Суббота, 16 декабря 2017

В Пружанской ЦРБ открылись кабинеты ЛФК и физиотерапии с новым оборудованием

830

Урачыстае адкрыццё кабінетаў ЛФК і фізіятэрапіі прайшло ў мінулую суботу з удзелам ганаровых гасцей. Абсталяванне, прызначанае для аздараўлення, лячэння і рэабілітацыі дзяцей і дарослага насельніцтва, было набыта, дзякуючы рэалізацыі Пружанскай райбальніцай мясцовай ініцыятывы «Здароўе чалавека — заклад здаровай нацыі» ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН).

Як зазначыў падчас прывітальнай прамовы намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Кудравец, адкрыццё сучасных кабінетаў — важная і прыемная падзея для Пружан. «Калі ў цэлым гаварыць пра 2017 год, ён аказаўся для рэгіёна дастаткова паспяховым: вельмі шмат зроблена ў сацыяльнай галіне», — засяродзіў увагу Мікалай Пятровіч. У прыватнасці, сёлета неўралагічнае аддзяленне ЦРБ пераехала ў новы будынак, уведзена ў эксплуатацыю прыбудова Ліноўскай СШ, дзе размясціліся пачатковая школа і харчблок. Сума ўкладанняў толькі ў гэтыя аб’екты сацыяльнай галіны перавысіла пяць мільёнаў рублёў. Невыпадкова сёння перад раённай уладай стаіць задача прыцягваць і інвестыцыі для вырашэння праблем, якія ёсць у гэтай вобласці. У выніку яшчэ ў 2016 годзе быў падпісаны мемарандум аб узаемнай рабоце паміж Пружанскім райвыканкамам і Праграмай развіцця ААН. У працяг гэтага ўзаемадзеяння Пружанскі раён стаў пілотным па рэалізацыі ініцыятыў, якія фінансуюцца ЕС. Сёлета магчымасць увасаблення ў жыццё атрымалі шэсць пачынанняў, сярод якіх і абсталяванне кабінетаў у нашай установе аховы здароўя. Мікалай Пятровіч выказаў спадзяванне, што, не адступаючы ад існуючага дэвіза праекта «Дзейнічаем разам», на Пружаншчыне мясцовыя ўлады ў супрацоўніцтве з Еўрапеўскім Саюзам змогуць многае змяніць для паляпшэння жыцця людзей.

Радасць гэтай падзеі разам з пружанцамі раздзяліла і каардынатар праектаў Праграмы развіцця ААН Вольга Атрошчанка. Пераступіўшы парог аддзялення, госця адзначыла, што адкрыццё новых кабінетаў у Пружанскай ЦРБ — сапраўды свята, а значыць, гэты праект на самой справе быў патрэбен. Увогуле ў ініцыятывах, якія сёлета рэалізуюцца на Пружаншчыне, існуе цеснае партнёрства: каб рэалізаваць мары і задумы, накіравалі свае намаганні органы ўлады, дзяржаўны сектар, галіна бізнэсу, грамадскія арганізацыі і іншыя. На гэтыя мэты Еўрасаюзам было выдзелена каля 100 тысяч еўра. «Толькі людзі, адданыя справе, якія маюць жаданне зрабіць штосьці добрае на карысць людзям, што жывуць побач, могуць паспрыяць накіраванню ў свой раён падтрымкі ад Праграмы развіцця ААН», — выказала сваё меркаванне Вольга Атрошчанка.
Галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ у сваю чаргу выказаў упэўненасць, што, дзякуючы рэалізацыі ініцыятывы, у раёне можна будзе знізіць інваліднасць насельніцтва, павысіць рэабілітацыйны патэнцыял дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця і знізіць узровень захворванняў на неінфекцыйную паталогію.

Права адкрыць кабінеты і перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку атрымалі Вольга Атрошчанка, Мікалай Кудравец і Віктар Дараневіч.

Дзеці з раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама маленькія пацыенты з ліку амбулаторных хворых першымі змаглі ацаніць новыя кабінеты, якія адкрыліся ў неўралагічным аддзяленні ЦРБ для аздараўлення, лячэння і рэабілітацыі жыхароў раёна. Яшчэ з раніцы з імі тут праводзілі заняткі валанцёры атрада «Дабрыня» пад кіраўніцтвам Алены Гапоненка. Да слова, юнакі і дзяўчаты з ліку навучэнцаў Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа вось ужо каторы год супрацоўнічаюць не толькі з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, але і з выхаванцамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў Сонечным і людзьмі «залатога ўзросту» з аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. У гэтых кабінетах дзятва будзе займацца выключна пад кіраўніцтвам і наглядам медыкаў, якія найлепш ведаюць характарыстыкі і прызначэнне кожнага ўстаноўленага трэнажора.

Кабінет лячэбнай фізкультуры быў абсталяваны дзіцячымі трэнажорамі — бегавой дарожкай, стэперам, велатрэнажорам. Лячыць захворванні апорна-рухальнага апарата, праводзіць рэабілітацыю аслабленых пацыентаў, а таксама распрацоўку суставаў пасля пераломаў цяпер у Пружанскай ЦРБ дазваляе вертыкалізатар-імітатар хадзьбы. Для прафілактыкі і лячэння захворванняў апорна-рухальнага апарата, умацавання сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм у падлеткаў і дарослых будзе выкарыстоўвацца бегавая дарожка.


Для кабінета фізіятэрапіі быў набыты персанальны тэрматэрапеўтычны масажор-стымулятар, які дазваляе праводзіць мерапрыемствы эфектыўнай прафілактыкі і аздараўлення па шырокім спектры захворванняў апорна-рухальнага апарата, перыферычнай нервовай сістэмы, трафічных расстройстваў нейрагеннага і сасудзістага паходжання. Акрамя таго, цяпер у бальніцы з’явілася бескантактная гідрамасажная ванна: яе выкарыстоўваюць для лячэння дзіцячых цэрэбральных паралічаў, а таксама пры захворваннях пазваночніка, пры хранічным артрыце, грыжах міжпазваночных дыскаў, міжрэбравай неўралгіі, вегетатыўнай дыстаніі, пярвічным астэапарозе і іншых.

Хутка ў бальніцы з’явіцца яшчэ такое карыснае абсталяванне, як апарат для прэсатэрапіі і лімфадрэнажу.

Нагадаем, што рэалізацыя ініцыятывы пачалася ў чэрвені. Пакуль праводзіліся тэндары на закупку абсталявання, адбывалася іх устаноўка ў новенькіх кабінетах нядаўна адкрытага неўралагічнага аддзялення, медыкі праводзілі навучальныя лекцыі і семінары ў дашкольных і агульнаадукацыйных установах як для бацькоў, так і для падлеткаў, моладзі. Падобнае мерапрыемства для бацькоў, якія ў суботу прывялі сваіх дзяцей на адкрыццё новых кабінетаў, і стала працягам афіцыйнай часткі: урач-фізіятэрапеўт Ала Мацявіна расказвала пра новыя магчымасці Пружанскай ЦРБ для рэабілітацыі дзяцей. Агульная сума выдзеленых на пакупку абсталявання і правядзенне разнастайных адукацыйных мерапрыемстваў сродкаў склала 20585 еўра.

Госці, прадстаўнікі раённай улады і кіраўніцтва бальніцы падчас агляду кабінетаў ЛФК і фізіятэрапіі абмеркавалі і праблемы абследавання насельніцтва ў аддаленых вёсках і мэтазгоднасць укаранення практыкі выязных амбулаторый.

«Падчас нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі Еўрасаюза, на якой разглядалі праекты, накіраваныя на эканамічнае развіццё Беларусі, мы сышліся на меркаванні: нельга разглядаць эканамічны росквіт краіны без сацыяльнага складніка. Калі чалавек не скардзіцца на здароўе, недастаткова навучаны, не мае якаснага вольнага часу, які ўклад у эканоміку ён можа ўнесці? Таму і кабінет, і тое, што робіцца ў рамках праекта ў сацыяльнай сферы Пружаншчыны, вельмі важна», — зазначыла Вольга Атрошчанка.

Ацэньваючы павышэнне якасці медыцынскіх паслуг — асноўную ідэю ініцыятывы Пружанскай ЦРБ — каардынатар праектаў Праграмы развіцця ААН звярнула ўвагу, што сёння далёка не ўсе сталічныя мед-установы маюць магчымасць аказваць насельніцтву аздараўленчую, рэабілітацыйную і лячэбную падтрымкі так, як у нашай бальніцы. Увагу Вольгі Атрошчанка прыцягнуў высокі ўзровень не толькі абсталяванасці, але і ўцягнутасці медперсаналу ў рэалізацыю праекта. Праўда, наколькі чаканні каардынатара ў дачыненні да ініцыятывы «Здароўе чалавека — заклад здаровай нацыі» апраўдаліся, гаварыць рана: на думку прадстаўніцы ПРААН у Беларусі, толькі час пакажа эфектыўнасць зробленага. Увогуле на Пружаншчыне яна бачыць яшчэ шмат перспектыўных накірункаў для работы не толькі ва ўзаемадзеянні з Еўрасаюзам, але і з польскім бокам, які вельмі зацікаўлены ў падтрымцы трансгранічных рэгіёнаў.

Знаёмства гасцей з Пружаншчынай і некаторай часткай шматлікіх спраў, якія сёлета былі ўвасоблены ў жыццё, дзякуючы ініцыятывам у рамках праекта «Са-дзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН), было працягнута. Дэлегацыя пабывала ў гарадскім парку, дзе сёлета ўстанавілі трыбуны летняга амфітэатра, і ў флігелі музея-сядзібы «Пружанскі палацык», дзе ў рамках яшчэ адной — апошняй у бягучым годзе — ініцыятывы «Адраджэнне аўтэнтычнага рамяства керамікі як каталізатар развіцця камернага турызму на Пружаншчыне». Старшыня Пружанскага раённага грамадскага аб’яднання «Агра-тур» Алена Ляўчук зазначыла, што гэта ўжо другая ініцыятыва, якую яна будзе рэалізоўваць пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза і дзякуючы Праграме развіцця ААН. На працягу наступных шасці месяцаў у Пружанах будуць праходзіць разнастайныя мерапрыемствы: пленэры і навучальныя семінары па стварэнні керамічных вырабаў, адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай мясцоваму ганчару Антону Такарэўскаму, вечар керамікі ў «палацыку». Як зазначыла сама Алена Міхайлаўна, галоўным вынікам ініцыятывы павінна стаць з’яўленне ў Пружанах ганчарнай майстэрні, дзе знойдзецца месца і экспазіцыям выбітных мясцовых умельцаў А.Такарэўскага і М.Тарасюка. «У Пружанах, дзе ў свой час налічвалася каля сарака керамічных майстэрняў, сёння гэтае майстэрства цалкам страчана. Хацелася б яго адрадзіць, — удакладняе мэты сваёй ініцыятывы А.М.Ляўчук.

— Спадзяёмся, што мы зможам знайсці ініцыятыўных людзей, якія валодаюць тонкасцямі майстэрства ці гатовы ім навучыцца і хацелі б працаваць у нашай майстэрні». Інтэрактыўнасць павінна стаць «фішкай» новай установы. На рэалізацыю ініцыятывы Еўрасаюз выдзеліў каля 13 тысяч еўра. Да слова, гэта апошняя з шасці ініцыятыў у рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН), якім сёлета далі шанец увасобіцца ў жыццё на Пружаншчыне.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *