Паказаць дзецям, што яны зусім не кінутыя і камусьці патрэбныя, — галоўная мэта святочнай акцыі, якая вось ужо каторы год праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Беларусі. Калі дакладней, навагодняя акцыя «Нашы дзеці» ладзіцца ў Беларусі з 1995 года ў адпаведнасці з нацыянальнымі планамі дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў. Прызнана, што гэта вельмі важны сацыяльны праект: акцыя накіравана на аказанне дапамогі хлопчыкам і дзяўчынкам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і маюць патрэбу ў асаблівай увазе дзяржавы і грамадства. А шчырымі чараўнікамі, у чыіх сілах пераўтварыць дзіцячыя будні ў казку, з’яўляюцца прадстаўнікі грамадскасці, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання рознага ўзроўню, работнікі арганізацый і прадпрыемстваў, іншыя неабыякавыя людзі: здаецца, без іх увагі не застаецца ніводнае дзіця.
Сёння бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу Вольга і Юрый Бакуменкі падымаюць на ногі дзесяць дзетак, чацвёра з якіх — інваліды. Як жыве гэтая вялікая сям’я, рэгулярна цікавяцца не толькі спецыялісты адпаведных службаў, але і прадстаўнікі ўлады, якія прыязджаюць не з інспектаваннем, а з падарункамі. Традыйцыйная нагода для візіту — навагоднія святы. На мінулым тыдні, напрыклад, у гасцях у Бакуменкаў пабывалі старшыня райвыканкама Міхаіл Крэйдзіч і старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Мікалай Кудравец з падарункамі і святочнымі віншаваннямі.
Словы асаблівай удзячнасці госці дзіцячага дома не перастаюць адрасаваць Вользе Міхайлаўне — захавальніцы гэтага сямейнага ачага. Варта адзначыць, што тут не проста кормяць і апранаюць дзяцей да іх паўналецця: сваіх выхаванцаў падтрымліваюць да той пары, пакуль яны самі не стануць на ногі. Таму амаль кожныя выхадныя пад дахам вялікага дома збіраецца 23 прыёмныя дзіцяці. Сярод іх і студэнты, і маладыя спецыялісты якія ведаюць, што дзверы ў дом Бакуменкаў для іх заўсёды адчыненыя.
Вольга Міхайлаўна шчыра радуецца поспехам малодшых, з цеплынёй расказвае пра дасягненні сваіх дарослых дзяцей:
— Улад, напрыклад, знайшоў сябе ў якасці цырульніка: плануем дапамагчы яму адкрыць сваю справу ў Ружанах. Тым, хто сёння жыве і працуе ў пасёлку, толькі за 2017 год купілі чатыры хаты, дзе паступова мяркуем зрабіць рэканструкцыю.
Бакуменкі ўдзячныя і адміністрацыі гаспадарак, арганізацый, якія без прамаруджвання адгукаюцца на іх просьбы аб дапамозе: ААТ «Велікасельскае Агра», «Мурава», «Ружаны-Агра», ААТ «Радзіма», Брэсцкая абласная доследная станцыя. Каб пракарміць вялікую сям’ю, бацькам-выхавальнікам, даводзіцца трымаць вялікую гаспадарку: каля 40 свіней, пад сотню курэй, столькі ж бройлераў, больш як па тры дзясяткі качак і індыкоў…
Дарэчы, у плане выхавання дзяцей у сям’і Бакуменкаў склалася пераемнасць пакаленняў: літаральна напярэдадні Новага года Лерына — родная дачка Вольгі Міхайлаўны і Юрыя Рыгоравіча — разам з мужам Аляксандрам усынавілі трох дзетак. Гэтаму важнаму кроку папярэднічаў амаль год вучобы адказнай справе бацькоўства.
Да слова, на сённяшні дзень дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Ружанах — адзіны ў Пружанскім раёне. Але, як плануецца, сёлета павінен з’явіцца яшчэ адзін. А пакуль вырашаюцца пытанні па будоўлі жылля для другой вялікай сям’і, ідзе пошук людзей, гатовых узяць на сябе ролю выхавальнікаў дзіцячага дома сямейнага тыпу.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).