Суббота, 20 января 2018

Дорога к самостоятельности с помощью субсидии. Александр Жуковский рассказал, как стал предпринимателем

382

Да рашэння стаць індывідуальным прадпрымальнікам Аляксандр Жукоўскі ішоў не адзін дзясятак гадоў. На пачатку 90-х гадоў ён яшчэ служыў у арміі, пра якую краіна, што толькі-толькі атрымала суверэнітэт, мякка кажучы, мала клапацілася. Таму нядзіўна, што вайскоўцы, каб пракарміцца, вымушаны былі, акрамя службы Айчыне, займацца рознымі іншымі справамі. Так Аляксандр Аляксандравіч разам са знаёмым вырашылі рамантаваць аўтамабілі «ў гаражы». У той час пасля адкрыцця мяжы з Германіі і іншых еўрапейскіх краін ішоў буйны паток іншамарак не першай маладосці, якія трэба было падрамантаваць і аднавіць. Словам, заказаў было нямала.
Вось толькі Жукоўскі ў тым тандэме быў не на першых ролях: ён адказваў толькі за тэхнічную частку, а ўсе эканамічныя пытанні вырашаў сябра, які потым і стаў заснавальнікам фірмы. Дарэчы, яна зараз лічыцца адной з самых буйных у Паставах. Магчыма, Аляксандр змог бы атрымаць месца партнёра, але па сямейных абставінах быў вымушаны вярнуцца на радзіму, у Пружаны.
Тут таксама былі ўсе ўмовы, каб адкрыць уласную справу. З улікам атрыманага вопыту Аляксандр працягнуў рамантаваць машыны, прывезеныя з-за мяжы. Між тым «ералаш», што назіраўся ў беларускай эканоміцы ў першай палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя, паціху зыходзіў. За неафіцыйныя майстэрні шчыльна ўзяліся падатковыя органы, што прымушала або закрывацца з-за штрафных санкцый, або
афіцыйна рэгістравацца. Аднак рашучасці стварыць адпаведную фірму Жукоўскаму зноў не хапіла. Калі ж гэта зрабіў іншы прадпрымальнік, майстар пайшоў працаваць да яго. Але па розных прычынах праз некалькі гадоў давялося зноў мяняць месца працы, бо вельмі не падабалася адсутнасць сацыяльных гарантый з боку наймальніка. Некаторае задавальненне Аляксандр атрымаў у «дзяржаўным» прадпрыемстве, дзе і адпрацаваў амаль 13 гадоў.
— Калі ты з’яўляешся «вінцікам» у вялікім калектыве, то вымушаны працаваць не толькі за сябе, але і «за таго хлопца»,— разважае Аляксандр. У выніку заработная плата дзеліцца роўна паміж усімі. У дадатак не ты сам складаеш свой працоўны распарадак, размяркоўваеш, што і калі будзеш рабіць, а тваё кіраўніцтва.
У выніку, прайшоўшы практычную школу аўтаслесара, атрымаўшы багата ведаў наконт асноў прадпрымальніцкай дзейнасці, А.А.Жукоўскі ўсё-такі вырашыў стаць індывідуальным прадпрымальнікам. У аддзеле эканомікі райвыканкама, куды ён звярнуўся па афіцыйную рэгістрацыю, яму параілі скарыстацца фінансавай дапамогай ад службы занятасці на адкрыццё ўласнай справы. Менавіта ў недахопе стартавага капіталу і хаваецца асноўная праблема ў распачынанні свайго бізнесу: абапіраючыся толькі на адно майстэрства, без першачарговага набору інструментаў наўрад ці можна аказваць адпаведныя паслугі. Вырашыць гэтую складанасць і дапамог Аляксандру зварот у аддзел занятасці. Спецыялісты дапамаглі прайсці навучанне азам прадпрымальніцтва, скласці ўласны бізнес-план, які вызначыў патрэбны накірунак дзейнасці. І, безумоўна, дарэчы прыйшлася і фінансавая падтрымка ў выглядзе невяртаемай субсідыі.
— Некаторы запас інструментаў у мяне быў, а на атрыманыя грошы вырашыў набыць кампрэсар, без якога немагчыма якасна адрамантаваць кузаў аўто, правесці яго апрацоўку і аднавіць лакафарбавае пакрыццё. У дадатак хапіла выдзеленых сродкаў на пакупку зварачнага апарата і некаторых іншых прафесійных электраінструментаў.
Зразумела, як гаворыць Жукоўскі, субсідыі не хопіць на тое, каб пабудаваць уласнае памяшканне, стварыць належныя ўмовы працы і нават наймаць дадатковы персанал. Выдзяляецца мена-віта стартавая сума, якая дае штуршок тым, хто мае канкрэтныя планы і, вядома, валодае некаторай уласнай сумай для адкрыцця сваёй справы. А яшчэ — гэта магчымасць прайсці выпрабавальны перыяд, які з’яўляецца абавязковым для ўсіх пачынаючых прадпрымальнікаў.
Так атрымалася і ў Аляксандра Жукоўскага, які некалькі месяцаў знаходзіцца «на вольным хлебе» і ніколькі не шкадуе аб зробленым выбары. Хаця не абыходзіцца тут і без недарэчнасцей. У якасці адной з іх майстар называе неабходнасць адразу ўстанаўліваць плацёжны тэрмінал для разлікаў пластыкавай карткай. Асаблівасць яго бізнесу заключаецца ў тым, што на кузаўны рамонт ідзе нямала часу.
— Гэта не замена масла або шынамантаж, калі за працоўны дзень можна абслужыць дзясятак ці больш кліентаў. Я за месяц паспяваю выканаць толькі адзін заказ. І дзеля разліку аднаго чалавека буду ўстанаўліваць і абслугоўваць тэрмінал?
Зручнасць гэтага ў будучым Жукоўскі ўсё-такі не выключае, як і планаў па далейшым росце свайго маладога аўтасэрвісу.
Мовай лічбаў
У асноўным заяўнікі атрымалі дапамогу ў памеры 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму на дату заключэння дагавора. А для тых, хто пражываў на гэты момант у сельскай мясцовасці, сума падтрымкі склала 15 БМП.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *