Воскресенье, 20 мая 2018

Торжественно открыта памятная доска в честь Елены Лось. Теперь детская библиотека будет носить имя знаменитой художницы

547

У мінулую пятніцу, нягледзячы на непагадзь, каля будынка раённай дзіцячай бібліятэкі было шматлюдна. Юныя чытачы, іх бацькі, настаўнікі, словам, сапраўдныя прыхільнікі культурнага жыцця, прыйшлі сюды на ўрачыстае адкрыццё памятнай дошкі ў гонар Алены Георгіеўны Лось (1933 – 2013). Гэтай вядомай беларускай мастачцы, найлепшаму ілюстратару дзіцячых кніг 22 студзеня споўнілася б 85 гадоў.
На пачатку мерапрыемства загадчыца дзіцячай бібліятэкі Вольга Фёдараўна Дзімітруковіч з радасцю нагадала ўсім прысутным, што ў канцы мінулага года ўстанове, якую яна ўзначальвае, было прысвоена ганаровае імя Алены Лось. Мастачка пэўны час жыла на Пружаншчыне і потым у розных сваіх гутарках і інтэрв’ю неаднойчы згадвала і Лыскава, і Ружаны, і Магілёўцы, і іншыя прыгожыя старажытныя мясціны раёна. Тыя дзіцячыя ўспаміны натхнялі яе ў творчасці.
Ганаровае права адкрыць дошку атрымалі выдатнікі вучобы, адны з лепшых чытачоў і адданых сяброў бібліятэкі – вучні 6 класа гімназіі Дзяніс Пропер і Лізавета Хатулева.
Вольга Фёдараўна пазнаёміла прысутных з ганаровымі гасцямі. Кожны з іх быў знаёмы з Аленай Лось. З іх цёплых і шчырых слоў у яе адрас, з іх слёз, якія па-здрадніцку зіхацелі на вачах, здавалася, “сплёўся” сапраўдны вянок памяці.
— Шкада, што сярод нас няма Алены Георгіеўны. Добра, што засталася яе багатая спадчына: і карціны, і кніжкі з ілюстрацыямі, — адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімаш. — Нам застаецца толькі вучыцца ў гэтага чалавека ўменню бачыць вакол сябе рэдкую прыгажосць у незвычайных рэчах. Яе творчасць вельмі ўзнёслая, светлая і радасная. І да ўсяго, Алена Георгіеўна — вялікі патрыёт нашай Беларусі. Любіла і беларускі фальклор, і беларускую песню, нашу вёску і яе людзей. Нягледзячы на шматлікія запрашэнні з-за мяжы, для творчай рэалізацыі яна выбрала сваю радзіму. Я шчаслівы, што мне давялося асабіста пагаварыць з ёю, абняць як маці і адчуць, што яна — рэдкай душэўнай прыгажосці чалавек. Добры. Тонкі. Чулы. Наша бібліятэка па праве будзе насіць імя гэтай выдатнай мастачкі.
— Апладзіруйце, пружанцы, і глядзіце, як Алена Лось усміхаецца і радуецца, таму што на гэтай вуліцы сустрэлася з вамі і са сваім даўнім сябрам Рыгорам Шырмам… Людзі, хадзіце ў бібліятэку! Калі вы знойдзеце нешта сваё, у вас абавязкова вырастуць за плячыма крылы! — вобразна заклікаў гледачоў да творчасці пісьменнік з Мінска Уладзімір Іванавіч Ягоўдзік, які раздзяліў з пружанцамі радасць урачыстых хвілін.
Не менш узнёсла гаварыў і Юрый Зялевіч, дырэктар музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, у фондах якога вось ужо дзесяць гадоў захоўваецца багатая калекцыя карцін, кніг і памятных дыпломаў Алены Лось. Іх яна асабіста перадала ўстанове.
Падзялілася сваімі ўспамінамі і народны майстар Беларусі Марыя Мікалаеўна Кулецкая, якая была запрошана Аленай Лось нават у “святая святых” — сваю мінскую майстэрню. Як аказалася, менавіта прыгажосць карцін і ілюстрацый Алены Лось, якімі Марыя Кулецкая любавалася з ранняга дзяцінства, і паспрыялі яе прафесійнаму выбару…
Пасля шчырых прамоў свята прадоўжылася ў бібліятэцы, дзе былі наладжаны выставы з дзясяткамі дзіцячых кніг у афармленні Алены Лось, з яе аўтографамі.
Скончылася імпрэза цудоўным канцэртам. У выкананні дзіцячага інструментальнага ансамбля ДШМ “Каларыт” (кіраўнік Міхаіл Захаркіў) і фальклорнага гурта школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Кацярыны Гуга прагучалі цудоўныя беларускія песні і кампазіцыі. Дзякуючы юным музыкантам, у канцэртнай зале запанаваў такі настрой, што, здавалася, сапраўды, як прадказваў Уладзімір Ягоўдзік, у людзей пачалі з‘яўляцца крылы.

НА ЗДЫМКАХ: на ўрачыстым адкрыцці памятнай дошкі слова ўзяла загадчыца дзіцячай бібліятэкі В.Ф. Дзімітруковіч; вучні 6 класа гімназіі знаёмяцца з выставай, прысвечанай мастачцы; пісьменнік У.І. Ягоўдзік на імпрэзе.
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *