Суббота, 16 декабря 2017

Андрей Муха и Михаил Микус признаны лучшими игроками турнира по волейболу «Беловежская пуща»

512

Хуткі мяч і туга нацягнутая сетка, непрытоенае хваляванне спартсменаў і захопленыя крыкі балельшчыкаў… У мінулую суботу на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 1 г. Пружаны праходзіў штогадовы адкрыты міжнародны турнір па валейболе “Белавежская пушча”.
Традыцыйна гэтыя прэстыжныя спаборніцтвы праводзяцца на пружанскай зямлі. У іх з задавальненнем бяруць удзел лепшыя спартсмены белавежскага рэгіёна. Арганізатарам спартыўнага форуму выступіў Пружанскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб “Мухавец” аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
У гэтым годзе за званне лепшай валейбольнай зборнай у дзвюх узроставых катэгорыях (да 35 і пасля 35 гадоў) спаборнічала 8 каманд з Пружан, Івацэвіч, Камянца, а таксама замежныя госці з Гайнаўкі (Рэспубліка Польшча, Падляскае ваяводства).
Спаборніцтвы праводзіліся па кругавой сістэме розыгрышу (кожная каманда-ўдзельнік турніру гуляла з усімі іншымі), што дазволіла судзейскай брыгадзе, якую ўзначальвала дырэктар РФСК “Мухавец” Вольга Пятроўна Ляўчук, максімальна справядліва размеркаваць месцы паміж удзельнікамі.
У выніку гульні ў катэгорыі да 35 гадоў тройка лідараў выглядала наступным чынам: 1 месца ў каманды з г. Івацэвічы, 2 — у польскіх спартсменаў, а 3 месца заваявалі пружанцы.
Большага поспеху дамагліся нашы валейбалісты ў старэйшай катэгорыі (ад 35 гадоў): апярэдзіўшы спартсменаў з Івацэвіч і Гайнаўкі, пружанская каманда заняла верхні радок турніру.
Акрамя таго, нашы спартсмены былі прызнаныя лепшымі гульцамі спаборніцтваў: у малодшай катэгорыі вызначыўся Андрэй Муха, а ў старэйшай — Міхаіл Мікус. Пераможцы былі ўзнагароджаны кубкамі і памятнымі прызамі.

Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

НА ЗДЫМКАХ: падчас гульні; намеснік бургамістра г. Гайнаўка Анджэй Скепка ўзнагароджвае Міхаіла Мікуса.

Один комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *