Пятница, 17 августа 2018

Детский сад №4 отметил 50-летие!

867

Шыкоўныя букеты з жоўтых і белых хрызантэм, паветраныя шарыкі, мора ўсмешак дзяцей і дарослых… Юбілейны вечар, прысвечаны 50-годдзю ДУА «Яслі-сад № 4 г. Пружаны», ператварыўся ў сапраўднае свята душы для ўсіх, хто прыйшоў у мінулую пятніцу павіншаваць работнікаў і наведвальнікаў гэтай установы.

Галоўнымі героямі імпрэзы сталі прыгожыя дзеткі, якія радавалі гасцей цудоўнымі танцамі, песнямі і чытаннем вершаў. Кожная група садзіка – ад малодшай да старэйшай – падрыхтавала свой арыгінальны нумар. Зала ажывала ад шчырых выступленняў, старанна падрыхтаваных выхавацелямі і іх падапечнымі. Усё было зроблена прафесійна: канцэртныя нумары ўдала чаргаваліся з гістарычнай канвой, адлюстраванай у мультымедыйнай прэзентацыі.

Як усё пачыналася…
Створана гэтая ўстанова была ў 1967 годзе. Першапачаткова дзіцячы сад №2 належыў вайсковай часці № 18288 ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. Тады дзеткі разам са сваімі бацькамі ўвайшлі ў новы, утульны, непадобны на іншыя дзіцячыя сады горада будынак па вуліцы Набярэжнай. Толькі праз гады, у 1994-м, «ваенны» садок быў перададзены на баланс аддзела адукацыі Пружанскага райвыканкама, а пасля перайменаваны ў ДУА «Яслі-сад № 4 г. Пружаны».

Першае дзесяцігоддзе
50 гадоў таму на працу сюды прыйшлі Людміла Іосіфаўна Мароз, Эма Іосіфаўна Іскаліева, Марыя Лявонцьеўна Аляксоніс, Лёля Іванаўна Кастаглодава, Лідзія Уладзіміраўна Пустабаева… Менавіта гэтыя жанчыны закладвалі тут лепшыя традыцыі. Вось чаму столькі слоў падзякі адрасавалася менавіта ім. А разам з гэтым — падарункі і кветкі.
Нечаканым сюрпрызам аказаўся віншавальны ліст, які даслала першая загадчыца садка Раіса Пятроўна Краўцова з Растова-на-Доне, дзе пражывае цяпер.

Новая хваля
У 2005 годзе ва ўстанову прыйшоў новы кіраўнік Галіна Міхайлаўна Аляхновіч. Яна працягнула закладзеныя традыцыі і занялася пошукам новых форм і метадаў работы. Пад яе ўпэўненым кіраўніцтвам педагагічны калектыў імкнуўся зрабіць усё магчымае, каб дзецям было камфортна і цікава. Паступова дзіцячы сад набываў сваю непаўторнасць.
Першым новаўвядзеннем Галіны Міхайлаўны стала работа над праектам па духоўна-маральным выхаванні дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа. Праект, рэалізацыя якога адбывалася сумесна з духавенствам Свята-Аляксандра-Неўскага сабора, стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу «Слова ў абарону маральнасці, здароўя і жыцця» і быў прадстаўлены на рэспубліканскім выязным семінары «Праваслаўныя святыні беларускага народа». У рамках праекта ў садку рэгулярна арганізоўваюцца экскурсіі ў храм і ў створаны пры ім музей. Акрамя таго, у яслях-садзе шырока адзначаюцца такія царкоўныя святы, як Вялікдзень і Ражство Хрыстова, на якія абавязкова запрашаюцца клірыкі пружанскага сабора. Прысутнічалі яны і на юбілейным вечары, дзе за шматгадовае супрацоўніцтва ў справе духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення ўзнагародзілі граматай кіраўніка ўстановы.
— Не памылюся, калі скажу, што дзяцінства — гэта самая радасная і святая пара жыцця, — пачаў сваё выступленне настаяцель храма протаіерэй Міхаіл Носка. — Таму, што дзіцячая непасрэднасць, духоўная чысціня і сардэчная прастата могуць выратаваць чалавецтва. На жаль, у дарослым жыцці прастадушнасць звычайна кудысьці знікае, і толькі некаторым удаецца яе нейкім цудам захаваць. Не апошняя роля ў гэтым належыць і дзіцячым садкам, якія закладваюць у юныя душы дабро.

Выхаванне свядомых грамадзян Беларусі
Так называецца яшчэ адзін праект дзіцячага садка № 4, які заслугоўвае асаблівай увагі. Тры гады ўстанова плённа працавала над ім разам з работнікамі дзіцячай раённай бібліятэкі. У выніку ў садку з’явіўся цудоўны этнаграфічны куток, рэгулярна ладзяцца беларускія святы, вячоркі, а кожны чацвер дзеці і супрацоўнікі размаўляюць на беларускай мове. І, як даказала выступленне дзяцей старэйшай групы інтэграванага навучання пад кіраўніцтвам Святланы Віктараўны Белагуравай, робяць гэта з вялікім задавальненнем!
Гэтыя і многія іншыя праекты ўстановы, з якімі яна вызначылася на абласных і рэспубліканскіх конкурсах, паказалі, што яслі-сад №4 — адна вялікая і дружная сям’я ўлюбёных у сваю справу, добрых людзей, якія нясуць цяпло і ўтульнасць нашым дзецям.

Успаміны
Шчырыя словы гучалі ў той дзень не толькі ад ветэранаў-калег, бацькоў выхаванцаў, а таксама і ад выпускнікоў мінулых гадоў.
— Я аднагодка сада, — дзялілася сваімі ўспамінамі былая выхаванка, а цяпер ужо выхавальніца Таццяна Віктараўна Строк. —Мы разам з ім раслі і развіваліся. Цяпер шмат што раздзяляе нас, тых маленькіх дзяцей, якія ў канцы 60-х пераступілі парог гэтай установы, і сучасных выхаванцаў. Так, у нас не было такіх прыгожых туфлікаў і сукенак, усе святочныя ўборы былі пашыты са звычайнай марлі, затое мы ўжо ўмелі ўзбіваць сметанковае масла з хатніх вяршкоў і не па чутках ведалі, што такое, напрыклад, калаўрот і як атрымліваецца пража. У свой час мы набівалі біткі ад ваксы або карамелі пяском і гулялі ў класікі. Потым, адпачыўшы крыху ў ціхую гадзіну, беглі ў сквер з сачкамі лавіць матылькоў. Дзякуй выхавальніцы Лёлі Іванаўне Кастаглодавай за магчымасць спазнаць прыгажосць прыроды.

Віншаванні і ўзнагароды
І зноў загучалі віншавальныя прамовы. Здароўя, росквіту і стабільнасці пажадаў калектыву і выхаванцам намеснік старшыні райвыканкама М.П. Кудравец:
— На гэтым юбілейным вечары кожны з нас крыху памаладзеў душой. Нас віталі дзеці — сапраўдныя, добрыя людзі, якіх вы выхоўваеце на моцным падмурку народных традыцый. 50 гадоў — гэта вялікая кніга гісторыі. Шчыра жадаю яе далейшага развіцця, — адзначыў Мікалай Пятровіч і ад райвыканкама ўручыў калектыву каштоўны падарунак, а таксама за шматгадовую працу ў сферы дашкольнай адукацыі і ў сувязі з пяцідзесяцігоддзем ясляў-сада ўзнагародзіў Падзячнымі лістамі былога кіраўніка Лідзію Уладзіміраўну Пустабаеву і выхавальніцу сада Жанну Мікалаеўну Севасцьянчук.
Ганаровыя граматы і падарункі былі ўручаны калектыву і ад аддзела адукацыі, спорту і турызму і ад раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. У адказ дырэктар сада № 4 Галіна Аляхновіч выказала словы ўдзячнасці ўсім гасцям, у тым ліку шэфам — начальніку ПМК-22 І.П. Нінічуку і дырэктару КВП «Камунальнік» А.Ф. Шопіку — за ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы і за дапамогу ў добраўпарадкаванні яе тэрыторыі.
Не абышоўся юбілей без святочнага торта з запаленымі свечкамі і песні «Мы жадаем шчасця вам», якую на адным дыханні выканалі для гасцей супрацоўнікі садка.
…Скончылася свята, разышліся госці, а для ясляў-садка №4 зноў пачаліся будні, поўныя творчых знаходак і педагагічных перамог.

НА ЗДЫМКАХ: падчас святкавання 50-годдзя дзіцячага садка №4.

Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *