Суббота, 16 декабря 2017

Не замерзнем. Райтопсбыт вышел на рентабельность

242

Філіял БАУП «Упраўленне ЖКГ» «Райпалівазбыт» г.Пружаны — адна з нямногіх арганізацый адпаведнай галіны вобласці, якая не мае запазычанасцей перад торфазаводамі за пастаўку сыравіны. З прыходам новага кіраўніцтва эканамічнае становішча прадпрыемства значна палепшылася. Зараз у філіяла завяршаецца «гарачы» сезон, як тут называюць перыяд восені і пачатку зімы, калі насельніцтва актыўна закупляе дровы і торфабрыкет. Аб набытках і праблемах гэтага года мы пагаварылі з дырэктарам А.І.Куксам.

— З мінулага года мы пачалі абнаўляць аўтамабільную і станочную базу прадпрыемства. Летась быў набыты новы «МАЗ», дзякуючы чаму скарацілі выдаткі на дастаўку заказаў па маршрутах,— дзеліцца вынікамі работы Аляксандр Іванавіч. — Хутка пры падтрымцы нашага ўпраўлення атрымаем новы станок «Japa» для колкі дроў, з дапамогай якога не толькі зменшым нагрузку на абслугоўваючы персанал, але і павялічым аб’ёмы вытворчасці.
У 2017 годзе прадпрыемства пачало працаваць рэнтабельна, не маючы запазычанасцей па плацяжах у бюджэт. Таксама своечасова выплачваецца заработная плата. Хутка адбудзецца яе чарговае павышэнне. А напрыканцы года мяркуем выплаціць і «трынаццатую».
— Некалькі гадоў таму падчас першай нашай размовы з Вамі як з новым дырэктарам прадпрыемства адзначалася зніжэнне попыту на цвёрдае паліва ў жыхароў раёна.
— За гэты час зніжэнне цікавасці да нашай прадукцыі сярод пакупнікоў, можна сказаць, дайшло да той рысы, якая вызначыла своеасаблівы баланс паміж попытам і прапановай. Мы цяпер ведаем тыя прыкладныя аб’ёмы паліва, што ў нас набудуць на працягу года, з улікам чаго і будуем свае працоўныя планы і работу з пастаўшчыкамі. У асноўным часцей купляюць паколатыя дровы, хаця раней набывалася нават непілаванае паленне. Цяпер на яго попыту амаль няма, таму што, па-першае, вясковае насельніцтва старэе і не ва ўсіх хатах ёсць гаспадары, якім па сілах трымаць у руках сякеру. Па-другое, паколатыя дровы маюць дастаткова прымальны кошт, з-за чаго многія прыватныя гаспадаркі бяруць адразу гатовую прадукцыю, якую трэба толькі складзіраваць, не марнуючы час на пілаванне.
Аднак па-ранейшаму не ўдаецца вырашыць праблему са стабільнасцю попыту. Калі падзяліць усе нашы аб’ёмы на 12 месяцаў, то мы маглі б спакойна працаваць штодня. Але ж так не атрымліваецца. Прыватныя кліенты часта «ўспамінаюць» пра неабходнасць набыцця дроў або брыкету тады, калі прыходзяць халады. У выніку якраз у гэты час паток зваротаў рэзка павялічваецца. З-за гэтага ствараецца чарга, заказчыкі нервуюцца, бо даводзіцца чакаць выканання заяўкі. А як толькі прыходзіць вясна-лета, то часам мы вымушаны працаваць па скарочаным працоўным тыдні.
— І колькі кліенту зараз даводзіцца чакаць свайго заказу?
— Звычайна да двух тыдняў для льготнага заказчыка, а для звычайнага — каля 30 дзён, на працягу якіх нам удаецца дастаўляць заказы 50-70 кліентам. І гэтая сітуацыя захоўваецца некалькі месяцаў, якія мы называем «гарачым сезонам». Напрыканцы снежня надыходзіць зацішша.
— І чым у гэты перыяд займаецца прадпрыемства?
— Акрамя прыватных заказчыкаў, у нас шмат кліентаў і сярод вытворчых арганізацый раёна, заяўкі якіх мы і задавольваем у гэты час. Значныя аб’ёмы цвёрдага паліва выкарыстоўваюць аб’екты філіялаў райспажыўтаварыства, стабільныя заказы паступаюць з ААТ «Жураўлінае» і іншых аграпрамысловых гаспадарак.
На здымку: чарговую пастаўку паліва рыхтуе вадзіцель пагрузчыка П.В.Сюзеў.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *