Суббота, 16 декабря 2017

Восьмиклассник СШ №3 Влад Тимощук успевает по всем предметам, играет на гитаре и мечтает продвигать достижения белорусской науки

649

Геаграфія і фізіка, матэматыка і хімія, гісторыя і англійская мова, руская і беларуская мова і літаратура… Баюся, пальцаў на руках не хопіць, каб пералічыць усе школьныя прадметы, у якіх дасягнуў поспеху вучань 8 “Б” класа СШ № 3 Улад Цімашчук.

Выключны эрудыт і інтэлектуал, устойлівы выдатнік — на працягу ўсіх школьных гадоў і па ўсіх прадметах — толькі ў гэтым годзе атрымаў восем дыпломаў вышэйшай ступені (шэсць — I і два — II) на першым (школьным) этапе рэспубліканскай алімпіяды. А не паспеў пачацца раённы этап, як ужо паклаў у скарбонку сваіх дасягненняў дыплом I ступені па матэматыцы. Нагадаем, што падобнага поспеху Улад дасягнуў і ў мінулым годзе, заваяваўшы шэсць першых месцаў і адно другое месца на школьных алімпіядах.
Гэты рознабакова развіты юнак ведае сабе цану і рэальна ацэньвае ўласныя магчымасці, ставіць перад сабой пэўныя задачы і планамерна іх вырашае. Пры гэтым ва ўсім знаходзіць нестандартныя шляхі: і ў матэматыцы, і ў хіміі, якую на дадзены момант лічыць самай цікавай навукай. Праўда, як удала жартуе Улад, табліца Мендзялеева яму ўжо даўно не сніцца, а вось хімічныя доследы, у выніку якіх атрымліваюцца шматслойныя рознакаляровыя асадкі, да гэтага часу выклікаюць у яго неапісальнае захапленне.
Аднак першай сваёй “любоўю” сярод навук Улад Цімашчук лічыць матэматыку, цікавасць да якой выявілася ў яго ўжо ў двухгадовым узросце. Як запэўніваюць бацькі, удосталь нагуляўшыся ў салдацікаў, іх малы любіў націскаць на клавішы з лічбамі на камп’ютарнай клавіятуры. Такім арыгінальным чынам Улад развіваў сваю дробную маторыку, вывучаў лічбы, а заадно самастойна навучыўся ўключаць сабе гульні і мультфільмы. Так да чатырох гадоў ужо ведаў на памяць усе серыі любімага “Ну, пачакай!”, які з задавальненнем час ад часу пераглядае і сёння. Выбар нядзіўны: хлопчыка, які валодае тонкім пачуццём гумару, прыцягвае ўсё добрае, пазітыўнае і смешнае.
Лёгкасць, адкрытасць і дабрыню яго натуры адзначаюць не толькі бацькі, сябры (іх, дарэчы, ва Улада нямнога, а тыя, што ёсць, вельмі надзейныя і адданыя), але і настаўнікі як у агульнаадукацыйнай, так і ў музычнай школе. Так, так, гэты хлопчык паспявае ўсё. У гэтым годзе ў статусе лепшых вучняў Улад Цімашчук заканчвае навучанне ў музычнай школе па класе гітары.
— Ён адказны, уважлівы, мэтанакіраваны, бесканфліктны і безадмоўны хлопчык, гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу. Педагогі ДШМ удзячны Уладу за яго імкненне асвоіць на выдатна не толькі спецыяльнасць, але і звычайна “не любімыя” дзецьмі музлітаратуру і сальфеджыа. Без удзелу гэтага вучня не абыходзіцца ні адзін канцэрт. Улад жа яшчэ іграе ў аркестры “Скамарошына” на бас-гітары! Варта пра нешта папрасіць, як адразу пачуеш: “Трэба — значыць, трэба”, — не нарадуецца на свайго выхаванца выкладчык Святлана Мікалаеўна Бартноўская.
Не нарадуюцца і бацькі на свайго сына, любімым выразам якога з маленькіх гадоў былі словы «я сам»: сам апрануся, сам паем, сам зраблю ўрокі, сам начышчу бульбы (для смачных дранікаў) і сам памыю посуд… Дарослыя давяралі Уладу ва ўсім, таму і дзякуе ён сёння бацькам за дабрыню, падтрымку, стварэнне самых спрыяльных умоў для яго творчага развіцця і… за права на адпачынак. Але што дзіўна: нават адпачывае гэты вундэркінд з карысцю. Калі ўжо бавіць час Улад Цімашчук за камп’ютарнымі гульнямі, дык толькі ў англамоўнай версіі, каб у вольны час удасканальваць сваю замежную мову: марыць паступіць у БДУ, стаць інжынерам-праграмістам і прасоўваць дасягненні беларускай навукі на сусветным рынку. Можна не сумнявацца, што так і будзе: Улад сказаў — Улад зробіць!

Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча

Один комментарий

  • Вывоз мусора

    Главное чтоб запала хватило

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *