Четверг, 1 октября 2020

Подведены итоги конкурса на лучшее новогоднее украшение

1 290

Бясспрэчна, што святочнага настрою ў перыяд навагодніх святаў дадае яшчэ і гарадское ўбранне: разнастайная ілюмінацыя ў выглядзе аб’ёмных святлодыёдных фігур, рознакаляровых гірлянд, якімі ўпрыгожаны вітрыны, фасады, дрэвы, надзіманыя Дзеды Марозы…
Здаецца, у кожнага з гараджан ёсць свае фаварыты сярод стваральнікаў казачнай прыгажосці. Адны захапляюцца ўбраннем каля ААТ «Пружанскі малочны камбінат», камусьці даспадобы ілюмінацыйнае рашэнне каля хлебазавода, Пружанскага РКБА. Вучэбны корпус Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа, будынкі «Белдзяржстраху», Палаца культуры, прылягаючыя тэрыторыі каля завода радыёдэталяў… Увогуле хаця б сціплыя гірлянды павесілі, напэўна, усе арганізацыі. А па меркаванні журы, якое падводзіла вынікі агляду-конкурсу на лепшае навагодняе афармленне аб’ектаў, найлепш падрыхтаваліся да Новага года ПМК-21, якая ўжо неаднойчы аказвалася ў прызёрах конкурсу, і Пружанскае КУВП «Камунальнік», якое паспявае ўпрыгожыць не толькі свой адміністрацыйны будынак і тэрыторыю побач з ім, але і гарадское кальцо, вуліцы, шматпавярхоўкі. Ім былі прысуджаны першае і другое месцы адпаведна, за якія пераможцаў, акрамя дыпломаў, чакаюць грашовыя ўзнагароды (10 і 8 базавых велічынь у залежнасці ад занятага месца). Дарэчы, чамусьці сёлета яны аказаліся адзінымі арганізацыямі, якія падалі заяўкі на ўдзел у конкурсе.
Трэба аддаць належнае і ўладальнікам прыватных дамоў: да сядзіб, якія не першы год радуюць прахожых арыгінальнымі ўпрыгожаннямі, яркімі святлодыёднымі падсветкамі, штогод дабаўляюцца ўсё новыя. Сёлета лепшымі былі прызнаны светлавыя рашэнні Людмілы Купрыян, што жыве ў Пружанах па вуліцы Катоўскага (1 месца, 8 базавых велічынь), Дзмітрыя Цімановіча з Руднікаў (2 месца, 6 базавых велічынь) і Тамары Кісель, домаўладанне якой знаходзіцца ў горадзе па вуліцы Леніна (3 месца, 4 базавыя велічыні).
…Паступова горад пачынае «скідаць» сваё святочнае ўбранне: прыгожыя фігуркі, метры гірляндаў і іншыя аздабленні старанна запакоўваюцца, каб менш чым праз год ізноў надаць Новаму году атмасферу казкі.

Упершыню сёлета вырашылі адзначыць самых крэатыўных і сярод калектываў аграпрамысловага комлексу, якія задавалі святочны настрой прыгожай ілюмінацыяй і яркім афармленнем. Як удакладняе старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І.І.Ярома, гэтая ідэя ўзнікла спантанна.
— Камісія аб’ехала ўсе 15 сельгаспрадпрыемстваў раёна і ацаніла, як у перыяд навагодніх святаў выглядаюць адміністрацыйныя будынкі і прылягаючыя да іх тэрыторыі. У цэлым афармленне было арганізавана на дастойным узроўні. Можна адзначыць і ААТ «Агра-Калядзічы», і ААТ «Ружаны-Агра», і ААТ «Пружанскае», і ААТ «Айчына»… Тым не менш былі і тыя, што выглядалі на фоне астатніх больш эфектна.
У прыватнасці, трэцяе месца было прысуджана ААТ «Шані-аграпрадукт», другое — ААТ «Велікасельскае Агра». А самай лепшай была прызнана пераднавагодняя падрыхтоўка работнікаў ААТ «Мурава». Пераможцы атрымаюць грашовыя ўзнагароды ад раённага савета аграсаюза: па 500, 350 і 150 рублёў за першае, другое і трэцяе месцы адпаведна.

Слова пераможцам
— Такая прыгажосць стваралася гадамі: усю ілюмінацыю, штучныя ёлачкі, іншае дэкаратыўнае афармленне штогод дакупляем, назапашвалі. Сёлета, напрыклад, на навагоднія ўпрыгожванні было выдаткавана больш за 2000 рублёў, — расказвае галоўны бухгалтар ААТ «Мурава» Антаніна Таразевіч.
Неонавая падсветка па перыметры будынка, светадыёдная гірлянда-вадапад на фасадзе, рознакаляровая ілюмінацыя на «жывой» агароджы — елачках і туях, што растуць на прылягаючай тэрыторыі, фігуркі аляняці з санкамі і выява фантана на газоне — свеціцца літаральна ўсё. Да слова, на яркае святло ў святочныя дні збіраліся і мясцовыя жыхары, і праязжаючыя праз Мураву людзі: сфатаграфавацца на фоне рукатворнай прыгажосці жадаў кожны.
Як заўважае юрыст таварыства Васіль Ясковіч, прыгожае ўбранне будынка — справа рук усяго калектыву.
— З часам ужо склалася і пэўная традыцыя: практычна кожнае дрэўца каля адміністрацыі замацавана за тым ці іншым кабінетам. У адпаведнасці са сваёй фантазіяй, ідэямі работнікі афармляюць зялёныя насаджэнні. У выніку ўсё выглядае разнастайна, па-свойму арыгінальна.
Навагодняя атмасфера, да слова, лунае і ў кабінетах, якія таксама стыльна, з густам і любоўю ўпрыгожаны на перыяд навагодніх святаў. Больш за тое, абавязковымі атрыбутамі свята — гірляндамі і ёлачкамі — аздоблены тэрыторыя і памяшканні майстэрняў і малочнатаварных копмлексаў.
Калектыў аддае належнае і кіраўніку гаспадаркі: Пётр Мікалаевіч Білецкі падтрымлівае ўсе слушныя ініцыятывы работнікаў — ад вытворчых да грамадскіх. «Таму мы ніколі не адстаём: ні па вытворчых паказчыках, ні па выніках спартыўных спаборніцтваў, конкурсаў сандружын і іншых першынстваў», — падкрэслівае калектыў.
І гэта той выпадак, калі добры прыклад варты пераймання: многія работнікі гаспадаркі — ад бухгалтараў, спецыялістаў да аператараў і механізатараў — штогод стараюцца арыгінальна ўпрыгожыць свае сядзібы. Члены камісіі, якія вызначалі пераможцаў конкурсу, нават звярнулі ўвагу на тое, што Мурава і Навасёлкі — самыя ўпрыгожаныя вёскі Пружаншчыны. А адміністрацыя ААТ «Мурава» нават плануе напярэдадні наступнага Новага года аб’явіць сярод работнікаў конкурс на лепшае ўпрыгожванне сваёй сядзібы.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *