Воскресенье, 20 мая 2018

В Шерешево доктор в Деда Мороза превращается и лечит добрым словом и холодом!

381

— Дзе ты ходзiш,
Дзед Мароз?
—Дзе марозiш
ты свой нос?
А на носе крапіны,
А вось вочы… татавы!

Маюць рацыю шарашэўскія хлопчыкі Мікіта і Даніла Вярцінскія, калі робяць такую неверагодную заяву: раз на год іх тата апранае чырвоны кажух і пачынае каля зялёнай ёлачкі вадзіць карагоды, таму што ён… самы сапраўдны Дзед Мароз! Не абышліся без яго шарашэўцы і ў Новым, 2018, годзе.
Аляксандр Дзмітрыевіч Вярцінскі мясцовы, нарадзіўся ў Шарашэве. Тут прайшло дзяцінства, а гэта значыць, што менавіта тут і пачаў ён марыць і верыць у цуды. Некалі хадзіў у дзіцячы садок, які тады знаходзіўся ў тым будынку, дзе зараз размешчана школа мастацтваў. У гэтай установе Аляксандр Дзмітрыевіч вось ужо пяць гадоў запар і сустракае Новы год у якасці галоўнага героя свята. Аднак у працоўнай кнізе, на жаль, яго цудоўная “навагодняя” прафесія не значыцца. Там іншы запіс — тэрапеўт! Так, так, на працягу трох зімовых месяцаў ён “марозіць” людзей, а астатнія дзевяць — іх лечыць.
Вучыўся Аляксандр Дзмітрыевіч у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (г. Мінск), пасля заканчэння якога год стажыраваўся ў Брэсце, а апошнія 10 гадоў працуе ўчастковым тэрапеўтам у Шарашоўскай бальніцы. Тут працуе медсястрой яго жонка Іна Іванаўна (дарэчы, менавіта яна спачатку выконвала ролю Снягуркі). У 2004 годзе ў “марознай” пары нарадзіўся сын Мікіта (сёння ён выпускнік мясцовай ДШМ, выдатна іграе на фартэпіяна і гітары), а праз тры гады на свет з’явілася ячшэ адно дараванне – сын Даніла, які асвойвае баян.
— А што тут здзіўляцца?! У таленавітых бацькоў – таленавітыя дзеці. Ой, нездарма яны носяць такое гучнае прозвішча – Вярцінскія! Наш Аляксандр Дзмітрыевіч сам навучыўся іграць на фартэпіяна, ды і спявае прыгожа! Вось таму некалі я і запрасіла яго на ролю Дзеда Мароза. Спачатку вельмі хваляваўся, а за пяць гадоў стаў сапраўдным “Марозішчам”: ведае, як паводзіць сябе на сцэне, імправізуе, – не нарадуецца на Дзеда Мароза Таццяна Мікалаеўна Чыгрына, настаўнік сальфеджыа і галоўны арганізатар навагодніх святаў у Шарашоўскай ДШМ.
Дарэчы, святы ў пасёлку ладзяцца і для дзяцей, і для дарослых, таму пытаюся ў “Мароза Вярцінскага”:
— Няўжо дарослыя яшчэ вераць у цуды?
— Я веру. Пачуццё свята ў мяне з’яўляецца, як толькі пачынаю несці дзецям падарункі ў чырвоным мяшку. Побач з імі, здаецца, сам зараджаешся энергіяй і пачынаеш верыць у казку. А вочы якія ў дзяцей! Як глянеш — адразу разумееш, што ў гэтае імгненне цуд адбываецца! — усміхаецца Аляксандр Дзмітрыевіч.
— А як быць Вашым родным дзецям? Вочы ж у Дзеда Мароза татавы! Святы праходяць — знікае і зачараванне?
— Мае дзеці вераць, што я — памочнік галоўнага, белавежскага, “дзядулі”, а дарослыя, нават у бальніцы, яшчэ да канца студзеня будуць зваць мяне выключна “Дзедам Марозам” і “патрабаваць”, каб я даў запыт у “нябесную канцылярыю” наконт маразоў і завей, якія апошнім часам звычайна дзесьці затрымліваюцца…
На жаль, саромеюся спытаць у “марознага” тэрапеўта ячшэ і пра тое, чым ён рэкамендуе лячыць прастуду. Няўжо марожаным?

На фота: шарашэўскі Дзед Мароз са Снягуркай, выпускніцай ДШМ Марынай Карэтка.

Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *