Суббота, 16 декабря 2017

Подписка — 2018: а какой приз хотите вы?

309

Нягледзячы на колькасць пражытых гадоў, кожны напярэдадні навагодніх святаў спадзяецца на цуд. Нешта прыемнае абавязкова здарыцца, хаця часам трэба самім прыкласці невялікія намаганні, каб стварыць сабе і сваім родным свята. Мы, калектыў газеты «Раённыя будні», успрымаем вас, нашы чытачы, як родных людзей, як членаў сваёй даволі вялікай сям’і. І, зразумела, хочацца, вельмі хочацца зрабіць вам навагодні падарунак. Ды не адзін, а адразу восем: менавіта столькі сюрпрызаў для сваіх падпісчыкаў мы падрыхтавалі для розыгрышу ў пераднавагоднім конкурсе. Пры гэтым шанец выйграць любы прыз усе нашы чытачы маюць аднолькавы, незалежна ад таго, жывуць яны ў Крыніцы або Блізной. Галоўнае — даслаць квіток аб падпісцы ў рэдакцыю і стаць удзельнікам розыгрышу. А вось што падпісчыкам хацелася б атрымаць ад газеты ў якасці навагодняга падарунка? Такое пытанне мы задалі жыхарам і гасцям Пружан.

Алена Міхайлаўна:
— Чакаю розыгрышу прызоў з нецярпеннем, бо хацелася б у якасці падарунка ад газеты атрымаць набор посуду, які падарыла б сыну. А мне і так застанецца вельмі важны прыз — падпіска на любімыя «Раённыя будні». Зараз іду дадому з работы і ведаю, што ў паштовай скрыні ляжыць свежы выпуск «раёнкі», што прадвяшчае цікавы вячэрні адпачынак. Цікава мне чытаць пра падзеі, што адбываюцца ў раёне, а самае галоўнае, што даведваюся аб іх не па чутках ад знаёмых, а з інфармацыі, якую журналісты праверылі дакладна.

Галіна Паўлаўна:
— Нават і не скажу, колькі гадоў я з’яўляюся вернай чытачкай «Раённых будняў». Таму штогадовы каляндар лічу вельмі прыемным падарункам. А сярод прадстаўленых прызоў было б выдатна выйграць набор посуду, які любой гаспадыні заўсёды патрэбны і якім, дарэчы, можна скарыстацца для прыгатавання смачных страў па рэцэптах ад «раёнкі».
Памятаю аўтараў, што ўжо зараз не працуюць, але з не меншым задавальненнем чытаю матэрыялы і тых журналістаў, што параўнальна нядаўна папоўнілі калектыў рэдакцыі. І настолькі ў вас узважана падбіраецца калектыў, што кожны аўтар сваімі артыкуламі вельмі ўдала разнастаіць інфармацыйную насычанасць газеты.

Лілія  і Іван:
— Мы раней пастаянна выпісвалі газету, але з мінулага года як забыліся падпісацца, так яно і пайшло. Толькі нядаўна даведаліся, што «Раённыя будні» абвясцілі конкурс сярод падпісчыкаў, і мы не адмовіліся б у якасці прыза атрымаць ад «раёнкі» мультыварку. А таксама хочацца, каб журналісты рабілі газету яшчэ цікавейшай. Напрыклад, друкавалі парады аб тым, як зарабіць больш грошай. У гэтым плане вельмі цікава чытаць пра людзей, якія змаглі наладзіць сваю справу.

Ія Канстанцінаўна:
— Я ўсё жыццё выпісваю «раёнку», чытаю яе з задавальненнем. І, паверце, гэта для мяне ёсць самы жаданы падарунак ад «Раённых будняў», які двойчы на тыдзень я чакаю з нецярпеннем. А абвешчаны рэдакцыяй конкурс сярод падпісчыкаў лічу выдатнай магчымасцю займець нешта матэрыяльнае ад любімай газеты, чым будзеш карыстацца працяглы час і ўспамінаць «раёнку».

Ад рэдакцыі. Засталося крыху больш за месяц да розыгрышу падрыхтаваных для нашых чытачоў падарункаў. Мы з нецярпеннем чакаем таго моманту, калі яны набудуць сабе новых гаспадароў. Вы жадаеце апынуцца сярод іх? Здзейсніць мару зусім няцяжка, час яшчэ ёсць. Але не варта адкладваць сустрэчу з паштальёнам на заўтра, калі ён можа выпісаць вам газету ўжо сёння. Тым больш што для пенсіянераў і шматдзетных сем‘яў мы праводзім ільготную падпіску па таннейшым кошце.

Думкамі цікавіўся Алег Сідарэнка.
Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *