Суббота, 16 декабря 2017

Травматолог Максим Корбут: «В медицину меня привела нелюбовь к физике и математике»

1 041

Крыху больш за год таму Максім Корбут прыбыў у Пружанскую ЦРБ на сваё першае працоўнае месца. Нягледзячы на невялікі вопыт урачэбнай дзейнасці, траўматолаг ужо заслужыў павагу і сярод пацыентаў, і сярод старэйшых калег, якія характарызуюць яго як дастаткова граматнага спецыяліста.

— У медыкі мяне прывяла нелюбоў… да фізікі і матэматыкі, — шчыра прызнаецца Максім Міхайлавіч.
Але, як высветлілася, нічога не бывае выпадкова: за гады вучобы ў Гродзенскім медуніверсітэце Максім Корбут толькі пераканаўся ў правільнасці зробленага прафесійнага выбару. З медыцынскім накірункам будучы доктар вызначаўся ўжо ўзважана:
— Падчас вучобы даводзілася і прымаць удзел у паталага-анатамічных працэдурах, і прысутнічаць на аперацыях, пры родах. Толькі пасля праходжання курса траўматалогіі зразумеў, на чым спыню свой выбар.
Год таму, акунуўшыся з галавой у працоўныя будні, Максім не расчараваўся ў сваёй рабоце. Нягледзячы на тое, што бываюць вельмі напружаныя рабочыя дні, калі за некалькі гадзін даводзіцца прымаць з пераломамі і разнастайнымі траўмамі каля паўсотні пацыентаў. Тым не менш, наплыў людзей не замінае доктару ўдзяліць неабходную ўвагу кожнаму.
Такую непадробную добрасумленнасць у адносінах да рабочага працэсу заўважае і кіраўніцтва: гавораць, малады спецыяліст вельмі хутка адаптаваўся да патрабаванняў практычнай медыцыны, якія сёння прад’яўляюцца пры амбулаторна-паліклінічнай рабоце. «І ўважлівы да пацыентаў, і старанны і скрупулёзны ў вядзенні медыцынскай дакументацыі. Такія маладыя кадры сёння нячаста прыходзяць да нас на работу», — зазначае адміністрацыя бальніцы.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *