Пятница, 20 апреля 2018

А вы верите в чудеса?

695

Кожны з нас у дзяцінстве верыў у цуды, але з узростам сувязь з казкай ўсё слабее…  Здаецца, сёння нам няма чаму і няма калі здзіўляцца, але журналісты «раёнкі» ўсё ж такі вырашылі даведацца, ці вераць яшчэ людзі ў цуды.

Святлана Кавальчук, фатограф:

— Я веру ў цуды, але яшчэ больш веру ў тое, што чалавек сам можа іх тварыць. Галоўнае — правільна думаць, правільна гаварыць і верыць у сілу думкі і кожнага вымаўленага слова. Вось тады тыя падзеі, якіх ты чакаеш і якія расцэньваеш як цуд, мару або жаданне, абавязкова прыйдуць у тваё жыццё. У нас у сям’і ёсць такая традыцыя — на Новы год складаць калаж жаданняў. І трэба сказаць, што яны заўсёды на працэнтаў восемдзесят здзяйсняюцца. Я “нацудзіла” сабе мноства запаветных жаданняў і вось ужо ў маі палячу ў Харватыю. Так што бярыце цуды ў свае рукі! Неразумна спадзявацца на выйгрыш у латарэю, не купляючы білет.

Соф’я Анатольеўна Кратко, настаўнік пачатковых класаў СШ № 5:

— Кожны чалавек верыць у цуд, проста не заўсёды прызнаецца ў гэтым самому сабе і навакольным. Як жа?! Засмяюць: сорамна, балазе, дарослым, ды яшчэ адукаваным людзям верыць у цуды. А яны ж бываюць не толькі ў казках! Невытлумачальныя навуковай мовай рэчы адбываліся і ў маёй сям’і: дзесяць гадоў таму маёй дачцэ, якая толькі пайшла ў першы клас, урачы прадракалі страшную долю. Цяжкае захворванне вачэй прагрэсавала, і ў хуткім часе павінна была наступіць слепата. Нам нічога не заставалася, як толькі спадзявацца на міласць Бога… І Ён дапамог. Мы не ведаем многіх рэчаў, напрыклад, як з’явіўся гэты сусвет: навукоўцы толькі мяркуюць і вылучаюць розныя тэорыі. Ды што там сусвет?! Чалавек уласны мозг выкарыстоўвае далёка не на сто працэнтаў. Можа, там, за межамі нашага пазнання, і дзеюцца рэальныя цуды?

Тамара Сцяпанаўна Ляўчук, настаўнік гісторыі гімназіі г. Пружаны:

— Вядома, хочацца верыць у тое, што неверагодныя цуды бываюць у гэтым свеце. Але… я больш схільная да таго, што цуд стварае сам чалавек. Калі ў яго ёсць жаданне ўдасканальвацца і чагосьці дабівацца ў жыцці, то поспех і шанцаванне зробяць сваю справу… Невыпадкова ж чалавек лічыцца вянцом тварэння. Наш патэнцыял велізарны. Проста спадзявацца на цуд, седзячы склаўшы рукі, – глупства і, я б нават сказала, дзёрзкасць. І галоўнае: цуды яшчэ трэба заслужыць. Калі за плячыма мы будзем насіць злыя ўчынкі і дрэнныя думкі, то наўрад ці нешта арыгінальнае атрымаецца… Галоўны цуд у маім жыцці? Добрая сям’я, добрыя дзеці, добрыя вучні, якімі я заўсёды ганаруся, — усё гэта часцінкі майго цуду пад назвай «жыццё».

Вераніка Богуш, медработнік:

— Я веру ў цуды. Са мной, праўда, яны не здараліся, але ўпэўнена, што абавязкова адбудуцца. Калісьці я была ў Жыровічах, і там экскурсавод манастыра расказаў гісторыю пра дзіця, якое само не хадзіла. Але калі яго апусцілі ў святую крыніцу, яно выйшла адтуль ужо на сваіх нагах. Для мяне, як медыка, падобная з’ява і ёсць сапраўдны цуд, калі ў фізіялагічнай сферы чамусьці перастаюць працаваць фізічныя законы, і чалавек ацаляецца, насуперак усім прагнозам.

Павел Паўлавіч Лукашык, пенсіянер:

— Калісьці ў дзяцінстве я верыў у казачныя цуды, напрыклад у казачнага волата, які разбіў сваім велізарным мячом усё варожае войска, або ў Дзеда Мароза, які на Новы год прыносіў пад ёлку падарункі. А сёння, калі размяняў восьмы дзясятак, бачу цуды ў зусім іншых, самых звыклых, здавалася б, рэчах: ва ўсмешцы немаўляці, якое нібы гуляе з кімсьці ў сне, у дажджы, які лье пасярод зімы, у кветцы, якая прабілася праз асфальт. Ды куды ні глянь — адны цуды. Але самы галоўны цуд у маім жыцці — гэта нараджэнне ўнукаў. Дзякую Богу за тое, што іх дачакаўся.

Алена Зялевіч.  Фота Сяргея Талашкевіча

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *