Пятница, 17 августа 2018

Среди «100 идей для Беларуси» есть и пружанская!

868

Каля паўсотні лепшых маладзёжных праектаў было прадстаўлена на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» арганізатарам якога з‘яўляецца БРСМ. Ён прайшоў на мінулым тыдні ў горадзе над Бугам.
Агляд самых інавацыйных ідэй быў арганізаваны на базе Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка. На выставе-прэзентцыі прадставілі лепшыя распрацоўкі школьнікаў, студэнтаў, навучэнцаў, а таксама маладых людзей, якія ўжо працуюць. Экспертная камісія звярнула ўвагу на арыгінальнасць і практычную каштоўнасць работ.
Як зазначылі самі арганізатары, сёлетняя выстава адрознівалася ад папярэдніх разнастайнасцю праектаў: прапановы маладых вынаходнікаў і рацыяналізатараў былі прысвечаны біяразнастайнасці, рацыянальнаму прыродакарыстанню, экалогіі, бяспецы жыццядзейнасці, інклюзіўнай прасторы, прамысловым і аграпрамысловым тэхналогіям. Па накірунку «Энергетыка і энергаэфектыўнасць, атамная энергетыка» цікавасць у камісіі выклікаў праект «Рэкуператар цеплавой энергіі сцёкавых вод», прадстаўлены жыхаром Пружан Віктарам Валер’евічам Маставым.
Чым жыве малады чалавек, над якімі ідэямі яшчэ працуе — са слоў аўтара адной з лепшых ідэй Брэстчыны.
Пра сябе і самарэалізацыю
Я родам з Украіны. Скончыў Днепрапятроўскую металургічную акадэмію па спецыяльнасці «аўтаматызацыя вытворчасці». У Беларусі атрымліваю яшчэ адну спецыяльнасць: вывучаю аўтаматычныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце.
Мой працоўны стаж звязаны пераважна з камп’ютарамі. На гэты конт хочацца адзначыць, што ў працадаўцаў шаблоннае мысленне: калі ў цябе няма адпаведнага дыплома, то ты не спецыяліст. У жыцці сустракаюцца адваротныя сітуацыі: іншы раз чалавек з’яўляецца намнога лепшым спецыялістам не ў той спецыяльнасці, што напісана ў дыпломе. Я, напрыклад, маю і педагагічны стаж: на працягу трох гадоў праводзіў эксперымент з дзецьмі дашкольнага ўзросту, пісаў нават метадычную работу.
Лічу, што самая галоўная праблема дарослага чалавека — не самарэалізавацца. Калі праз гадоў дваццаць я задам сабе пытанне «ці ўсе магчымасці я выкарыстаў, каб рэалізаваць сябе ў жыцці?» і зразумею, што не выкарыстаў нейкі шанец, дадзены лёсам, то я не змагу сабе гэта дараваць. Падобным шанцам лічу, дарэчы, пераезд у Беларусь.
У Пружаны, адкуль родам мая жонка, пераехаў з Днепрапятроўска ў 2015 годзе. А неўзабаве пачуў пра конкурс «100 ідэй для Беларусі». Два гады таму адправіў на яго два свае праекты, але чамусьці пра іх успомнілі толькі зараз.
Сёння працую ў Пружанскім РЦГЭ адміністратарам сеткі і па сумяшчальніцтве інжынерам-праграмістам.

Пра рэкуператар
Згодна з нормамі СанПіН, тэмпература вады, якая цячэ з гарачага крана, павінна быць 50 градусаў. Пасля купання альбо мыцця посуду да каналізацыі вада даходзіць з тэмпературай каля 30 градусаў. Калі вада бярэцца з вуліцы на падагрэў, яе прыблізная тэмпература складае 10 градусаў. Які сэнс выліваць гарачую ваду ў каналізацыю? Чаму б не выкарыстоўваць цеплаабменнік і забіраць цяпло сцёкавых водаў на папярэдні падагрэў вады, якая затым будзе грэцца да патрэбнай тэмпературы? Я падлічыў, што такім чынам сярэдне-статыстычнае значэнне расходу энергіі на падагрэў вады можна скараціць на 37,5%. Калі падабраць якасны матэрыял, зрабіць добрую канструкцыю, каэфіцыент эканоміі можна і павысіць. Нават у максімальна неэфектыўных умовах рэкупераратар дазволіць эканоміць 5% энергіі, якая выдаткоўваецца на падагрэў вады.
Да слова, гэтая ідэя ўзнікла, калі працаваў у Водным палацы, гледзячы на тое, колькі вады проста зліваецца ў каналізацыю і якія рахункі выстаўляюцца за гігакалорыі на яе падагрэў.

Пра іншыя распрацоўкі
Увогуле, на сённяшні дзень у мяне ёсць шэсць праектаў, якія я ўжо магу заяўляць на падобныя конкурсы. Для ўдзелу ў фінале «100 ідэй для Беларусі» мяркую зрабіць партфоліа, якое і пакажу экспертнай камісіі. Дарэчы, рэкуператар — самы просты праект. Са складаных, напрыклад, рухавік з новым прынцыпам работы, які я прыдумаў і назваў цэнтрабежна-дэмпферным. Хацелася б увасобіць у жыццё сваю ідэю па аптымізацыі колькасці электраэнергіі, якая спажываецца для ахалоджвання Цэнтра апрацоўкі даных.
Шмат часу я патраціў на даследаванне чужых праектаў. Напрыклад, на тэрмаядзерны рэактар халоднага сінтэзу, які многія маглі ўбачыць у фільме «Жалезны чалавек». Яго ў 2012 годзе вынайшаў італьянец. Хацелася б рэпрадуктаваць рэактар, але для гэтага патрэбны лабараторныя ўмовы. Мару ўбачыць, як працуе вадзяны рухавік Шаўбергера, створаны яшчэ ў 1945 годзе. Але па прычыне адсутнасці адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай базы большасць маіх праектаў існуе толькі на паперы.

Цяпер работу Віктара Маставога будуць ацэньваць на рэспубліканскім этапе «100 ідэй для Беларусі». Усяго ж у фінале конкурсу Брэсцкі рэгіён прапануе каля паўтара дзясятка найбольш перспектыўных распрацовак.

Марына Вакульская.

Один комментарий

  • Молодцы ребята, необходимо продвигать новые и неизведанные идеи что бы прославится исамому и прославить свою страну

    Рейтинг комментария:Vote +1+5Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *