Вторник, 10 декабря 2019

60 зім мінула, а ім цёпла разам

2 377

Шчарчоўцы лічаць, што іх вёска знаходзіцца пад аховай Божай. Маючы на ўвазе Вяжнянскую крынічку, а побач з ёю Свята-Мікалаеўскую царкву і манаскі скіт Брэсцкай епархіі. Кажуць, што ўсе людзі ў іх вёсцы светлыя, душэўныя і добразычлівыя менавіта дзякуючы такому суседству. Наконт усіх мы сцвярджаць не бярэмся, а вось Соф’я Андрэеўна і Сямён Мікалаевіч Шчэрбы, з якімі давялося нядаўна размаўляць, сапраўды пацвярджаюць гэта меркаванне.

І дзед Сямён, і баба Соня — старажылы вёскі: дзеду сёлета спаўняецца 88 гадоў, бабуля на год за яго маладзейшая. Падставай для сустрэчы з імі паслужыў юбілей: на Каляды Соф’я Андрэеўна і Сямён Мікалаевіч адзначылі 60 гадоў сумеснага жыцця.
— Зіма ў час нашага вяселля,— успамінае Сямён Мікалаевіч,— была крыху лягчэйшай, чым сёлетняя. Добра памятаю і Соню ў вясельнай сукенцы, і гасцей. Быццам усё адбылося толькі ўчора…

За плячыма абодвух маладых быў такі вопыт, што іншым за ўсё жыццё не прыйшлося зведаць. У тым ліку і рабская праца ў фашысцкай Германіі. У 42-ім жыхароў лясной Аляксандраўкі (роднай вёскі Сямёна) фашысты сілком перасялілі ў Паддубна. Сама вёска была амаль уся спалена, моладзь вывезена ў Германію.

— У адным таварняку разам са мною ехалі Піліпасеў Коля і Андрэй Ляўчук са Шчарчова, два Іваны — з Катылаў і Жабіна, Валодзя — з Галенаў,— пералічвае землякоў Сямён Мікалаевіч.

Тут ён сустрэў і Соню. Невысокага росту, спрытная, бойкая на слова дзяўчына адразу запала ў сэрца юнака. Але ісці да свайго кахання ім трэба было яшчэ доўгія восем гадоў. Наперадзе остарбайтэра Сямёна Шчэрбу чакалі халодныя баракі, голад і знясільваючая праца на фашысцкіх лесанарыхтоўках. У 44-ым, пасля вызвалення Усходняй Прусіі разам з іншымі хлопцамі, якія тут працавалі, яго мабілізавалі на вайну. Два тыдні радавы Шчэрба вучыўся страляць у запасным палку. Потым атрымаў новае абмундзіраванне, аўтамат і — на штурм Кёнігсберга.

— Там такое рабілася, што я да гэтага часу дзівуюся, якім чынам застаўся ў жывых,— успамінае Сямён Мікалаевіч…

На вайну з Японіяй, куды потым была накіравана часць, юнак не трапіў: скруціў брушны тыф. Цэлы год ён валяўся па бальніцах. І ў якой з іх застаўся ваенны білет, невядома. Толькі вясной 1946 года Сямён вярнуўся ў родную Аляксандраўку. Вёска сустрэла чорнымі комінамі спаленых хат. Ён вырыў зямлянку, ускапаў побач кавалак зямлі…

— Так пачыналася новае жыццё,— задумаўся Сямён Мікалаевіч.

Соф’я Андрэеўна паправіла квяцістую хустачку. У той час, калі Сямён  галадаў на лесапавалах, яна працавала ў баўэра. Рукі пухлі ад штодзённага даення кароў, нялёгкай работы на полі.

— Яшчэ добра, што з голаду не ўміралі, як такія ж хлопцы і дзяўчаты ў суседняга гаспадара,— працягвае свой аповед бабуля.— Мы былі паміж сабой вельмі дружнымі. Гэта дапамагло выжыць, уратавацца ад страшнай бамбёжкі на лімане, дзе коні разам з людзьмі правальваліся пад лёд. Многаму я абавязана сваёй сяброўцы Вольцы Воўкавай са Стараволі…

— Дык гэта ж мая мама!— раптам усклікнуў наш фотакарэспандэнт Аляксандр Мелеш, які ўважліва слухаў размову.
— Як?— здзівілася бабуля Соня. З таго часу, калі вярталіся з фашысцкага рабства і Волька запрасіла да сябе ў Стараволю пераначаваць, сяброўкі больш не бачыліся.
— Як там Волька? Колькі ў яе дзяцей? Як яе муж?— сыпала пытаннямі ўсхваляваная бабуля.
— Ужо чатыры гады, як мама памерла…
Вось такая адбылася сустрэча. Зусім як у папулярнай перадачы «Чакай мяне»…

Пасля вайны лёс распарадзіўся так, каб Соф’і і Сямёну быць разам. Абодва яны, быццам згаварыўшыся, уладкаваліся на работу ў Шчарчоўскую бальніцу. Ён — загадчыкам гаспадаркі, яна — санітаркай. Там пасябравалі і хутка згулялі вяселле.

— Мы заўсёды жылі па-божаму,— дзеліцца сакрэтамі сваіх сямейных адносін баба Соня.— Сямён аказаўся добрым, клапалівым мужам, уважлівым бацькам. Ніколі не курыў, не выпіваў, брыдкага слова нікому не сказаў. Заўсёды быў душой кампаніі: на навагодніх вечарах з задавальненнем іграў ролю Дзеда Мароза, удзельнічаў у вясковай самадзейнасці. Радавалі і сыны: абодва яны атрымалі вышэйшую адукацыю…

Але жыццё зноў паднесла выпрабаванне. Невыказна цяжкі боль, які не здольны загаіць нават час, пасяліўся ў іх доме пасля трагічнай смерці на службе ў арміі старэйшага сына. Больш як 30 гадоў ужо мінула, а тут і цяпер не ўключаюць тэлевізар і радыё. Сямён Мікалаевіч спявае толькі на клірасе ў Вяжнянскай царкве…

Амаль праз 60 гадоў ён урэшце рашыўся звярнуцца ў ваенкамат: маўляў, неяк няёмка перад аднавяскоўцамі, з якімі разам ваявалі, стаяць не ў адной шарэнзе, а збоку.
Галоўны спецыяліст ваенкамата Вольга Куляшова напісала заявы ў Падольскі архіў і архіў КДБ. Адказаў прыйшлося чакаць больш года. Затое яны прыйшлі з афіцыйным пацвярджэннем, што Сямён Мікалаевіч Шчэрба сапраўды значыцца ў спісах… Ветэран пачаў атрымліваць адпаведную пенсію, льготы, потым быў адзначаны трыма юбілейнымі медалямі.

Ледзь не кожны дзень праведвае старых іх сын — ляснічы Пружанскага лясніцтва Сяргей Шчэрба. Не забываюць дзеда з бабай унукі і праўнукі. Самая галоўная спадчына, якую яны атрымліваюць ад гэтых зносін, — асабісты прыклад Соф’і Андрэеўны і Сямёна Мікалаевіча, як трэба жыць, працаваць і кахаць…
Ганна Хадаровіч.

Один комментарий

  • voron73

    С Бриллиантовой свадьбой их, ни все так смогут прожить вместе, что прискорбно, но ни будем омрачнять это событие. Желаю им дожить до 100 лет — Стопудовая свадьба 🙂

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *