Четверг, 24 мая 2018

На Пружанском льнозаводе пройдет масштабная реконструкция и откроется новый цех

1 184

Сваю першую прадукцыю Пружанскі льнозавод выпусціў у 1973 годзе. Увесь гэты час прадпрыемства стараецца «трымаць марку». Аднак, як гаворыць дырэктар завода М.С.Жогал, на месцы доўга стаяць нельга, неабходна развівацца. — Яшчэ нейкі час мы маглі б працаваць і на гэтым абсталяванні,— тлумачыць рашэнне аб правядзенні рэканструкцыі Мікалай Сцяпанавіч.— Але праз некалькі гадоў адсталі б ад прагрэсу.

— Зараз будуецца практычна новы цэх перапрацоўкі, месцы захоўвання трасты і гатовай прадукцыі. Як гэта паўплывае на развіццё льногаліны раёна?

— Сапраўды, мы атрымаем сучаснае прадпрыемства. Палепшацца ўмовы працы работ-нікаў, у паўтара-два разы павя-лічыцца прадукцыйнасць працы. На новы ўзровень, які адпавядае сучасным патрабаванням рынку, падымецца перапрацоўка сыравіны і яе захоўванне. Для гэтага ўстанаўліваецца абсталяванне вядомай еўрапейскай фірмы «DePoоrterе». Гэта на самай справе — самае сучаснае абсталяванне. Напрыклад, Францыя сее ўдвая больш ільну, чым Беларусь. І там выкарыстоўваюць толькі машыны гэтай бельгійскай фірмы. Важна, што тэхнічна пераўзбройваецца не толькі цэх перапрацоўкі трасты,— новая тэхніка з’яўляецца і на льняных палетках.

У Шчучыне наладжана сумесная беларуска-бельгійская вытворчасць. Мы маем чатыры іх церабілкі і сем самаходных абарочвальнікаў. Але больш даводзіцца выкарыстоўваць імпартнага абсталявання і машын. Ёсць папярэднія дамоўленасці з Міністэрствам сельскай гаспадаркі на пастаўку яшчэ трох ачэсвальнікаў у дадатак да аднаго, што зараз працуе на заводзе.

Перавага і за замежнымі сартамі льну, якія даюць большы ўраджай. Мы два гады культывуем чэшскі сорт «табар», які дае большы працэнт выхаду доўгага валакна. Хаця вырошчваем і беларускія сарты, якія ў апошнія гады сталі больш ураджайнымі.

Ёсць яшчэ адна даволі цікавая задумка: рэканструкцыя кацельні, якую мяркуем ператварыць у міні-ЦЭЦ з паралельнай выпрацоўкай электраэнергіі на ўласныя патрэбы.

— Мікалай Сцяпанавіч, адкрытае акцыянернае таварыства «Пружанскі льнозавод»— гэта, уласна кажучы, і прамысловае прадпрыемства, і земляробчая гаспадарка: вы самі вырошчваеце сыравіну, якую ж і самі перапрацоўваеце.

— Сапраўды, раней шэраг гаспадарак займаліся вырошчваннем ільну. Мы, у сваю чаргу, на некаторых палетках сеялі збожжавыя, ад якіх атрымлівалі пэўную выручку. Аднак было вырашана, што толькі мы будзем займацца вырошчваннем даўгунцу. Цяпер маем каля двух тысяч гектараў зямлі, для яе апрацоўкі пастаянна атрымліваем неабходную тэхніку, у тым ліку і бельгійскай вытворчасці. Плюс гэтых машын у тым, што якасна церабіць лён яны могуць нават на палеглых плошчах.

Якаснае валакно можна зрабіць толькі на полі. Аднак тут адной тэхнікі мала, патрэбны яшчэ высокакваліфікаваныя спецыялісты, улюбёныя ў сваю справу. На жаль, такіх пакуль не хапае.

— У нашым раёне на рынку працы апошнія гады стварылася сітуацыя, калі прапанова перавышае попыт. У выніку чаго тыя, хто шукае працу, мае магчымасць выбіраць. Чым ільнозавод можа зацікавіць у працаўладкаванні?

— Па-першае, у нас неблагія заробкі: механізатары маюць магчымасць у пэўны перыяд зарабляць звыш трох мільёнаў рублёў. Прадугледжана выдатная сістэма заахвочвання добрых работнікаў у выглядзе даплат і надбавак па выніках працы. Па-другое, сёння нашы людзі працуюць на больш сучаснай тэхніцы, а гэта таксама немалаважна.

— На прадпрыемстве побач з вырабам ільновалакна выпускаюцца і некаторыя іншыя віды прадукцыі.

— Цэх нятканых матэрыялаў дзейнічае на заводзе даўно. Яго прадукцыя ў агульным валавым аб’ёме прадпрыемства складае да 30%. «Нятканка» выкарыстоўваецца ў будаўнічай галіне ў якасці таннага і эфектыўнага ўцяпляльніка. Аднак мінулы год унёс некаторыя карэктывы: крызіс амаль поўнасцю спыніў фінансаванне прыватнага будаўніцтва ў Расіі, у выніку чаго знізіўся попыт на нашу прадукцыю. Зараз эканоміка суседзяў ажывае, і мы ўжо заключылі знешнегандлёвыя кантракты на закуп «нятканкі» з шэрагам пакупнікоў з Расіі і прыбалтыйскіх краін.

— Мікалай Сцяпанавіч, падчас нашай гутаркі прыйшоў да высновы, што поспехі прадпрыемства (а яны сапраўды ёсць!) залежаць ад зладжанасці ўсяго працоўнага калектыву. Ці не так?

— Завод — адзіны арганізм, і хваробы асобных «органаў» могуць негатыўна адбіцца на самаадчуванні ўсёй вытворчасці. Прыемна, што магу пахваліць літаральна кожнае структурнае падраздзяленне, ад мехатрада да аператараў кацельні. У нас з’явіліся сямейныя дынастыі, ёсць ветэраны, вопыт якіх заўсёды запатрабаваны. Прыходзіць да нас і моладзь, якая бачыць перспектыву прадпрыемства. Словам, 160 чалавек калектыву працуюць, як адзіны механізм, — зладжана і аддана. І галоўнае, што кожны разумее неабходнасць сваёй добрасумленнай працы.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

На здымку:  Майстар змены №1 Марыя Васільеўна Ляўчук і брыгадзір Тамара Уладзіміраўна Мелеш лічацца ветэранамі вытворчасці. Вопытныя работніцы заўсёды паказваюць самыя лепшыя вынікі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *