Суббота, 16 декабря 2017

Поздравляем Департамент охраны: службе — 65 лет!

479

Сёння пад наглядам Пружанскага аддзела Дэпартамента аховы знаходзіцца па раёне амаль 400 аб’ектаў: гэта каля 200 кватэр і больш за 170 аб’ектаў рознай формы ўласнасці. Варта адзначыць, што менавіта супрацоўнікі службы аховы аднымі з першых прыбываюць на дапамогу пацярпелым: практычна кожныя суткі адбываецца па некалькі трывожных выклікаў, выездаў на званкі, якія паступаюць у дзяжурную міліцэйскую службу «102». Заўсёдная гатоўнасць прыйсці на дапамогу пацярпелым адрознівае работу людзей, якія носяць на шэўроне кіцеля выяву савы.

— Ахова — адна з самых дынамічных службаў міліцыі, — гаворыць начальнік Пружанскага аддзела Дэпартамента аховы Алег Акуневіч. — Падраздзяленне валодае тэхнічнымі навінкамі, укараняе сучасныя падыходы для захавання бяспекі.

Пацверджаннем таго, што ў Пружанах сапраўды ідуць у нагу з часам і выконваюць усе пастаўленыя перад службай задачы, з’яўляюцца статыстыка папярэджання злачынных замахаў на ахоўваемую маёмасць, шматлікія ўзнагароды за разнастайныя дасягненні. Абедзве спробы пранікнення на ахоўваемыя аб’екты былі своечасова прадухілены, зламыснікі затрыманы. Работа пружанцаў была прызнана адной з лепшых сярод падраздзяленняў вобласці. За што напярэдадні прафесійнага свята кіраўнік райаддзела і атрымаў Ганаровую грамату ад ведамства за забеспячэнне высокай эфектыўнасці працы, а ад упраўлення Следчага камітэта вобласці — падзяку за эфектыўнае садзейнічанне ў рашэнні ўскладзеных на СК задач.

Дарэчы, з пачатку года супрацоўнікамі аддзела аховы сумесна са службамі РАУС было раскрыта 17 злачынстваў.

Пружанскія міліцыянеры аховы могуць пахваліцца і фізічнай падрыхтоўкай — немалаважным складнікам характарыстыкі добрага праваахоўніка. Адно з апошніх спартыўных дасягненняў калектыву — трэцяе месца ў вобласці па службовым шматбор’і, якое праводзілася сярод падраздзяленняў Брэстчыны. Бронзавым прызёрам вярнуўся з міжнародных спаборніцтваў у Польшчы пружанскі бягун — міліцыянер Аляксандр Кунда.

Трымаюць марку і кінолагі. Алішэр Хаджаеў і Сяргей Пашкевіч, адны з лепшых сабакаводаў у нашай вобласці, на днях працавалі са сваімі службовымі сабакамі ў складзе зводнага атрада Дэпартамента аховы на суседняй Гродзеншчыне: удзельнічалі ў пошуках зніклага хлопчыка ў Новым Двары.  

— Да 65-годдзя з дня стварэння службы мы наблізіліся на дастаткова высокім узроўні. Дасягненні Пружанскага аддзела — безумоўна, заслуга ўсяго калектыву: толькі дзякуючы зладжанай, прафесіянальнай, удасканаленай рабоце, нам удаецца, як кажуць, трымаць марку, — зазначае А.У.Акуневіч. — Таму сёння хочацца павіншаваць людзей, якія маюць дачыненне да службы аховы: і тых, хто быў ля вытокаў, і тых, хто сёння стаіць на варце парадку — супрацоўнікаў, грамадзянскі персанал, ветэранаў. Дзякуй за тое, што вы прысвяцілі сябе такой высакароднай справе. Жадаю ўсім моцнага здароўя і дабрабыту вашым сем’ям.

На здымку: міліцыянеры групы затрымання — вадзіцель Дзяніс Чатырбок і кінолаг Андрэй Гаўра са службовым сабакам Ронай; Алег Акуневіч: «Узнагароды — адно з пацверджанняў прафесіяналізму калектыву».

Марына ВАКУЛЬСКАЯ,   

                         Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *