Воскресенье, 15 июля 2018

Второклассник Порослянской СШ стал финалистом республиканского легкоатлетического проекта

569

Разам з першым снегам у Параслянскую СШ прыляцела радасная навіна! Яе вучань 2 класа Арсеній Казлоўскі стаў фіналістам прэстыжнага рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства «300 талентаў для каралевы». Гэты лёгкаатлетычны праект для вучняў 2-4 класаў агульна-адукацыйных школ краіны праводзіцца ўжо трэці год запар, але да гэтага часу далей за першы этап пружанскія дзеці не праходзілі. А тут такая ўдача!
Праўда, шлях да фіналу быў вельмі доўгі. Як расказала нам настаўніца фізкультуры Параслянскай СШ Таццяна Максімаўна Місюля, першапачаткова, здаўшы ўсе нарматывы, Арсеній паказаў высокія вынікі ў першым этапе конкурсу, які праходзіў сёлета з 16 па 30 мая.
Затым падчас восеньскіх канікул юны спартсмен трэніраваўся ў сапраўдных прафесіяналаў на вучэбна-трэніровачных зборах у Брэсцкім спартыўным цэнтры, дзе вывучаў базавыя практыкаванні асноўных відаў лёгкай атлетыкі (скачкі, спрынтарскі бег, бег на вынослівасць і інш.). Пасля Арсеній прайшоў у фінальны этап, які праводзіўся ў сталіцы 12-13 снежня на базе лёгкаатлетычнага манежа Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.
У фінале бралі ўдзел сем каманд (ад абласцей і г. Мінска), у кожнай — па 43 чалавекі. Нягледзячы на тое, што ў агульным заліку брэсцкая каманда заняла толькі шостае месца, пружанскі хлопчык прабіўся ў фінал у асабістым першынстве, заняўшы 3 месца ў спрынтарска-бар’ерным бегу, і ўвайшоў у дзясятку лепшых юных атлетаў рэспублікі.
— Гэта вельмі складаны від спорту. Яго няма ў школьнай праграме, таму нам з Арсеніем даводзілася займацца дадаткова. А галоўнае тут практыкаванне — скачкі праз скакалку (на частату). Вялікі дзякуй бацькам, якія падтрымлівалі нас і дазвалялі хлопчыку займацца дома, — пракаментавала перамогу свайго выхаванца Таццяна Максімаўна, якая, дарэчы, была ўзнагароджана медалём «Лепшы настаўнік фізічнай культуры 2017 года».
Свой кубак пераможцы, а таксама медаль, грамату і падзячны ліст бацькам Арсеній Казлоўскі атрымаў з рук слаўнага беларускага лёгкаатлета Вадзіма Дзевятоўскага (сёння ён узначальвае Беларускую федэрацыю лёгкай атлетыкі) у прысутнасці старшыні Еўрапейскай федэрацыі па лёгкай атлетыцы Свейна Арнэ Хансена.
— А яшчэ я прывёз поўны аўтобус падарункаў! І спартыўны касцюм з лагатыпам спаборніцтваў, і мора цацак, і цэлы фірмовы рукзак прысмакаў! — не хаваючы эмоцый, радуецца пружанскі лёгкаатлет. Парадаваліся за яго і аднакласнікі.
— Як пачаў Арсеній ім распавядаць, што бачыў, з кім сустракаўся, дык ва ўсіх і загарэліся вочы! Толькі перамогамі любоў да фізкультуры і прывіваецца, — усміхаецца і настаўніца. — У хлопчыка ёсць усе задаткі для прафесійных заняткаў бегам, і мы абавязкова выпрабуем свае сілы яшчэ ў наступным годзе. А яркія эмоцыі і ўражанні, якія атрымалі ў Мінску, застануцца з намі на ўсё жыццё!

НА ЗДЫМКУ:
Арсеній Казлоўскі разам са сваёй настаўніцай фізкультуры Таццянай Максімаўнай Місюляй.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *