Суббота, 20 января 2018

«Бусел» як сведка добрых спраў

394

Многія рэчы нагадваюць чалавеку, што час бяжыць хутка… У кожнага свае прыкметы часу. Асмелюся выказаць здагадку, што ў жыхароў Пружаншчыны ёсць і свая такая… Гэта «Бусел», які стаіць каля аўтамабільнай трасы, што злучае Пружаны і Ружаны. Здаецца, яшчэ нядаўна бацькі паказвалі яго нам, а ўжо і мы самі сцішваем ход машыны, каб паказаць немудрагелістую драўляную скульптуру сваім дзецям.
У дзяцінстве і час, і адлегласць вызначаюцца па-іншаму. Усё было проста: калі заехалі за «Бусла», значыць, падарожжа далёкае. Асаблівым шчасцем было, калі дарослыя знаходзілі час і спыняліся тут на перакус. Зразумела, што ежа там была самай смачнай, нават смачнейшай за «зайчыкавы хлеб», да таго ж можна было проста падысці да «Бусла», задраўшы галаву, разгледзець прымацаваную жабу і паспрабаваць зазірнуць у збан. Таму такія прыпынкі былі вельмі чаканымі.
Больш за сорак гадоў «Бусел» сустракае і праводзіць пружанцаў і гасцей раёна. Здаецца, не так і доўга… І тым не менш дакладную дату ўстанаўлення гэтай канструкцыі высветліць не атрымалася, як, на жаль, і імя аўтара, які выканаў работу.
Як давялося даведацца, прыкладна ў пачатку 1970-х гадоў тагача

снаму галоўнаму ўрачу Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцы «Магілёўцы» Аркадзю Аляксеевічу Герасімовічу прыйшла ідэя ўстанавіць у раёне «Бусла». Справа ў тым, што падчас падарожжа па Украіне ён шмат дзе бачыў драўляных журавоў, якія стаялі ўздоўж дарог (па адной з версій, меў да падзеі непасрэднае дачыненне і галоўны ўрач Хараўской бальніцы Я. Адамовіч). Сваёй ідэяй А. А. Герасімовіч падзяліўся з тагачасным дырэктарам Пружанскага лясгаса Аляксеем Уладзіміравічам Карповічам, і ўжо разам яны накіраваліся па адабрэнне ў райвыканкам.
У той час працоўнымі майстэрнямі псіхіятрычнай бальніцы кіраваў Яўген Канстанцінавіч Цяслюк, які ўспамінае:
— У нашых майстэрнях было шмат таленавітых людзей, якія ратаваліся ад згубнай звычкі. Быў сярод іх і інжынер-авіяканструктар. Менавіта ён распрацаваў канструкцыю нашай скульптуры. Раней жа «Бусел» не проста стаяў… Яго ўсталявалі ля калодзежа з пітной вадой, каб падарожнікі маглі наталіць смагу. Калі вядро апускалася ў калодзеж, «Бусел» нахіляўся і разводзіў крылы.
Гэта потым, калі людзі забрудзілі ваду, калодзеж закрылі, а замест вядра «Бусел» ухапіў жабу і больш не рухаўся. Ды і ў жаб лёс незайздросны… Некалькі скралі, некалькі зламалі…
Выдатна памятае тыя падзеі і былы дырэктар лясгаса А. У. Карповіч:
— Ля «Бусла» мы паставілі яшчэ і хатку. А потым жартам павесілі ў ёй сшытак, каб людзі пакідалі водгукі. Вы не паверыце! Сшытак хутка скончыўся, і нават нехта з падарожнікаў пакінуў там яшчэ адзін. А падзякі былі і на замежных мовах. Шмат літоўцаў і латвійцаў пакінулі там добрыя словы, можна было сустрэць запісы і па-нямецку. Гэтыя сшыткі доўгі час захоўвала былая ляснічая Лізавета Пятроўна Малашанкава. Не так даўно яе не стала, і лёс тых сшыткаў мне невядомы, але ведаю, што запісаў у іх было не менш за чатырыста.
Пра «Бусла» пісалі не толькі ў «раёнцы», але і ў абласным і рэспубліканскім друку, нават паказвалі ў сюжэце тэлеперадачы «Время». «Засвяціўся» наш «Бусел» і ў кінастужцы «Кіроўца аўтобуса».
Змяніў час і саму скульптуру, шмат рэканструкцый выпала на яе долю. Цяпер «Бусла» і тэрыторыю ля яго даглядаюць работнікі ДЭУ-25.
Калі вам вядомыя іншыя падрабязнасці ўзвядзення гэтай скульптуры ці ў вас ёсць свае гісторыі, звязаныя з ёй, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 9-15-02.

Кацярына ПАШКЕВІЧ, фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА і з архіва А. У. Карповіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *