Суббота, 16 декабря 2017

Домристка из Новозасимовичской ДШИ получила диплом ІІ степени на Международном фестивале

490

У Навазасімавіцкай ДШМ адбылася радасная падзея! Юная выхаванка школы дамрыстка Марына Дайлідка была адзначана дыпломам ІІ ступені на Міжнародным фестывалі «BYFEST-2017», які праходзіў 9-12 лістапада ў г. Мінску.

Для ўдзелу ў гэтым музычным праекце былі запрошаныя маладыя таленты з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Казахстана, Літвы, Чэхіі і іншых краін.
Прафесійнае міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі і сябры “Беларускага саюза музычных дзеячаў”, і кіраўніцтва тэлеканала “Культура”, ацэньваючы артыстызм, выразнасць выканання, пастаноўку нумара і сцэнічны імідж музыкантаў, вызначала пераможцаў у дзесяці намінацыях.
Наша артыстка была заяўлена ў катэгорыі “Інструментальная музыка (сола)”. Марына Дайлідка падрыхтавала вядомую рускую народную песню “Калінка” ў апрацоўцы Ільі Давідовіча, якую выканала ў арыгінальнай джазавай манеры ў суправаджэнні фартэпіяна (канцэртмайстар Таццяна Пятроўна Яўстраценка). Дзяўчынка ўразіла строгіх членаў журы не толькі віртуознай тэхнікай ігры, але і сваім каларытным беларускім нацыянальным касцюмам, дзякуючы якому яна прыкметна вылучалася на фоне іншых выканаўцаў.
Мастацкі кіраўнік Ірына Уладзіміраўна Янюк была ўпэўненая ў перамозе сваёй вучаніцы, таму што гэта ўжо не першае яе паспяховае выступленне. Два гады таму, у 2015 годзе, Марына была адзначана граматай абласнога этапу VII Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча. Праз год, будучы салісткай у складзе ансамбля дамрыстаў, заняла трэцяе месца на абласным фестывалі-конкурсе і ўжо вясной 2017 года атрымала дыплом II ступені на IV Рэгіянальным фестывалі дзіцячай творчасці “Зорны шлях” у п. Мір Баранавіцкага раёна.
— Аднак, прызнацца, другое месца на «BYFEST-2017» стала для мяне вялікай нечаканасцю, — падзялілася ўражаннямі дзяўчынка. — Так, я доўга рыхтавалася да конкурсу, старалася шмат рэпеціраваць, каб адыграць чыста, без запінкі. Але ж і інструменталістаў было заяўлена вельмі шмат! Мабыць, проста ў той дзень удача была на маім баку! Дзякуй бацькам і мастацкаму кіраўніку, якія верылі ў мяне.
Пажадаем Марыне новых перамог!

Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *