Пятница, 17 августа 2018

Инспекция принудительного исполнения: долги нужно возвращать

645

На пачатку 2014 года служба судовых выканаўцаў стала самастойнай арганізацыяй, якая цяпер вядомая як інспекцыя прымусовага выканання. Сёння штатная колькасць супрацоўнікаў створанага аддзела складае восем чалавек, пры гэтым толькі трое з іх займаюцца выканаўчай дзейнасцю, астатнія — тэхнічныя работнікі. Як расказвае начальнік аддзела А.Ф. Чарнякевіч, для многіх жыхароў раёна задачы, ускладзеныя на выканаўцаў, лічацца малавядомымі. І гэта гаворыць аб тым, што пераважная большасць пружанцаў жыве па законах. Але, тым не менш, работа службы выклікае нямала пытанняў, якія паступаюць і ў рэдакцыю. Анастасія Фёдараўна пагадзілася даць адказы на іх.

— Прымусовыя выканаўцы рэалізуюць толькі рашэнні суда ці да іх паслуг могуць звяртацца і банкі?
— Сапраўды, асноўная вытворчасць складаецца з выканання прыгавораў суда па аднаўленні нанесенага ўрону або вяртанні грашовых сродкаў, але мы таксама займаемся выкананнем пастаноў, якія прымаюцца падатковай інспекцыяй, міліцыяй або службай па надзвычайных сітуацыях, камісіяй па справах непаўналетніх і гэтак далей. Банкі таксама могуць звяртацца да нас, і не толькі з рашэннем суда, а і з натарыяльным надпісам аб спагнанні пазыкі. Дадам, што летась у аддзел паступіла каля 15 тысяч выканаўчых дакументаў на суму больш за 16 мільярдаў рублёў. Сёлета адзначаецца рост і мінулагоднія рэкорды амаль пабіты.
— Калі чалавек стаў даўжніком, то ў большасці выпадкаў гэта азначае, што грошай у яго няма. Адпаведна, неабходна замяніць гэтыя грошы якой-небудзь маёмасцю. Што могуць канфіскаваць выканаўцы?
— Практычна ўсё ліквіднае (рэалізуемае), за выключэннем спецыяльнага спіса, у які ўваходзіць жыццёва неабходная маёмасць, напрыклад, адзін халадзільнік, адна канапа, асабістае адзенне, а таксама прылады працы згодна з прафесіяй даўжніка. Усё астатняе, пачынаючы ад мікрахвалевых печаў і заканчваючы нават будзільнікам, падлягае канфіскацыі ў залік даўгоў.
— Якім чынам устанаўліваецца кошт канфіскаваных рэчаў? Напрыклад, у мяне забралі тэлевізар, які я набыў за тысячу рублёў, а ацанілі яго толькі на 700.
— Выканаўцы не займаюцца продажам маёмасці, а перадаюць яе ў рэалізацыю гандлёвай арганізацыі. Варта адзначыць, што абавязковай ацэнцы падлягаюць толькі аўтамабілі, нерухомасць і маёмасць, кошт якой перавышае 1000 базавых велічынь. Кошт астатняга вызначаецца, зыходзячы з рыначных умоў. Напрыклад, той жа тэлевізар, набыты за тысячу рублёў, па такой цане ніхто не купіць, а з улікам перыяду эксплуатацыі яго кошт, вядома, яшчэ зніжаецца. Таму і выстаўляецца больш справядлівая цана.
— Ці могуць канфіскаваныя рэчы вярнуцца да сваіх былых гаспадароў і ў якіх сітуацыях гэтак здараецца?
— Сапраўды, чалавек можа разгубіцца і не паказаць дакументы на права ўласнасці, тым больш што нашы сустрэчы праходзяць не з прыемнай нагоды. Таму даецца дзесяць дзён на абскарджанне акта арышту маёмасці. Напрыклад, у даўжніка была адабрана маёмасць, прыналежнасць якой іншай асобе ён потым даказаў, а значыць, зможа забраць назад арыштаванае. Таксама ён можа ў дзесяцідзённы перыяд аплаціць доўг і прынесці нам дакументы, якія пацвярджаюць вяртанне грошай або кампенсацыю ўрону. Здараліся ў нас і такія выпадкі, калі чалавек прыходзіў праз 15 дзён за арыштаваным ноўтбукам з квітанцыяй, якая пацвярджала аплату штрафу.
— Жанчына даведалася, што да яе кватарантаў павінны прыйсці выканаўцы, бо яны запазычылі банку вялікую суму грошай. Але што ў іх будуць канфіскоўваць, калі ў кватэры ёсць і яе рэчы?
— Зусім нядаўна з такой жа сітуацыяй сутыкнуліся супрацоўнікі нашага аддзела. І вырашылася яна без усялякіх прэтэнзій, бо ўладальнік кватэры прад’явіў дагавор найму, у якім была пералічана яго маёмасць. Таму раю абавязкова заключаць падобныя афіцыйныя дамовы, апісваць у іх усю маёмасць, якая знаходзіцца ў кватэры. А калі такі дагавор не быў заключаны, то мы можам яшчэ і паведаміць у падатковую інспекцыю пра тое, што ўладальнік здаваемай нерухомасці ўхіляецца ад аплаты падаткаў.
— Мужчыне патэлефанавалі выканаўцы з паведамленнем, што прыйдуць апісваць маёмасць. Але ён з-за графіка сваёй работы рэдка бывае дома і спецыяльна чакаць супрацоўнікаў не жадае.
— Скажу, што выкананне такіх правядзенняў зараз не мае часовых абмежаванняў, а значыць, хавацца ад нас дарэмна. Тым больш што мы шчыльна супрацоўнічаем з райаддзелам унутраных спраў: калі даўжнік не адчыняе дзверы і хаваецца ад выканаўцаў, то па нашым запыце выпісваецца пастанова аб прымусовым дастаўленні адказнай асобы да нас. А потым разам з грамадзянінам мы накіроўваемся на вопіс маёмасці. У асобных выпадках дазваляецца ў прысутнасці супрацоўніка праваахоўных органаў ускрыць памяшканне. Яшчэ дадам, што мы можам прыйсці ў любы дзень з 6 гадзін раніцы і да 10 гадзін вечара, прычым на гэта нам непатрэбны спецыяльны дазвол якой-небудзь іншай праваахоўнай службы. Таму дарэмна патрабаваць ад нас «ордар ад пракурора».
Здараюцца сітуацыі, калі ўладальнікі жылля пагражаюць супрацоўнікам інспекцыі і нават прымяняюць сілу. Падобны выпадак быў з нашай супрацоўніцай, калі яе (а ў нас у аддзеле працуюць жанчыны) мужчына выпхнуў за дзверы. У выніку ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці і атрымаў адпаведнае пакаранне за падобныя дзеянні.
— Чалавек пачаў выплачваць доўг у выглядзе аліментаў, але чаму ў дачыненні да яго ўзбудзілі крымінальную справу за гэтую запазычанасць?
— Гэта даволі частая памылка грамадзян, якія лічаць, што падобныя даўгі можна выплачваць часткамі. Варта ведаць, што заканадаўства не прадугледжвае такую магчымасць, а запазычанасць, асабліва за ўтрыманне іх дзяцей дзяржавай, павінна кампенсавацца поўнасцю і адразу. Хутчэй за ўсё, так зрабіў і грамадзянін: аплачваў часткамі, праз некаторы час перыяд запазычанасці дасягнуў таго тэрміну, калі ў дачыненні да яе надыходзіць крымінальная адказнасць.
Гутарыў Алег Сідарэнка.
Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *