Суббота, 16 декабря 2017

Поздравляем с Днем автомобилиста и дорожника!

398

Большасць дарог на тэрыторыі нашага раёна абслугоўвае ДРБУ-140. І бягучы год, як зазначае дырэктар дарожнай арганізацыі А.В.Субота, можна лічыць самым «ураджайным» у плане абнаўлення дарожнай сеткі на Пружаншчыне.

— На рэалізацыю планаў гэтага года нам было выдзелена 2,5 мільёна рублёў, і мы іх асвоілі з апераджэннем графікаў,— паведамляе Аляксандр Васільевіч.— Усе планы былі распрацаваны на цэлы год, але мы справіліся практычна за 10 месяцаў. Дзякуючы гэтаму змаглі прыступіць да рэалізацыі работ па асобных дагаворах, напрыклад, працуем ужо на добраўпарадкаванні тэрыторыі машыннага двара ААТ «Велікасельскае Агра». Потым прыступім да рамонту вуліц у вёсках Арабнікі і Белы Лясок.

— На якія мэты былі патрачаны гэтыя сродкі?

— Выкананы бягучы рамонт 5,6 кіламетраў дарогі Дабучын-Труханавічы і ўезду ў вёску Роўбіцк. А таксама напрыканцы кастрычніка будзе здадзены трэці аб’ект — капітальны рамонт 1,8 кіламетраў участка Ружаны-Варанілавічы-Астравок.

Дарэчы, у стварэнні асфальтабетоннага пакрыцця выкарыстоўвалі ўласныя эмульсійна-мінеральныя сумесі, што не толькі дазволіла знізіць сабекошт работ, але значна палепшыла якасць дарожнай паверхні. Для прыкладу зазначу, што ўпершыню падобная тэхналогія была адпрацавана на трасе Жадзены-Ляжайка ў 2003 годзе: толькі нядаўна там з’явіліся невялікія ямачкі.

— Аляксандр Васільевіч, атрымліваецца, што дарожнікі на працягу года і напярэдадні прафесійнага свята робяць падарункі жыхарам раёна. А для сябе які-небудзь падарунак удалося зрабіць? Магчыма, пашчасціла абнавіць тэхнічную базу?

— На жаль, адзінае наша абнаўленне — рэканструкцыя двух пескараскідвальнікаў. Хаця гэта «кропля ў моры», бо знос тэхнікі ўжо перавышае 90%. Спадзяёмся на наступныя гады, бо ёсць звесткі, што сітуацыя павінна змяніцца ў лепшы бок. Пакуль жа пастаянна рамантуем, падтрымліваем у рабочым стане ўсе аўтамабілі і трактары. І яны нас не падводзяць, таму і перад пачаткам зімняга сезона мы, як кажуць, у «поўнай баявой гатоўнасці».

— Атрымліваецца, што названыя вышэй дасягненні ўдалося рэалізаваць толькі дзякуючы адданай працы работнікаў ДРБУ-140?

— Гэта цалкам адпавядае рэчаіснасці. Добрасумленнасць кожнага дарожніка нашай арганізацыі, інжынерна-тэхнічных работнікаў пацвярджаецца ўжо дасягнутымі вынікамі. Як і спецыфікай нашай работы: у надыходзячым халодным сезоне, калі працоўны дзень для нас увогуле страціць якія-небудзь рамкі, давядзецца працаваць і днём, і ноччу. І нават больш за ўсё менавіта ў цёмны час сутак, каб са світаннем вадзіцелі мелі магчымасць рухацца па ачышчаных ад снегу дарогах.

Магу смела сказаць, што работнікі ДРБУ-140 ніколі не падвядуць. Сярод тых, хто ўжо адпрацаваў 15, 20 і нават 40 гадоў, варта адзначыць грэйдарыста М.М.Чарапеньку, вадзіцеляў пагрузчыка Б.Р. Дземідовіча і І.М.Чатырбока, галоўнага бухгалтара З.С.Тучу, начальніка планава-вытворчага сектара С.А.Чучкевіч. Нашай моладдзю я таксама ганаруся: напрыклад, за год работы паспеў ужо зарабіць аўтарытэт малады майстар Яўген Паюта, якога калегі лічаць граматным і адказным спецыялістам.

— Тое, што зроблена сёлета, аўтамабілісты раёна паспелі ўжо ацаніць. А ці варта чакаць такіх жа «падарункаў» у наступныя гады?

— Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджана Дзяржаўная праграма аднаўлення дарожнага фонду краіны, згодна з якой на Пружаншчыне да 2020 года павінна быць адрамантавана 37 кіламетраў дарог. З аднаго боку, гэта можа здасца нязначным, але ўсё пазнаецца ў параўнанні. Напрыклад, для жыхароў Купіч або Шарашэва вельмі важнае значэнне мае той факт, што паміж гэтымі населенымі пунктамі хутка павінна з’явіцца асфальтаваная дарога. Такую ж патрэбу маюць і вадзіцелі, якія часта карыстаюцца дарогамі ад  Асошнікаў да Ружан, ад  Муравы да Сухопаля, ад Смалян да Загор’я, ад Дома дарожніка да Шаней, а таксама пад’ездамі да в.Сухопаль.

— Задавальняе, што ёсць такія планы, а значыць, і работа дарожнікам таксама будзе. У сувязі з гэтым, а таксама з нагоды прафесійнага свята што б Вы пажадалі сваім калегам?

— Жадаю здароўя тым, хто зараз працуе на дарогах, і тым, хто ўжо знахо-дзіцца на заслужаным адпачынку. Зычу матэрыяльнага дабрабыту, каб дарожнікі ганарыліся сваёй работай, а разам з імі — і іх сем’і. І, вядома, каб усе планы здзяйсняліся менавіта так, як хочацца.

На здымках: машыніст асфальтаўкладчыка Уладзімір Канстанцінавіч Жабрун; вадзіцель пагрузчыка «Амкадор» Іван Мікалаевіч Чатырбок.

Алег СІДАРЭНКА,

             Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *