Суббота, 16 декабря 2017

Инвалид по зрению Галина Хайко: «Простить обиды и просто жить»

315

Людзі з абмежаванымі магчымасцямі прыстасоўваюцца да жыцця па-рознаму, і большасць з іх жыве годна. Сціплая і дабрадушная Галіна Хайко — яскравы таму прыклад: яна ніколі не падае духам, вядзе практычна звычайнае жыццё і ўваходзіць у актыў раённай арганізацыі «БелТІЗ».

Замест тратуарнай дарожкі — шэрань, замест карцінкі, якая адкрываецца перад вачыма здаровых людзей, — адна вялізная пляма. Такім бачыць свет Галіна Уладзіміраўна, якая з’яўляецца інвалідам першай групы па зроку.
— Толькі па яркасці святла разумею, дзе ў пакоі акно, ці выглядвае сёння на небе сонца, — расказвае пра свае сціплыя здольнасці жанчына.
У дзяцінстве Галіна Хайко крыху паспела пазнаёміцца з такім разнастайным навакольным светам. Але праблемы са зрокам далі пра сябе ведаць, калі ўпершыню села за школьную парту: ужо тады, паводле ўспамінаў жанчыны, яна бачыла толькі два першыя радкі на табліцы ў акуліста. Тым не менш, дзяўчынка ўсё-такі змагла закончыць звычайную агульнаадукацыйную школу: базавую — у Бакунах, сярэднюю — у Малечы. Менавіта дырэктар Малецкай школы, які бачыў, як цяжка з-за праблем са зрокам даецца дзяўчынцы навука, параіў: «Галіна, табе ў жыцці будзе нялёгка. Але ты пастарайся не згінацца пад цяжарам гэтых праблем і працаваць столькі, колькі ў цябе будзе атрымлівацца». Гэтую жыццёвую мудрасць выпускніца прыняла да ўвагі і прытрымлівалася яе ўсё жыццё.
Не прайшло і трох месяцаў пасля школьнага выпускнога, як Галіна Хайко распачала свае працоўныя будні: уладкавалася рабочай на плодаагароднінны завод у Пружанах. Дарэчы, групу яна аформіла толькі тады, калі зарабіла амаль дваццаць гадоў працоўнага стажу: апасалася, што, як толькі атрымае пасведчанне інваліда, адразу ж пазбавіцца работы. А яна, дарэчы, была не з лёгкіх: і сок на прэсе выціскала, і яблыкі на пюрэ перацірала, і слоікі закатвала… За работу ў шкодных умовах нават талоны на малако атрымлівала. З цеплынёй Галіна Уладзіміраўна ўспамінае пра майстра змены Лідзію Лукша: жанчына заўсёды з разуменнем ставілася да работніцы.

Першае, што кідаецца ў вочы, калі пераступаеш парог кватэры Галіны Хайко, — ідэальныя парадак і чысціня. Усю работу па доме 55-гадовая жанчына выконвае сама.
— А хто ж за мяне памые падлогу ці прыбярэ на кухні? — шчыра здзіўляецца жанчына, калі ў яе цікавяцца, хто дапамагае падтрымліваць парадак у кватэры.
Больш за тое, Галіна Уладзіміраўна рэгулярна ездзіць у родныя Концыкі, дзе сёння жывуць яе маці і брат: жанчына, нягледзячы на праблемы са зрокам, заўсёды дапамагае капаць бульбу, палоць агарод і займацца іншымі няхітрымі сельскімі клопатамі. Некалькі градак з агароднінай жанчына мае і ў горадзе: гаворыць, для яе гэта аддушына.
— У мяне праблемы са зрокам, затое Бог не абдзяліў мяне слыхам. А яшчэ навобмацак адрозню расліну ад пустазелля, пад вяровачку пасаджу часнок і цыбулю, па шчабятанні вызначу віды птушак.
Здаецца, не варта тлумачыць пра тое, што за свае 55 гадоў жыцця — гэтую юбілейную дату жанчына адзначыла літаральна на днях — Галіна Хайко зведала многае. Сярод прыемных момантаў — вяселле, нараджэнне дачкі. На жаль, акрамя добразычлівых людзей, гатовых працягнуць руку дапамогі невідушчаму чалавеку, побач апынуліся і не надта спагадныя, сумленныя людзі. Сітуацый, калі жанчыну з праблемамі зроку крыўдзілі ці ашуквалі, было нямала. Але Галіна Хайко ніколькі не азлобілася ад гэтага, наадварот, даравала людзям усе крыўды і ніколі не згадвае пра іх.

…Пасля сустрэчы з Галінай Хайко некаторы час яшчэ думала, чым жа так выклікае прыхільнасць да сябе гэтая жанчына. Зразумела, што ўсё элементарна: непадробнай прастатой, сапраўднай дабрынёй, душэўным цяплом, шчырасцю, якіх так часта не дастае людзям, што вядуць паўнацэннае жыццё і не маюць нейкіх асаблівасцей у фізічным развіцці.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *