Среда, 17 октября 2018

Каратэ в Ружанах. Юные спортсмены успешно сдали первый экзамен

550

Прымаць экзамен у пачынаючых каратыстаў прыехаў Эдуард Жак — сэнсэй, які мае чорны пояс. Паважаны настаўнік з’яўляецца старшынёй Брэсцкага маладзёжнага спартыўнага грамадскага аб’яднання. Іспыт працягваўся каля дзвюх гадзін. Спачатку правяраліся фізічныя здольнасці, затым — непасрэдна ўменні па каратэ, пастаноўка блокаў і ўдараў. Юныя каратысты не здаваліся, не падалі духам, калі нешта ішло не так, а змагаліся да канца, паказваючы свае навыкі, атрыманыя за тры месяцы заняткаў.

Дасведчаны каратыст з велізарным вопытам за плячыма дапамагаў спартсменам і падтрымліваў іх, дзяліўся пазнавальнымі гісторыямі з жыцця, разважаннямі на філасофскія тэмы. Што немалаважна, ён раскрыў дзецям і некаторыя сакрэты: як псіхалагічна падрыхтаваць сябе, справіцца са сваімі эмоцыямі, перажываннямі і страхам.
Нягледзячы на хваляванне, каратысты смела дэманстравалі сваю падрыхтоўку і маральную ўстойлівасць. У выніку яны яшчэ на крок наблізіліся да дасканаласці ў гэтым баявым мастацтве. Сам экзаменатар падкрэсліў: «Шлях каратыста — гэта пастаяннае самаўдасканаленне, доказ самому сабе, што ты здольны перамагчы свой страх. І калі настроіцца псіхалагічна, можна развіць сябе і фізічна».
Падчас іспыту прыкметна хваляваўся за сваіх выхаванцаў і трэнер Аляксандр Мельнікаў. Да слова, сам ён пачаў займацца каратэ яшчэ ў студэнцкія гады ў Брэсце. Калі сябар прывёў яго на секцыю, яму было 20 гадоў. Па іроніі лёсу знаёмы хутка згубіў інтарэс да баявога мастацтва, а вось Аляксандр захапіўся ім на ўсё жыццё. У 25 гадоў, пасля таго, як здаў экзамен на сіні пояс, ён стаў трэнерам.
Першыя спробы стварыць секцыю каратэ ў Ружанах Аляксандрам Мельнікавым былі зроблены яшчэ ў 2005 годзе: жадаючых авалодаць японскім баявым мастацтвам пачалі трэніраваць на базе шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю. Былі створаны ўзроставыя групы, справа дайшла да экзаменаў, але праз некалькі месяцаў цікаўнасць да каратэ згасала ўсё ў большай колькасці маладых людзей. Так паўтаралася некалькі гадоў запар, пакуль секцыя наогул не закрылася. Аднак жа настойлівасць трэнера нарэшце дала свой плён: пасля працяглага перапынку Аляксандру Мельнікаву ўдалося набраць тры групы.
Як зазначае Аляксандр, сёлета юныя спартсмены, якія асвойваюць майстэрства ў некалькіх групах па дзевяць чалавек, больш усвядомлена падышлі да заняткаў каратэ. Гэта дае трэнеру падставу будаваць новыя планы, сярод якіх і стварэнне старэйшай групы. «А чаму б і не папрацаваць з дарослымі? — гаворыць Аляксандр Мельнікаў. — Як трэнеру, мне і самому цікава было б займацца з тымі, каму больш за 18 гадоў. Ды і для жыхароў пасёлка, у якіх не надта многа цікавых спосабаў бавіць свой вольны час, гэта была б удалая магчымасць з карысцю праводзіць вечары».
Тым часам, трэнер ужо будуе планы на ўдзел сваіх выхаванцаў у спаборніцтвах: пасля неабходнай падрыхтоўкі яны выйдуць на татамі ў маі наступнага 2018 года ў Бярозе. Але перш чым яны пакажуць сябе ў спарынгу, у красавіку здадуць наступны экзамен. Акрамя таго, А.Мельнікаў хоча паспрабаваць развіць каратэ і ў бліжэйшых рэгіёнах.

Вікторыя Шахно, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *