Среда, 25 апреля 2018

Снайпер… с хоккейной клюшкой. Роману Чижевскому — 25!

940

Рамана Чыжэўскага выдатна ведаюць усе аматары хакея ў Пружанах. Пяць гадоў ён плённа выступае за каманду “Пружанскія кіты”, якая чатыры гады запар станавілася пераможцай у сваёй лізе і толькі ў папярэднім сезоне саступіла па булітах ХК “ЖБК” (г. Кобрын). Неаднаразова Раман станавіўся лепшым бамбардзірам турніру. А сёлета яго запрасілі ў ХК “Бастыён”, які гуляе ў чэмпіянаце горада Мінска сярод аматарскіх каманд (Другая ліга). Больш за тое, на дадзены момант Раман і ў гэтым чэмпіянаце знаходзіцца ў версе табліцы лепшых бамбардзіраў і снайпераў.

— Раман, мне вось што асабліва цікава: як ты дасягнуў такіх поспехаў менавіта ў хакеі? Лядовы палац у Пружанах пабудавалі, калі табе было ўжо 15 гадоў. Ці не позна ты пачаў?
— Сапраўды, калі я паспрабаваў запісацца ў ДЮСШ №2 на аддзяленне хакея, мне адмовілі па прычыне майго ўзросту. Але я так марыў пра гэты від спорту, што ўгаварыў трэнера дазволіць мне наведваць трэніроўкі. А да гэтага, зразумела, як і ў многіх хлапчукоў, у мяне быў вопыт гульні ў “дваровы” хакей.
— А можа, да хакея ты займаўся іншым відам спорту і гэта дапамагло набраць табе форму?
— Калі чэсна, я быў вымушаны скончыць музычную школу па класе акардэона. Мама вельмі настойвала. Таму было не да спорту. Я выканаў маміна пажаданне і прыступіў да здзяйснення сваёй мары. Дарэчы, мара працягвае збывацца: зараз я студэнт трэцяга курса БрДУ імя Пушкіна па спецыяльнасці “Трэнер-выкладчык”. Да гэтага была вучоба ў СШ №5 і Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы.
— Ці паспяваеш ты гуляць у двух чэмпіянатах?
— На жаль, у гэтым сезоне за “Кітоў” згуляў толькі ў адным матчы. Але планую згуляць супраць ХК “Гарынь” у матчы, які адбудзецца ў Пружанах сёння ў 11.45. Што тычыцца гульні за ХК “Бастыён”, то дзеля гэтага я нават пераехаў у Мінск. Трэба прызнаць, што ўзровень гульні там значна вышэйшы. Трэніруе нас Дзмітрый Баскаў – дырэктар СДЮШАР па хакеі з шайбай. Дапамагае мне ў гэтым чэмпіянаце тое, што даводзіцца гуляць разам са сваімі сябрамі і калегамі па “Кітах” Андрэем Ганчаровым і Сяргеем Старавойтавым (Сяргей таксама пераехаў у Мінск дзеля хакея). І ў “Кітах”, і ў “Бастыёне” мы гуляем у адным звяне.
— Ведаю, што ты выступаеш пад №8 нездарма. Падзяліся, калі ласка, з нашымі чытачамі.
— Тут усё проста. Пад №8 гуляе мой кумір Аляксандр Авечкін. Я захапляўся яго гульнёй яшчэ да таго, як сам трапіў у хакей. Мне вельмі падабаецца стыль яго гульні, мэтанакіраванасць, рашучасць пры атацы. Зразумела, што я хачу быць на яго падобным.
— А чым ты захапляешся акрамя хакея?
— На самай справе, у мяне зараз адно захапленне — хакей. Апрача таго, што сам гуляю, я яшчэ з’яўляюся суддзёй беларускай Федэрацыі хакея, абслугоўваю матчы. Таму і цікавіць мяне ўсё, што звязана з гэтым відам спорту.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.
Фота Дзмітрыя Міхеева і з архіва Рамана.

P.S Сёння хакеісту Раману Чыжэўскаму спаўняецца 25 гадоў! Новых перамог табе, Раман!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *