Воскресенье, 15 июля 2018

Под дождем, но с задором. В Пружанах прошел парад Дедов Морозов

1 027

Стары Новы год не ўмее сыходзіць ціха, па-англійску, асабліва калі гаворка ідзе пра Агністага Пеўня. “Сыходзіць – дык з музыкай!” – “пракукарэкаў” ён надыходзячаму маладому, 2018-му, і той зладзіў яму шыкоўныя праводзіны: у мінулую суботу ў Пружанах прайшоў традыцыйны парад Дзедаў Марозаў. З гучнай музыкай, вясёлымі песнямі, гарачымі танцамі і далёка не зімовым запалам, пагасіць які не ўдалося нават моцнаму дажджу са снегам. На Пружаншчыне быў адкрыты сезон навагодніх гулянняў.


Некалькі дзясяткаў пар галоўных герояў, Дзедаў Марозаў і Снягурак, з усіх клубных устаноў культуры раёна і гарадскіх школ сабраліся са сваёй світай каля палацыка, галоўнай рэзідэнцыі пружанскага Дзеда Мароза, каб даказаць сваю гатоўнасць несці людзям цуды і святочны настрой. Пад гучныя апладысменты дзяцей і дарослых, а таксама шматлікіх казачных персанажаў “барадатыя дзядулі з унучкамі” годна прайшлі ўсе іспыты — гульні і забавы, — прапанаваныя Зімушкай-Зімой, і толькі тады ўрачыста пакрочылі да галоўнай гарадской ёлкі.

Разам з імі па вуліцы Савецкай маршыравалі бравыя мушкецёры, рухаліся Снегавікі, Бабкі Ёжкі і іншая, больш ветлівая, лясная братва — Ваўкі, Зайцы, Дзятлы і Крумкачы. Услед за імі на гарадскую плошчу імкнуліся трапіць важныя Снежныя Каралевы, пяшчотныя прынцэсы і нават… Сланы. І ўсё гэта казачнае шэсце, як і належыць, ахоўвалі сімвалы наступнага года — прыгожыя Жоўтыя Сабакі. Па ўсім маршруце навагодні картэж суправаджалі пружанцы, якія фатаграфаваліся, рабілі сэлфі і прытанцоўвалі — ці то ад холаду, ці то ад радасці.

А на плошчы — дзе, нягледзячы на непагадзь, разгарнуліся гандлёвыя палаткі з рознымі сувенірамі, бяспройгрышнымі латарэямі і духмяным папкорнам — вясёлую навагоднюю кампанію чакала яшчэ нямала зацікаўленых людзей. Менавіта для іх і была падрыхтавана асноўная святочная праграма каля ёлкі, якую яшчэ належыла “запаліць”… і гульнямі, і забавамі, і агеньчыкамі.

І запалілі! Не паспелі Дзеды Марозы са Снягуркамі ступіць на плошчу і прадэфіліраваць па сцэне, як ім адразу давялося памерацца сіламі ў танцавальным батле. Адкінуўшы ў бок свае посахі, дзядулі прадэманстравалі такія танцы, што ім маглі б пазайздросціць нават ла-цінаамерыканцы! А пасля ўсе госці свята ўзяліся за рукі і зладзілі вакол ёлкі вялікі дружны карагод, на фінальным акордзе якога высокая лясная прыгажуня ўспыхнула рознымі агеньчыкамі на радасць дзятве і дарослым.

“Запалілі” на свяце і юныя таленты. Яна Пекун, Ганна Гараніна, Арына Памолава, Наталля Кулік і многія іншыя артысты адарылі гледачоў цудоўнымі музычнымі падарункамі, а тыя ў адказ прынялі актыўны ўдзел у конкурсе “Адгадай мелодыю з кіна-стужкі” і танцавальнай гульні “Мы павесім шарыкі”, а таксама праявілі сваю кемлівасць у адгадванні арыгінальных загадак, напрыклад, пра “прынца ў гарбузе”.
Адным словам, усе — і Дзеды Марозы са Снягуркамі, і актыўныя гледачы, і выпадковыя прахожыя, якія, гледзячы з усмешкай на дзейства каля ёлкі, спыняліся і пачыналі апладзіраваць, — паказалі, што гатовы да годнай сустрэчы Новага, 2018-га, года, які абавязкова шчодрай рукой пасее па ўсёй зямлі дабро і радасць. У гэта трэба толькі верыць…
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *