Среда, 21 февраля 2018

ДЮСШ №1 г. Пружаны заняла третье место на республиканской олимпиаде

322

На рэспубліканскай спартакіядзе ў Гомелі, дзе спаборнічалі выхаванцы старэйшай узроставай групы з 21 ДЮСШ, былі вызначаны лепшыя спартыўныя школы краіны.

Без перабольшвання нашы спартсмены сёлета дасягнулі небывалага поспеху. Трэцяе месца ДЮСШ №1 г.Пружаны стала нават свайго роду сенсацыяй: школы Брэстчыны даўно зарэкамендавалі сябе як мацнейшыя ў Беларусі, а вось на п’едэстале пераможцаў прывыклі бачыць каманды ўстаноў Брэста, Пінска ці Баранавіч. Але на гэты раз лёгкаатлеты з Пружан больш спрытна абышлі сапернікаў і набралі 71 ачко, саступіўшы толькі выхаванцам цэнтраў алімпійскага рэзерву Гомеля і Мінска. Да слова, максімальны вынік, які дагэтуль паказвалі пружанцы, быў зафіксаваны ў 2014 годзе: тады каманда ДЮСШ №1 г.Пружаны ў выніковым пратаколе размясцілася на пятым месцы. Летась яна апынулася ў залатой сярэдзіне — на дзясятай пазіцыі.
Галоўнай гераіняй спартакіяды па праве назвалі Ганну Зубкову — прадстаўніцу спартыўнай хадзьбы, двухкратную рэкардсменку краіны. З улікам перамог на дзвюх дыстанцыях (3000 і 5000 метраў), на якіх яна не проста выканала нарматыў майстра спорту, але і пабіла рэспубліканскія рэкорды, дзяўчына прынесла камандзе 24 ачкі. Да слова, пачынала Ганна свой спартыўны шлях у Пружанах пад трэнерствам С.А.Чайкоўскага, а сёння яна ўдасканальвае свае здольнасці ў вучылішчы алімпійскага рэзерву ў г.п. Плешчаніцы.
Прызёрамі спартакіяды, якія зрабілі важкі ўклад у агульную скарбонку каманды, таксама аказаліся Максім Хільковіч (стаў трэцім на дыстанцыі 60 метраў) і Дзмітрый Чайкоўскі (заваяваў бронзу ў бегу на 800 метраў).
Вядома, пастараліся і астатнія юнакі і дзяўчаты: Яна Зубкова, Уладзіслаў Ільяшук, Рэвека Малчанава, Яўген Хільковіч — усе яны прынеслі ачкі, якія дазволілі роднай ДЮСШ апынуцца на трэцім месцы спартакіяды.
— Хаця нашы выхаванцы часта ўваходзяць у склад прызёраў на абласных першынствах, дзякуючы чаму нярэдка ўдастойваюцца гонару прадстаўляць Брэсцкі рэгіён і на рэспубліканскім узроўні, усё-такі гэтая перамога, бадай, адзін з самых значных вынікаў, — зазначыў дырэктар ДЮСШ №1 г.Пружаны Уладзімір Мелеш. — Ніколькі не прымяншаючы заслугі самых юных спартсменаў, хочацца адзначыць выдатную трэнерскую работу Сяргея Аляксандравіча Чайкоўскага і Валянціны Адамаўны Красько — нашых выкладчыкаў з вялікім стажам і багатым вопытам. Вядома, ім трэба аддаць належнае.
Як зазначыў Уладзімір Іванавіч, абодва трэнеры маюць выхаванцаў, якія сёння ўваходзяць у склад нацыянальнай каманды.
Марына Вакульская, фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *