Вторник, 16 октября 2018

3 совета, как не стать жертвой мошенников. Запоминаем и учим родителей!

350

Вам патрэбна адрамантаваць вокны
З такой прапановай давялося сутыкнуцца аднаму нашаму чытачу з вёскі Лінова, які і паведаміў нам гэту гісторыю.
«У першыя паслянавагоднія дні да мяне завіталі маладыя людзі прадстаўнічага выгляду з прапановай бясплатна абследаваць пластыкавыя вокны ў маім доме. Як потым высветлілася, яны прайшліся па ўсёй вёсцы з такой жа прапановай. І нямала аднавяскоўцаў пагадзілася на «бясплатную» паслугу. Не, візітоўцы праверылі шклопакеты сапраўды бясплатна. А вось знойдзеныя недахопы прапанавалі выправіць за грошы. Іх знайшлося нямала, і кожная, як сцвярджалі візітоўцы, «літаральна ў бліжэйшы час прымусіць мяняць акно». Такі аргумент канчаткова пераканаў падпісаць адпаведны дагавор. Вось толькі потым даведаўся, што цэны ў ім былі ўказаны ў пяць, а то і дзесяць разоў вышэйшыя за рыначныя. Ці магу я адмовіцца ад сваіх абавязацельстваў па аплаце работ?»

Не ўсюды такі сэрвіс прапануецца настолькі тонка, некаторыя «фірмы» дзейнічаюць больш агрэсіўна. Напрыклад, аднойчы мне ў дзверы пастукала маладая дзяўчына з папкай у руцэ і літаральна загадала сабрацца разам з усімі жыхарамі пад’езда, каб абмеркаваць пытанне якасці вады. Як потым высветлілася, такім чынам невядомыя прадпрымальнікі вырашылі рэалізаваць фільтры для пітной вады, аб мэтазгоднасці якіх ужо пісала «раёнка». Забараніць такую дзейнасць немагчыма, калі фірма афіцыйна зарэгістравана. Наконт якасці прадукцыі таксама складана спрачацца: фільтр сапраўды пастаўляе чыстую пітную ваду. Вось толькі яе не ачышчае: вада, прапушчаная праз фільтр, захоўвае менавіта тую ж якасць, якую набывае, праходзячы праз абсталяванне водазабяспечваючай арганізацыі. Пры гэтым устаноўленыя фільтры ваду не псуюць, значыць, ніякай пагрозы здароўю не нясуць. Вось толькі яны як пятае кола ў возе — увогуле непатрэбны. І што цікава, маюць «завоблачны» кошт ад паўтары тысячы рублёў… Варта сказаць, што не ўсіх такая сума палохае, напрыклад, з майго пад’езда некалькі пенсіянераў пагадзілася на ўстаноўку фільтраў.
Спіс падобных карысных тавараў можна працягваць. Посуд, што нібыта сам гатуе ежу, коўдры, пад якімі «цёпла зімой і камфортна летам», вусцілкі ў абутак, што дапамогуць пазбегнуць праблем з нагамі. Да гэтых прапаноў дабавіліся новыя: сантэхнічныя паслугі, праверка дзвярных замкоў, правільнасці работы электралічыльніка і нават замена выключальнікаў з разеткамі. У тым жа спісе знаходзіцца і «рамонт пластыкавых вокнаў».
Паводле дагавора, які прадэманстраваў наш чытач, рамонт чатырох вокнаў каштуе столькі, колькі неабходна на поўную замену двух з іх. Так і з устаноўкай фільтраў для вады: значна выгадней набыць кулер і на працягу дзясятка гадоў карыстацца паслугамі кампаніі па дастаўцы ў бутлях чыстай пітной вады.
Падсумоўваючы вышэй сказанае, прыходзім да наступных вывадаў. Па-першае, змагацца з такім відам падману на сённяшні дзень павінны самі грамадзяне. Не трэба згаджацца на ўдзел у розных прэзентацыях, дзе дасканала адпрацавана схема пераканання, пачынаючы ад стварэння адпаведнай атмасферы і заканчваючы сапраўдным лінгвістычным праграміраваннем псіхікі з дапамогай правільна падабраных слоў і фраз. Задумайцеся, ці сапраўды вам патрэбны вусцілкі коштам, як тры пары ботаў? Ніколі не пускайце ў свой дом чужых людзей з падобнымі прапановамі сэрвісу. Калі лічыце, што вам сапраўды патрэбны такія паслугі, то лепш скарыстайцеся дапамогай спецыялізаваных арганізацый. Напрыклад, той жа рамонт пластыкавых вокнаў амаль ва ўсіх выпадках патрабуе нескладаных аперацый, выканаць якія могуць прадстаўнікі тых кампаній, што займаюцца ўстаноўкай шклопакетаў і рэкламуюць сваю дзейнасць у афіцыйных выданнях, у тым ліку і ў «раёнцы».
Па-другое, хітрыя дзяльцы ў сваіх прапановах арыентуюцца на больш даверлівых людзей — пажылых. Засцерагчы іх ад падману могуць дзеці. Яны павінны пераканаць сваіх старых бацькоў у тым, што перад атрыманнем паслугі або набыццём дарагіх тавараў варта спачатку параіцца з членамі сям’і. Таксама можна папрасіць бацькоў не рабіць «падарункаў-сюрпрызаў» ад выязных гандляроў рознымі «вострымі нажамі, тачылкамі для іх, суперпуперліхтарыкамі і заварнікамі, што захоўваюць увесь водар гарбаты». На самай справе, усе гэтыя тавары ідуць да нас з далёкай усходняй краіны і якасць іх вельмі нізкая ў адрозненне ад кошту.
І па-трэцяе, калі ж вы ўсё-такі падпісалі дагавор на аказанне падобных паслуг, то скасаваць яго будзе хоць і вельмі складана, але магчыма. Адзін мой знаёмы, напрыклад, адмовіўся аплачваць дарагі сэрвіс і сам пагражаў звярнуцца на такіх прадпрымальнікаў у суд. Вось ужо чацвёрты месяц да яго ніхто не тэлефануе з патрабаваннем аплаціць паслугу. Відавочна, што дзяльцам лішні раз сутыкацца з законам не хочацца, тым больш ствараць прэцэдэнт доказу сваіх неправамерных дзеянняў. Калі ж ваша адкрытая адмова не дапаможа, то ў суд усё-такі варта звярнуцца, бо ёсць вялікая магчымасць даказаць празмернае завышэнне цэн, якое таксама не вітаецца нашым заканадаўствам.

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *