горада Гродна ў 1874 годзе трынаццаты манарх самадзяржаўнай улады роду Раманавых імператар Аляксандр ІІ і яго жонка Марыя Аляксандраўна наведалі Лыскава.

Лыскава ў той час было мястэчкам ціхім: невялікім пасяленнем, далёкім ад чыгункі, з маленькімі вуліцамі і вялікай рыначнай плошчай пасярэдзіне, з доўгай чарадой “крам”, з шумным восеньскім кірмашом, царквой і сінагогай.

На той час Лыскава адрознівалася невялікай колькасцю насельніцтва, якое па сваім нацыянальным складзе было даволі разнастайным: у мястэчку жылі беларусы, палякі, яўрэі, рускія, цыгане. У якасці яшчэ аднаго адрознення можна назваць і тое, што побач з рамеснікамі і купцамі-мяшчанамі жылі сяляне.

Тут працаваў невялікі цагельны заводзік, дзейнічалі сыраварня, паперня — невялікае прадпрыемства па вырабе паперы. Значная частка жыхароў мястэчка жыла з рамяства і промыслаў. Тут жылі кавалі, ганчары, пекары, бондары, краўцы, ткачы. Лыскава было забудавана вельмі цесна, асабліва ў цэнтры. Уздоўж вуліц, якія ноччу асвятляліся газавымі ліхтарамі, цягнуліся драўляныя тратуары.

У 1874 годзе да Лыскава набліжалася кавалькада экіпажаў цара з царыцай і іх світай.

Як выглядаў цар-рэфарматар, можна вызначыць з апісання фрэйлін А. А. Талстой і Д. Ф. Цютчавай: “… яго твар быў малавыразны, у ім было нават нешта непрыемнае ў тых выпадках, калі ён на публіцы лічыў сваім абавязкам прымаць урачысты і велічны выгляд”.“Імператрыца ж Марыя Аляксандраўна прыцягвала акружаючых сваёй адухоўленасцю, тонкім і праніклівым розумам… Яна была вельмі асцярожная…”

Як і ўсюды, па звычаі, у Лыскаве царскую пару сустракалі хлебам-соллю, хоць хлеба ў той час у сялянскіх сем’ях не хапала – 1873-1874 гады былі галоднымі.

Хадзілі ў даўнія гады чуткі, што Аляксандр ІІ пры сустрэчы з народам не грэбаваў карыстацца некаторымі беларускімі словамі. Гэта можа быць праўдай, так як пры ім у 1870 годзе этнограф і мовазнаўца Іван Насовіч склаў і выдаў тлумачальна-перакладчыцкі “Слоўнік беларускай мовы” на 30 тысяч слоў, за што атрымаў ганаровую па тым часе Дзямідаўскую грамату.

Сустракаючы самадзержца, сяляне вельмі хацелі падысці бліжэй да яго, але ім такой магчымасці не далі. Яны памяталі аб абяцаннях па вызваленні іх ад прыгоннага права (Маніфест 1861 года). Сапраўды, Аляксандр ІІ да рэформы гаварыў прадстаўнікам дваранства: “Той парадак валодання душамі, які існуе цяпер, не можа заставацца нязменным. Лепш адмяніць прыгоннае права зверху, не чакаючы таго часу, калі яно само сабою пачне адмяняцца знізу”.

У той час генерал-губернатар Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў У. І. Назімаў па прапанове Аляксандра ІІ змог схіліць падапечных яму дваран да “ўпарадкавання сваіх адносін з прыгоннымі сялянамі”. Па рэскрыпце Аляксандра ІІ быў створаны Губернскі камітэт па складанні мясцовых “Статутных грамат”. Была створана і “Статутная грамата маёнтка Лыскава памешчыка Быхаўца”. Сяляне, якія ўспрымалі зямлю як Божую ўласнасць, якая, згодна “праўдзе”, павінна была размяркоўвацца пароўну паміж тымі, хто на ёй працуе, аднесліся адмоўна да “Статутнай граматы”. І ў Лыскаве пачаўся бунт.

У дакументах канцылярыі гродзенскага губернатара (справа № 98), захавалася паведамленне земскага спраўніка Блажэўскага стацкаму саветніку Шпееру аб тым, што сяляне вёсак Лыскава, Магілёўцы, Асошнікі, Крупа, Гута, Масявічы, Зельзін, Адамкава памешчыкаў Аляксандра і Адама Быхаўцаў не падпарадкаваліся “Статутнай грамаце”. Спраўнік піша: “… сітуацыя патрабуе ў гэтым выпадку хуткага і рашучага дзеяння пры дапамозе ваеннай сілы для прывядзення ў павіннасць бунтароў…” і далей: “Вяртаючыся на Стан, убачыў у мястэчку Лыскава на плошчы сялян, больш за 100 чалавек, якія стоўпіліся ў цесную калону, якая, акружыўшы прыстава, працягвала на ўвесь голас шумець з лютым азартам”.

Архіўныя дакументы расказваюць, што сяляне 205 двароў навакольных вёсак адмовіліся ад паншчыны, якая дасягнула велізарных памераў. Кожны ва ўзросце ад 13 да 60 гадоў павінен быў адбываць яе. І жыхары запратэставалі. Пачаліся арышты. На падаўленне гэтага паўстання былі прысланыя салдаты з Ваўкавыска і Ружан. Людзей сагналі ў адно месца і білі розгамі.

Аднак пасля названых падзей у краі хоць нешта змянілася: падаткі сялян зменшыліся, батракі і беззямельныя сяляне атрымалі невялікія надзелы зямлі, сталі меншымі выкупныя плацяжы. Памешчыкі былі абкладзены 10 % зборам на карысць казны ад усіх крыніц прыбытку.

Роўна праз 10 гадоў пасля апісаных падзей Аляксандр ІІ наведаў Лыскава. У мястэчку не змаўкалі царкоўныя званы, склікаючы людзей на ўрачыстае маленне. На службу прыйшло многа народу, прайсці па прыступках у храм было цяжка. Святыня была ўпрыгожаная, над уваходам на яловых галінках віселі каляровыя гірлянды, пераплеценыя стужкамі.

Праваслаўная царква з самага пачатку свайго існавання малілася аб царах. Узносілася малітва і ў Лыскаве ў 1874 годзе. Аляксандр ІІ і царыца ў прысутнасці прыхаджан і заможных гродзенскіх гасцей выслухалі маленні аб захаванні Гасудара пад аховай Божай ласкі ад усякага няшчасця і прасілі даўгалецця яму для здзяйснення ўсяго, што можа служыць славе Божай і на карысць народу.

Людзі, якія маліліся перад светлымі абразамі, верылі ў цара-бацюшку, верылі, што ён з’яўляецца Божым намеснікам на зямлі, які абароніць і заступіцца. Таму служба зрабіла глыбокае ўражанне на прысутных. “Духоўная радасць свяцілася ў вачах усіх, у многіх каціліся слёзы замілавання. Зразумела, ёсць ад чаго! Не так часта даводзіцца бачыць у прыходскай царкве такую ўрачыстасць.”

Царква, асвечаная ў імя Ражства Прасвятой Багародзіцы, тады размяшчалася ў былым касцёле, які быў ліквідаваны па ўказе начальніка Паўночна-Заходняга краю К. П. Каўфмана. Аляксандр ІІ у гонар наведвання ахвяраваў царкве вялікі дар — абраз Святога Аляксандра Неўскага, Марыі Магдаліны, архістратыга Міхаіла і Іосіфа-песнапісца.

Пасля царкоўных урачыстасцей цар пацікавіўся, як ажыццяўляецца ваенная рэформа 1874 года, якую ён стаў праводзіць пасля Крымскай вайны 1853-1856 гадоў. Аляксандр ІІ распытваў, як праходзіць адмена рэкрутчыны (служба ў арміі была 25-гадовай, а стала 6-гадовай), як на гэта глядзіць насельніцтва. Цар наведаў месца стрэльбаў (да сённяшняга часу тут захавалася кола землянога вала), цікавіўся, як дзейнічаюць новыя вінтоўкі, прывезеныя з казённых ваенных заводаў. Таксама ён агледзеў двухпавярховую казарму з кухняй і падсобнымі пабудовамі, якія знаходзіліся на вуліцы Юрыдыка (цяпер — Навадворская).

Варта сказаць, што расійскія імператары Аляксандр ІІ, Аляксандр ІІІ, Мікалай ІІ у розныя часы значыліся ў спісах Гродзенскага гусарскага палка.

Імператрыца Марыя Аляксандраўна вельмі добра аднеслася да мясцовых купцоў, сустрэўшыся з якімі, пачула, што яны прывозяць тавары з Ваўкавыска і Ружан, а бывае, што і з Варшавы і Парыжа, што гандаль у Лыскаве праходзіць не толькі на шумным восеньскім кірмашы, але і два разы на тыдзень. Набожная царыца нагадала, што сапраўдныя хрысціянскія купцы ўсё робяць з блаславення Божага і памнажаюць сваё багацце сумленна. Багаты купец з Лыскава Барыс Глінскі падарыў царыцы дыскас.

Пасля царыца наведала Пятніцкую царкоўна-прыходскую школу, якая знаходзілася ў будынку ліквідаванага рымска-каталіцкага манастыра. Звяртаючыся да святара і дзяцей, яна параіла, каб “…дзіцячыя малітвы не былі вонкавым выкананнем доўгу, а ішлі прама ад сэрца, падмацоўваліся думкай аб тым, што Бог заўсёды прысутнічае, усё бачыць, усё ведае і што анёл-ахоўнік заўсёды знаходзіцца з дзецьмі, радуецца, калі бачыць у іх добрае, і смуткуе, калі бачыць дрэннае”.

Царыца перадала свяшчэнніку дыскас, падораны купцом, на якім быў зроблены надпіс: ”У памяць аб наведванні Пятніцкай царкоўна-прыходскай школы Набожнай Гасударыняй Імператрыцай Марыяй Аляксандраўнай. Прынашэнне купца Барыса Глінскага”. Імператрыца падаравала прыходу срэбраны крыжык для таго, каб настаяцель храма

ўсклаў яго на першага нованароджанага пасля знаходжання яе тут. Царыца з’яўлялася як бы хрэснай свайго новага падданага, што нарадзіўся ў мясцовасці, насельніцтва якой выказвала ўдзячнасць прастолу і святой царкве.

Марыя Аляксандраўна была заснавальніцай Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа і не скупілася на ахвяраванні. Наведаўшы школу, яна і тут зрабіла ахвяраванне. На жаль, і пасля наведвання імператрыцы ў школе нічога не змянілася. Умовы для заняткаў былі вельмі дрэннымі. Аб гэтым у хуткім часе пісаў настаўнік Лыскаўскай школы Крамянкоў: ”Ёсць многа нязручнасцей у самім памяшканні школы. У класе толькі ўстаўлены вокны, зроблены лаўкі, пабелены сцены і больш нічога няма. Няма класнай дошкі. Дзверы ў школе прагнілі і не зачыняюцца, усюды скразняк, а ад гэтага ў класе холад, дзеці часта хварэюць…”

Не суджана было царскай сям’і пасля прыезду ў наш край доўга жыць… Царыца пакінула гэты свет праз пяць гадоў. Сумныя эпізоды з яе жыцця апісаныя прыдворнымі фрэйлінамі царскага двара. Імператар быў схільны да шматлікіх сардэчных забаў, якія сціплая царыца называла “замілаваннямі майго мужа”. Яна не хацела прыніжаць гасудара і бацьку сваіх дзяцей. Яна хвалявалася і за бяспеку сям’і. Нагадаем, што пры яе жыцці на цара было ўчынена некалькі замахаў. 11 красавіка 1866 года Дзмітрый Каракозаў няўдала страляў у Пецярбурзе, у Летнім садзе, у Аляксандра ІІ; 25 мая 1867 года паляк А. Беразоўскі ў Парыжы ўчыніў няўдалы замах, помсцячы за падаўленне паўстання 1863 года; 2 красавіка 1879 года А. Салаўёў страляў у цара падчас яго ранішняй прагулкі; 19 лістапада 1879 года пад Масквой народавольцы ўзарвалі цягнік царскай світы; 5 лютага 1880 года быў учынены выбух у Зімовым палацы.

Ад гэтых хваляванняў слабое здароўе гасударыні пахіснулася, 22 мая 1880 года яна пайшла з жыцця. Але на момант смерці жонкі ў імператара фактычна была другая сям’я — з княжной Кацярынай Даўгарукай. Ён пазнаёміўся з ёй падчас манеўраў на Украіне, калі ў 1859 годзе наведаў дом яе бацькоў у маёнтку Цяплоўка. Тады яму быў 41 год, а ёй — усяго 13. Імператар пасадзейнічаў паступленню Кацярыны ў Смольны інстытут, а праз некалькі гадоў выпадкова ўбачыўся з ёй і закахаўся… Ад іх сувязі нарадзілася чацвёра дзяцей. Прайшло вельмі мала часу пасля смерці імператрыцы, і 6 ліпеня 1880 года цар павянчаўся з Даўгарукай у паходнай царкве. Да гэтага Кацярына пастаянна паўтарала фразу: ”Гасудар будзе шчаслівы і спакойны толькі тады, калі павянчаецца са мной”.

Але іх спакойнае жыццё было зусім нядоўгім. 1 сакавіка 1881 года ў сталіцы Расійскай імперыі Аляксандр ІІ быў забіты 25-гадовым народавольцам Ігнаціем Грынявіцкім.

А ў летапісе 1881 года Лыскаўскай царквы запісана: ”2 сакавіка была атрымана сумная вестка аб смерці Гасудара Імператара Аляксандра Мікалаевіча. Пасля паніхіды пачалося закліканне да прысягі Аляксандру Аляксандравічу і спадчынніку яго Мікалаю Аляксандравічу. На другі дзень была адслужана літургія”.

Вера Церахава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *