Пятница, 29 марта 2024

Льготное строительство: сделай всего один шаг к мечте!

1 286

Сваё жыллё? Зрабі да мары адзін крок!

З 6 жніўня ўступіў у сілу Указ №240 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў», згодна з якім уведзены новы від дапамогі — дзяржаўныя субсідыі — сацыяльным катэгорыям беларусаў, якім патрэбна палепшыць жыллёвыя ўмовы. Варта адзначыць, што з новым нарматыўным дакументам значна пашырыліся магчымасці займець новае або рэканструяваць старое жыллё. І пры гэтым, як сцвярджаюць эксперты, амаль што бясплатна, дзякуючы дзяржаўнаму фінансаванню. Паспрабуем разабрацца, якія перавагі і шанцы атрымліваюць жыхары менавіта нашага раёна.

У першую чаргу, Указ №240 накіраваны на паляпшэнне жыллёвых умоў шматдзетных сем’яў. І цяпер такая магчымасць, як паведамляе намеснік старшыні райвыканкама С.М.Гук, з’явілася ў 239 шматдзетных сем’яў, якім гэта патрэбна.

На якія мэты выдзяляецца дзяржаўная субсідыя?

Дзяржаўная падтрымка выдзяляецца тым, хто вырашыў пабудаваць кватэру ў шматпавярхоўцы або займаецца ўзвядзеннем індывідуальнага жылля. Калі ж жыллё ёсць, але месца ў ім не хапае, то з дапамогай субсідыі будзе проста зрабіць расшырэнне ці рэканструкцыю.

Даведка «РБ». Калі ёсць такое жаданне, то яго ажыццяўленнем варта заняцца ўжо сёння. Справа ў тым, што ў бягучым годзе наш раён атрымаў сродкі на рэалізацыю Указа №240, зыходзячы з тых звестак, якія даў Пружанскі райвыканкам. Калі жадаючых скарыстацца дзяржаўнай падтрымкай не знойдзецца ці іх колькасць будзе нязначнай, то фінансаванне могуць скараціць. Або ўвогуле грошы «перакінуць» на іншыя раёны, жыхары якіх праяўляюць большую актыўнасць.

Ці важна, якую рэгістрацыю мае грамадзянін, што жадае скарыстацца дзяржаўнай дапамогай?

Гэта акалічнасць увогуле не вызначаецца. Таму, калі вы жадаеце пераехаць з вёскі ў горад ці ў г.п.Ружаны, то такая магчымасць ёсць як у гэтым, так і ў наступным годзе: у праграму на 2018 год (адпаведна з умовамі Указа №240) уключана ўзвядзенне яшчэ аднаго 40-кватэрнага дома ў гарадскім мікрараёне «Паўночны». А ў дадатак на тых жа ўмовах запланавана будаўніцтва 40-кватэрнай шматпавярхоўкі па вуліцы К.Марача ў Ружанах.

Даведка «РБ». Атрымаць дзяржаўную падтрымку могуць і тыя, хто мае жыллё, але яно не падыходзіць па вызначаных умовах дзяржаўных стандартаў: меншае па плошчы, не мае зручнасцей і іншае. Аднак пры атрыманні дзяржаўнай субсідыі плошча гэтай нерухомасці будзе вылічвацца з нарматыўных «квадратаў»: калі ў сям’і з пяці чалавек ёсць ва ўласнасці аднапакаёвая кватэра плошчай 30 квадратных метраў, то замест 100 «квадратаў» субсідзіраванне закране толькі 70.

Хто можа звярнуцца па дзяржаўную субсідыю?

Спіс катэгорый грамадзян складаецца з дзвюх частак: першая — з тых, хто мае пазачарговае права, і другая — з тых, хто знаходзіцца ў парадку агульнай чаргі. Першы спіс узначальваюць шматдзетныя сем’і. Калі бацькі выхоўваюць трох непаўналетніх дзяцей, то, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, яны могуць пагасіць 95% ад сумы ўзятага на будаўніцтва (рэканструкцыю) крэдыту. Для тых, хто выхоўвае чатырох і больш непаўналетніх дзяцей, прадугледжана 100% пагашэнне. Тым жа шматдзетным сем’ям, у якіх ёсць на выхаванні паўналетнія дзеці, якія не дасягнулі 23-гадовага ўзросту, даецца магчымасць скарыстацца дзяржаўнай падтрымкай на аплату часткі працэнтаў па крэдыце.

Даведка «РБ». Трэба ведаць і вельмі цікавую акалічнасць. Напрыклад, аднаму з дзяцей хутка споўніцца 18 гадоў, а будавацца сям’я мяркуе ў наступным годзе. Спецыялісты райвыканкама раяць як мага хутчэй аформіць неабходныя дакументы, бо патрабаванне наконт выхавання непаўналетніх дзейнічае толькі да падпісання дагавора на будаўніцтва або рэканструкцыю. А потым ніякіх абмежаванняў ужо няма.

Таксама ў спіс ільготных катэгорый уключаны тыя, хто пацярпеў з-за наступстваў катастрофы на ЧАЭС, сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, інваліды дзяцінства І і ІІ груп, ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, уключаныя ў п.1-3 ч.3 арт.3 Закона «Аб ветэранах». Усяго 18 катэгорый, з поўным спісам якіх можна азнаёміцца на сайце http://www.pravo.by.

Напэўна, ёсць складанасці з афармленнем?

Спецыялісты аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама самастойна рыхтуюць пісьмы да тых, хто стаіць на адпаведным уліку. На сённяшні дзень запрашэнні на кансультацыю атрымала каля 100 чалавек. Такая работа будзе весціся і далей, пакуль поўнасцю не будзе ўкамплектаваны спіс жадаючых уступіць у запланаванае на 2017-2018 гады будаўніцтва жылых дамоў. Пэўная колькасць такіх людзей ужо ёсць, але «месцы» яшчэ застаюцца.

У райвыканкаме растлумачаць умовы і парадак атрымання дзяржаўнай падтрымкі і накіруюць тых, хто мае права на субсідыю, да заказчыка, з якім неабходна заключыць дагавор на будаўніцтва жылля. Пасля  ў выканкам даецца заява з дакументамі аб выдзяленні заяўніку адраснай дапамогі. З улікам складу сям’і, жылой плошчы ва ўласнасці вызначаецца максімальны памер крэдыту і прымаецца рашэнне аб субсідзіраванні. Менавіта гэты дакумент і трэба аднесці ў Беларусбанк або Белаграпрамбанк для заключэння крэдытнай дамовы.

Даведка «РБ». Ніякіх грошай «на рукі» заяўнік не атрымае. Сродкі на пагашэнне банкаўскай пазыкі або яе працэнтнай часткі будуць пералічаны непасрэдна фінансавай установе.

Ці не будзе затрымак з фінансаваннем?

У бюджэце раёна пад гэты нарматыўны дакумент ужо закладзены сродкі. У выніку можна нават напярэдадні навагодніх святаў справіць уваходзіны ў 40-кватэрным доме, які пабудаваны па вуліцы Інтэрнацыянальнай, дзе пэўная доля кватэр (14) адведзена на паляпшэнне жыллёвых умоў шмат-дзетных сем’яў і іншых сацыяльных катэгорый грамадзян. Прадугледжана фінансавая падтрымка і на наступны год тым, хто мяркуе займацца вырашэннем адпаведнага пытання пазней.

Даведка «РБ». Хуткасць вырашэння гэтага пытання поў-насцю залежыць ад жадаючага атрымаць дапамогу. Справа ў тым, што неабходна сабраць пакет адпаведных дакументаў, якія пацвярджаюць такое права і вызначаюць іншыя ўмовы. Напрыклад, за аплату па звароце грамадзяніна гэта можна зрабіць у БТІ.

Цяпер паспрабуем разгледзець некаторыя прыклады разлікаў, але перад гэтым зазначым, што Указ №240 прадугледжвае субсідыі, зыходзячы з нарматыву 20 квадратных метраў на чалавека пры кошце аднаго «квадрата» 660 рублёў.

Прыклад 1. Сям’я з трох чалавек, якая мае дзіця-інваліда, была накіравана на долевае будаўніцтва трохпакаёвай кватэры плошчай 70 квадратных метраў. Па нарматывах субсідзіравання яна мае права на дзяржаўную дапамогу на выплату часткі працэнтаў у памеры 35 640 рублёў.

Прыклад 2. Шматдзетная сям’я з трыма дзецьмі бярэ крэдыт на індывідуальнае будаўніцтва дома. Максімальны нарміраваны кошт жылога памяшкання для атрымання субсідый гэтай шматдзетнай сям’і (без уліку кошту гаспадарчых пабудоў) складзе 66 тысяч рублёў. А дзяржаўная дапамога з улікам кошту ўзвядзення прадугледжаных праектнай дакументацыяй гаспабудоў складзе 79 200 рублёў.

Прыклад 3. Сям’я з трох чалавек, якая мае дзіця-інваліда, была накіравана на долевае будаўніцтва трохпакаёвай кватэры. Аднак, пакуль кватэру будавалі, у сям’і нарадзілася яшчэ адно дзіця. А таму максімальны нарміраваны кошт жылога памяшкання для атрымання субсідыі на выплату часткі працэнтаў дадзенай сям’і пералічылі. У выніку яна склала 47 520 рублёў.

Магчыма, мы закранулі не ўсе пытанні, якія могуць узнікнуць па гэтай тэме. Больш падрабязную кансультацыю можна атрымаць у спецыялістаў аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама па тэл.: 9-06-74, 2-12-61.

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *